Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Харчы для беларусаў занадта дарагія


Беларусы трацяць на харчы 41,8% сваіх спажывецкіх выдаткаў, на набыцьцё нехарчовых тавараў — 35,1%, на аплату паслуг — 20,6%.

Гэтыя лічбы зьявіліся сёньня на афіцыйным сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі. Беларускія статыстыкі ацанілі «ровень жыцьця дамашніх гаспадарак Рэспублікі Беларусь ў студзені—верасьні 2014 году». У сярэднім дамашняя гаспадарка за гэты час мела на свае выдаткі 7,8 мільёна рублёў на месяц.

«Калі сыходзіць з таго, што ўсё пазнаецца ў параўнаньні, то жыхары ЗША трацяць на харчы 7-8% ад свайго прыбытку — камэнтуе сытуацыю для Свабоды кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук. — У краінах Эўразьвязу гэты паказьнік складае 13-15%, у Расеі да падзеньня рубля — 29-32%. А ў нас — болей за 41%. І гэта розьніца, як сьведчаць лічбы, даволі істотная.

Можна канстатаваць, што нармальнага рынку прадуктаў харчаваньня ў Беларусі няма. Калі б у нас была канкурэнцыя, то і харчы адпаведна каштавалі б удвая таньней. І тады на харчы ішло б працэнтаў 25 ад прыбытку, а не болей за 40, як цяпер».

Нацыянальны статкамітэт дае такое вызначэньне спажывецкіх выдаткаў: «Гэта — грашовыя выдаткі дамашніх гаспадарак на харчаваньне (уключаючы выдаткі на харчаваньне па-за межамі дома), закупы алькагольных напояў, нехарчовых тавараў і аплату паслуг. У склад спажывецкіх выдаткаў не ўключаюцца падаткі і страхавыя ўнёскі, матэрыяльная дапамога ды іншыя выдаткі, якія не зьвязаныя са спажываньнем, а таксама ўсе выдаткі, якія зьвязаныя з вытворчасьцю сельскагаспадарчай прадукцыі ў асабістай падсобнай гаспадарцы і зьберажэньнем (уклады ў банках, набыцьцё нерухомасьці, замежнай валюты і г. д.».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG