Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Любоў і нянавісьць да Пуціна: як літоўцы рэагуюць на расейскую агрэсію


Хоць у публічнай прасторы і ў замежнай палітыцы Літвы пануе даволі радыкальная, рэзка «антыпуцінская» лінія правых, у грамадзтве немалая група людзей падтрымлівае рэжым прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, кажа прафэсар Унівэрсытэту Вітаўта Вялікага ў Коўне філёзаф Гінтаўтас Мажэйкіс.

Аднак, на думку Г. Мажэйкіса, было б памылкай сьцьвярджаць, што краіне пагражаюць расейскамоўныя. Небясьпеку філёзаф бачыць у дзейнасьці русафобаў, называных «карыснымі ідыётамі» Крамля — піша на партале delfi.lt Вілія Андрулявічуце.

На думку палітоляга прафэсара Ковенскага тэхналягічнага ўнівэрсытэту Альгіса Крупавічуса, у публічнай прасторы можна выдзеліць дзьве асноўныя лініі рэакцыі палітыкаў на расейскую агрэсію. Вельмі моцны голас маюць палітыкі, якія прытрымліваюцца жорсткай лініі ў дачыненьні да Расеі, аднак найбольшую групу складаюць памяркоўныя з цэнтрысцкіх і левых партыяў.

«У лягеры прыхільнікаў жорсткай лініі ў дачыненьні да Расеі час ад часу першую скрыпку грае прэзыдэнтка, ня кажучы ўжо пра Вітаўтаса Ландсбергіса і іншых палітыкаў Саюзу Айчыны — Літоўскіх хрысьціянскіх дэмакратаў. Дарэчы, жорсткі курс праводзіць і Міністэрства замежных справаў.

Аднак найбольшую групу складаюць памяркоўныя з цэнтрысцкіх і левых партыяў, якія выказваюцца за ціск на Расею з боку Эўразьвязу і НАТО і за дээскаляцыю канфлікту, аднак ужываюць больш памяркоўную рэторыку ў дачыненьні да Расеі. Відаць, знайшліся б і больш прарасейскія палітыкі, аднак гэткія ў публічнай прасторы — толькі паасобныя выпадкі», — зазначае Крупавічус.

Г. Мажэйкіс схільны дзяліць рэакцыі грамадзтва на расейскую агрэсію паводле ўплыву паасобных сацыяльных групаў. Паводле суразмоўцы, вуснамі палітыкаў гаворыць голас грамадзтва, аднак такіх галасоў больш, чым два ці тры.

«Калі мы кажам пра ўплыў якога-небудзь меркаваньня, мы кажам пра тое, наколькі яно вызначае замежную або ўнутраную палітыку, а не пра тое, колькі людзей яго прытрымліваюцца. Удзельнікі гэтага дыялёгу — ня толькі ўсё грамадзтва, але і яго эліты, некаторыя палітыкі», — кажа Г. Мажэйкіс.

Каштоўнасьці важнейшыя за эканоміку

У замежнай палітыцы, паводле Г. Мажэйкіса, пануюць больш радыкальныя правыя. Гэта — людзі, гатовыя шанаваць выбар Украіны, Майдану і абгрунтоўваць сваю палітыку ясна сфармуляванымі каштоўнасьцямі.

Гінтаўтас Мажэйкіс

Гінтаўтас Мажэйкіс

«Аднак звычайна тыя асобы, якія кіруюцца толькі каштоўнасным поглядам, не заўсёды схільныя быць палітычнымі і дыпляматычнымі. Я б сказаў, тыя больш радыкальныя літоўскія палітыкі маюць большы ўплыў таму, ўвесь час гаворыцца пра інфармацыйныя войны, падрыхтоўку да фізычнай вайны, фармаваньне пэўных блёкаў або групаў міжнароднай салідарнасьці, ваенную міжнародную бясьпеку і канкрэтныя сродкі яе ўмацаваньня. Гэтую радыкальную групу людзей і частку грамадзтва, якая яе падтрымлівае, ня надта цікавіць вырашэньне цяперашніх эканамічных праблем у Літве», — кажа суразмоўца.

Другая група, паводле Г. Мажэйкіса — памяркоўныя правыя. Ад больш радыкальных правых іх адрозьнівае думка, што тыя самыя каштоўнасьці можна абараніць і палітычнымі, і дыпляматычнымі сродкамі. Лініі гэтых правых групаў, паводле суразмоўцы, прытрымліваецца частка дэпутатаў Сойму і палітычных аглядальнікаў ды камэнтатараў.

Расея — не прагматычная дзяржава, таму прагматычны падыход не ўратуе

Паводле Г. Мажэйкіса, тых, хто хоча не злаваць Расею, аднак бараніць свае, перадусім — эканамічныя інтарэсы, у Літве шмат. Такі прагматызм характэрны палітыцы сацыял-дэмакратаў, «працавікоў» і некаторых палітыкаў партыі «Парадак і справядлівасьць» і іх прыхільнікам.

«Аднак слабасьць прагматызму ў тым, што яго прыхільнікі звычайна абапіраюцца на эканамічныя разьлікі, рэдка — на каштоўнасьці і ідэалы, на якія абапіраюцца і Ўкраіна, і Расея.

тых, хто хоча не злаваць Расею, аднак бараніць свае, перадусім — эканамічныя інтарэсы, у Літве шмат

Расея сёньня — не прагматычная краіна, яна гатовая ахвяраваць сваім дабрабытам, каб дасягнуць нават мітычных мэтаў — аб’яднаць расейскамоўных, стварыць „русский мир“, абараніць нейкія ўяўныя іх інтарэсы. Цяжка сабе ўявіць, як літоўскія прагматыкі маглі б прагматычна супрацоўнічаць з краінай, якая і цяпер не прагматычная і ніколі не зьбіраецца быць такой», — мяркуе філёзаф.

Паводле Г. Мажэйкіса, прагматычнаму падыходу часта не хапае дыпляматычнасьці і палітычнасьці — здольнасьці спалучыць цяжкаспалучальныя каштоўнасьці (напрыклад, свабоды і дабрабыту або ўсеагульнай роўнасьці і кампэтэнтнасьці).

За сваю валюту і зямлю, пакуль не сутыкнуліся з Расеяй

Яшчэ адна група грамадзтва — патрыёты, якія выказваюцца за нацыю, зямлю, літ і якія нядаўна склікалі рэфэрэндум аб недапушчальнасьці продажу зямлі замежнікам, аднак прыціхлі перад тварам расейскай агрэсіі.

«Тая група пэўны час была незвычайна актыўная і паўсюль адзначалася, вельмі шмат агітавала. Сёньня яна крыху прыціхла. Можа таму, што не дасягнула адпаведнай папулярнасьці. Апрача таго, гэтую групу ўвесь час крытыкуюць за тое, што яна, зусім ірацыянальна баронячы мясцовыя каштоўнасьці, нярэдка можа служыць інтарэсам Расеі», — кажа Г. Мажэйкіс.

Паводле філёзафа, гэтая група, якая адзначаецца культурным, але не палітычным патрыятызмам, слаба падрыхтаваная гаварыць на міжнародныя тэмы, слаба разумее патрэбы міжнароднага супрацоўніцтва і дыпляматыі.

«Гэты мясцовы погляд, як і пазыцыя прагматыкаў, недальнабачны, яму не стае палітычнасьці, шырэйшага, міжнароднага разуменьня каштоўнасьцяў. Яны могуць быць падобныя на кансэрватараў, аднак бальшыня кансэрватараў шырока тлумачыць свае каштоўнасьці, і таму яны могуць даволі цьвёрда бараніць гэтыя ідэалы, а мясцовыя патрыёты зьмяншаюць тыя каштоўнасьці да памераў свайго агароду. Таму іх рыторыка хоць, здавалася б, і зразумелая людзям, аднак не карыстаецца вялікай папулярнасьцю», — зазначае суразмоўца.

Любоў да Пуціна, настальгія па Савецкім Саюзе

Хоць у публічнай прасторы мы бачым крытыку Крамля і падтрымку Ўкраіны, а меркаваньні ў абарону пазыцыі Расеі прадстаўленыя мала, у сацыяльных сетках дыскусійнае поле больш-менш роўнае, кажа прафэсар Унівэрсытэту Вітаўта Вялікага.

«Ясна, што даволі вялікая група людзей у Літве падтрымлівае рэжым прэзыдэнта Пуціна. І ня толькі таму, што глядзіць расейскія навіны, але й таму, што з даўніх часоў вынесла любоў да Савецкага Саюзу, якую настальгічна адрасуе Пуціну. Яны неабавязкова ўпрыгожваюць сябе георгіеўскімі стужкамі, але некаторыя зь іх гатовыя гэта рабіць», — кажа Г. Мажэйкіс.

Паводле філёзафа, сымпатыю да Пуціна дэманструюць і тыя грамадзяне Літвы, якім характэрнае расчараваньне палітыкай Літвы і Эўразьвязу. Таксама, паводле Г. Мажэйкіса, сымпатыі да Пуціна могуць быць зьвязаныя з камунікацыйным полем, у якім савецкі міт «усе мелі працу, усе заводы працавалі, усе атрымлівалі сацыяльную дапамогу» ўсё яшчэ жывы.

«Гэтая прыгожая гісторыя бясспрэчна ўсё яшчэ жывая. Яна мабілізуе некаторых асобаў падтрымліваць крамлёўскі рэжым, ня мысьлячы крытычна і ня бачачы, што цяперашні Крэмль — далёка ня левы і зусім не савецкі. Гэта алігархічная група правых, якая і не зьбіраецца клапаціцца рабочымі і сялянамі», — цьвердзіць Г. Мажэйкіс.

Небясьпеку я бачу ў той групе, якая адкрыта сымпатызуе пуцінскаму рэжыму

Прафэсар падкрэсьлівае, што гэтую групу нельга атаясамліваць з тымі, каго Расея называе расейскамоўнымі. Расейскамоўныя, паводле Г. Мажэйкіса, у Літве вельмі неаднародныя. Адна група — прыхільнікі пуцінскай Расеі. Другая невялікая група — расейцы, якія настроеныя да Пуціна апазыцыйна і нават выступаюць за больш актыўную палітыку Літвы, падтрымліваюць расейскую апазыцыю. Ёсьць таксама беларусы і ўкраінцы, якія ня хочуць, каб іх залічалі да расейскамоўных, падкрэсьліваюць сваю этнічную ідэнтычнасьць і выступаюць супраць міталягічнага расейскамоўнага сьвету, не падтрымліваюць пуцінскі рэжым.

«Якраз той небясьпекі расейскамоўных, якую падкрэсьліваюць правыя, я ня бачу. Небясьпеку я бачу ў той групе, якая адкрыта сымпатызуе пуцінскаму рэжыму. Ясна, яны ўсе маюць права на сваё меркаваньне, пакуль не распальваюць нацыянальную або яшчэ нейкую варажнечу, не парушаюць нейкія законы», — дзеліцца думкамі суразмоўца.

«Карысныя Крамлю ідыёты»

Сочачы за рэакцыяй на пуцінскую агрэсію, у грамадзтве можна выдзеліць яшчэ адну групу, якую называюць «карыснымі ідыётамі», зазначае філёзаф. Гэтыя людзі, хоць і не падтрымліваюць пуцінскі рэжым, сваімі безадказнымі дзеяньнямі ствараюць спрыяльнае яму асяродзьдзе.

«Напрыклад, да такіх „карысных ідыётаў“ часта залічаюцца радыкальныя нацыяналісты, якія ўяўляюць сабе, што бароняць свае мясцовыя ідэалы, русафобы, якія лічаць, што ворагі — гэта абавязкова расейскамоўныя. Радыкальныя нацыяналісты, русафобы небясьпечныя, бо, баючыся расейцаў, яны, самі таго ня хочучы, падтрымліваюць крамлёўскі рэжым», — кажа Г. Мажэйкіс.

Палітычную рыторыку можа зьмяніць паглыбленьне эканамічнага крызісу

Паводле суразмоўцы, пазыцыя Літвы ў дачыненьні да Расеі залежыць і далей будзе істотна залежаць ад разьвіцьця сытуацыі ва Ўкраіне. Яе таксама будзе вызначаць дэмакратычнае разьвіцьцё самой Украіны. Аднак пакуль што спадзявацца на раптоўныя зьмены няма падставаў.

«Палітыка Літвы ўзгадняецца і будзе ўзгадняцца з рашэньнямі саюзьнікаў па Эўразьвязе і НАТО. Пры далейшым фармаваньні замежнай палітыкі істотны ўплыў будзе мець прэзыдэнтка краіны, таму, відаць, курс жорсткай лініі з пэўнымі „адлівамі“ і застанецца найважнейшым яе кірункам», — лічыць А. Крупавічус.

Г. Мажэйкіс таксама кажа, што пакуль ня бачыць прычынаў для рэзкіх зьменаў у рэторыцы Літвы ў дачыненьні да Расеі, бо галасы прэзыдэнткі і кансэрватараў чуюцца болей па міжнародных пытаньнях, а сацыял-дэмакратаў — па тэмах унутранай палітыкі або гаспадарчага супрацоўніцтва ў рамках ЭЗ.

«Гэтае разьмежаваньне дыскурсу даволі выразнае, таму ў найбліжэйшым часе я ня бачу пераменаў. Сацыял-дэмакратычнае гаварэньне пра правы людзей на лепшае жыцьцё і розныя сацыяльна-эканамічныя праекты сёньня ў мас-мэдыях бясспрэчна займаюць другаснае месца ў параўнаньні з патрыятычнымі, каштоўнаснымі размовамі. Гэта паказвае, што палітыка больш схільная вырашаць міжнародныя канфлікты, чым дыскутаваць пра свае ўнутраныя праблемы. Аднак паглыбленьне эканамічнага крызісу бясспрэчна парушыла б балянс паміж гэтымі двума дыскурсамі», — цьвердзіць Г. Мажэйкіс.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG