Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ганебны канец «Паўднёвага патоку»


Падрыхтоўка да цырымоніі пачатку будаўніцтва «Паўднёвага патоку» пад Анапай ў сьнежні 2013

Падрыхтоўка да цырымоніі пачатку будаўніцтва «Паўднёвага патоку» пад Анапай ў сьнежні 2013

Расея спыняе праект будаўніцтва газаправоду «Паўднёвы паток», які канцэрн «Газпром» плянаваў пракласьці па дне Чорнага мора ў Балгарыю і далей у іншыя эўрапейскія краіны. Пра гэта паведаміў расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін падчас візыту ў Турцыю. Экспэрты лічаць такое рашэньне сур’ёзнай паразай Расеі: эўрапейскі рынак і без «Паўднёвага патоку» зможа забяспечыць свае патрэбы ў газе, а новы расейскі праект яго паставак праз Турцыю здаецца ім вельмі сумнеўным.

Новы экспартны маршрут расейскі канцэрн «Газпром» меў намер працягнуць з раёну Анапы праз Чорнае мора да балгарскага гораду Варна, каб затым працягнуць трубу дзьвюма галінкамі ў Аўстрыю і Італію. Заяўленая праектная магутнасьць «Паўднёвага патоку» складала 63 мільярды кубамэтраў газу за год, ацэначны кошт — больш за 23 мільярдаў эўра. На папярэднім этапе «Газпром» ужо заключыў двухбаковыя пагадненьні аб рэалізацыі праекту з усімі краінамі, па тэрыторыі якіх меўся прайсьці газаправод, для будаўніцтва марскога ўчастку была створана кампанія, у якой «Газпром» атрымаў 50 адсоткаў удзелу, італьянская кампанія Eni 20 адсоткаў, а французская EDF Group і нямецкая Wintershall — па 15 адсоткаў.

Карта газаправоду "Паўднёвы паток"

Карта газаправоду "Паўднёвы паток"

Афіцыйна будаўніцтва «Паўднёвага патоку» пачалося год таму пад расейскай Анапай, аднак 17 красавіка 2014 г. Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю рэкамендацыйнага характару, у якой заклікаў адмовіцца ад будаўніцтва газаправоду з прычыны яго неадпаведнасьці нормам Эўразьвязу, у прыватнасьці, так званаму «Трэцяму энэргетычнаму пакету». Пры гэтым прадстаўнікі ЭЗ падкрэсьлівалі, што не зьбіраюцца яго блякаваць. Пасьля гэтага Балгарыя, ключавая краіна ў рэалізацыі праекту, заявіла аб прыпыненьні будаўніцтва «да ліквідацыі заўваг Эўракамісіі».

Уладзімір Пуцін і Аляксей Мілер

Уладзімір Пуцін і Аляксей Мілер

У выніку 1 сьнежня, у часе візыту ў Турцыю расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін абвясьціў аб прыпыненьні будаўніцтва «Паўднёвага патоку», аб тым, што праект «закрыты» канчаткова, заявіў і кіраўнік «Газпрому» Аляксей Мілер. Узамен, паводле яго, Расея папярэдне дамовілася аб будаўніцтве аналягічнага па магутнасьці газаправоду да Турцыі. «Падпісаны мэмарандум аб узаемаразуменьні ў пытаньні будаўніцтва марскога газаправоду праз Чорнае мора ў напрамку Турцыі аб’ёмам 63 мільярды кубамэтраў газу ў год», — сказаў Аляксей Мілер, удакладніўшы, што для патрэб турэцкіх спажыўцоў з гэтага аб’ёму пойдзе каля 14 мільярдаў кубамэтраў, а астатняе будзе накіравана на мяжу Турцыі і Грэцыі.

Галоўная прычына — гэта няздольнасьць і нежаданьне «Газпрому» працаваць ва ўмовах канкурэнцыі, на чым настойвае Эўракамісія

Асноўнай прычынай адмовы ад «Паўднёвага патоку» Уладзімір Пуцін назваў пазыцыю Балгарыі, якая ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі Эўразьвязу фактычна заблякавала рэалізацыю праекту. Расейскі прэзыдэнт ужо прапанаваў Сафіі патрабаваць кампэнсацыю ад ЭЗ. Аднак партнэр і аналітык кампаніі RusEnergy Міхаіл Круціхін ня лічыць гэтую параду ўдалай:

— Гэта крыху няправільная прапанова, паколькі ніякай кампэнсацыі ад Эўракамісіі Балгарыя ня можа атрымаць за тое, што яна выконвае законы Эўразьвязу. Галоўная прычына — гэта няздольнасьць і нежаданьне «Газпрому» працаваць ва ўмовах канкурэнцыі, на чым настойвае Эўракамісія ў сваіх правілах працы тых кампаній, якія дастаўляюць энэрганосьбіты ў Эўразьвяз.

— То бок, «Газпром», як я разумею, проста не захацеў дапускаць да сваёй трубы іншых вытворцаў газу ...

— Гэта першае. Па-другое, «Газпром» зьбіраўся валодаць гэтай трубой супольна зь нейкімі партнэрамі і распараджацца ёю, гэта значыць рэгуляваць тарыфы, прапампоўку і ўсё астатняе. Інакш кажучы, ён хацеў, каб труба была ў яго манапольным распараджэньні.

Давядзецца гэтую новую трасу таксама паддаваць рэгуляваньню з боку «Трэцяга энэргопакету», гэта значыць яна будзе працаваць таксама не на «Газпром»

— Разам з навіной пра тое, што «Паўднёвы паток» спынены, быў заяўлены новы бізнэс-праект: труба такой самай магутнасьці прыйдзе ў Турцыю і некуды на мяжу з Грэцыяй. Наколькі такая прадстаўленая мадэль мае права на існаваньне? Ёсць пункт, да якога газ ідзе, але што далей?

— Дык нічога далей. Там давядзецца зноў уваходзіць у Эўропу, а калі маюць намер перасякаць мяжу краін Эўразьвязу, значыць, давядзецца гэтую новую трасу таксама паддаваць рэгуляваньню з боку «Трэцяга энергопакету», гэта значыць яна будзе працаваць таксама не на «Газпром», а на нейкіх іншых пастаўшчыкоў газу. У «Газпрома» будзе нейкая доля ў гэтай трасе, і ўсё.

— Але, можа быць, «Газпром» спадзяецца, што з часам з Расеі санкцыі будуць зьнятыя і Эўразьвяз зьменіць стаўленьне да гэтага праекту, зробіць яго прыярытэтным?

— Гэта бязглуздае дапушчэньне, ад санкцый тут зусім нічога не залежыць. «Трэці энэргетычны пакет» быў прыняты задоўга да таго, як зьявіліся санкцыі і пачалася інтэрвэнцыя Расеі на ўкраінскай тэрыторыі. Таму калі нават санкцыі здымуць, то правілы свабоднай канкурэнцыі на рынку энэрганосьбітаў застануцца ў сіле. 28 краін прынялі гэтыя правілы і ратыфікавалі. І прыходзіць у чужы манастыр са сваім статутам і казаць: прабачце, я буду тут дзейнічаць як манапаліст на вашым свабодным рынку, — з гэтым ніхто не пагодзіцца.

— Цяпер усе гэтыя навіны аб прыпыненьні «Паўднёвага патоку» падаюцца з такой пазыцыі, што вось Расея хацела дапамагчы Эўропе, а Эўропа не захацела, і як жа цяпер яна будзе жыць ... А Эўропа можа пражыць наогул без паўднёвага напрамку пастаўкі расейскага газу?

Пройдзе нейкі час, і Эўропа створыць сабе падушку бясьпекі ад «Газпрому», які выкарыстоўваецца ў Маскве ў якасьці палітычнай прылады, а не як камэрцыйная кампанія

— Некалькі месяцаў таму ў Эўракамісіі група экспэртаў праводзіла тэст, яны спрабавалі вызначыць, што здарыцца з эўрапейскімі спажыўцамі, калі Расея спыніць пастаўкі газу праз Украіну, і другі варыянт там быў: што здарыцца, калі спыніць наогул пастаўкі газу ўсім. У гэтым выпадку мы бачым, што найбольш уразьлівымі акажуцца краіны Балканскага паўвострава, ад Чарнагорыі да Балгарыі, і збольшага будуць закрануты такія краіны, як Эстонія, Латвія, Літва. Але ўся астатняя Эўропа, у прынцыпе, вельмі спакойна перажыве абодва варыянты.

Для таго каб забясьпечыць балканскія краіны і краіны Балтыі газам на выпадак такіх непрадбачаных газпромаўскіх абставінаў, у Эўропе распрацоўваецца і ўжо ажыцьцяўляецца шмат плянаў. У тым ліку пляны будаўніцтва інтэрканэктара празь межы, пляны разьвіцьця салідарнасці ў забеспячэнні пацярпелых краін газам з іншых крыніц, распрацоўваюцца і ўжо ажыццяўляюцца планы ўзмацнення магутнасьцяў па імпарце звадкаванага прыроднага газу. Так што пройдзе нейкі час, і Эўропа створыць сабе падушку бясьпекі ад «Газпрому», які выкарыстоўваецца ў Маскве ў якасьці палітычнай прылады, а не як камэрцыйная кампанія.

— Больш глябальнае пытаньне. Уладзімір Пуцін казаў, што «Газпром» гатовы пераарыентавацца на іншыя рынкі ў сьвеце, казаў пра тое, што трэба разьвіваць пастаўкі звадкаванага прыроднага газу. Пад іншымі рынкамі ён мае на ўвазе ў першую чаргу Кітай?

Публіка альбо пальцам ля скроні круціла, альбо хіхікала падчас такіх заяў

— Ну некалі той самы Пуцін і Мілер ў «Газпроме» казалі, што яны зьбіраюцца сваім звадкаваным газам заваяваць ад 10 да 20 адсоткаў амэрыканскага газавага рынку. І публіка альбо пальцам ля скроні круціла, альбо хіхікала падчас такіх заяў. Кітай ніяк не заменіць Эўропу, дастаткова паглядзець на аб’ёмы. У мінулым годзе ў Заходнюю Эўропу паставілі каля 138.000.000.000 кубамэтраў, з Кітаем заключылі кантракт на 38. Тым больш гэтыя 38 мільярдаў патрапяць у Кітай не раней, чым у 2030 годзе. Замены эўрапейскага рынку ў «Газпрома» няма. І тое, як «Газпром» вядзе сябе на гэтым рынку, азначае разбурэньне кошту, гэта значыць разбурэньне ўласных рынкавых ніш альбо нягнуткай палітыкай цэнаўтварэньня, альбо тым, што яны спрабуюць дыктаваць свае манапольныя ўмовы рынку, дзе пануе свабодная канкурэнцыя.

— А з магутнасьцямі па звадкаваньні прыроднага газу ў Расеі пакуль вельмі дрэнна ...

Гэта відавочны крах палітычнай задумы расейскага кіраўніцтва і "Газпрому" як палітычнага інструмента

— Мяркуючы па ўсім, праект Уладзівасток-СПГ захлынуўся як камэрцыйна абсалютна нерэнтабэльны. І адзіны праект, таксама камэрцыйна нерэнтабэльны, да «Газпрому» ня мае дачыненьня. Гэта Ямал-СПГ, ён існуе толькі таму, што яго цалкам вызвалілі ад усіх падаткаў, гэта значыць расейская казна наогул зь яго нічога не атрымае. Ды яшчэ і ўрад пагадзіўся матэрыяльна яму дапамагчы шляхам будаўніцтва атамных ледаколаў, марскога порту, аэрапорту і гэтак далей. Гэта значыць, гэты праект паразітуе на расейскім бюджэце ў поўным сэнсе слова, а кошт гэтага звадкаванага прыроднага газу на рынку абяцае таксама быць неканкурэнтаздольным. Адзіны праект па звадкаваным газе, які па-ранейшаму працуе, — гэта завод, пабудаваны кампаніяй Shell на Сахаліне, кантроль над гэтым праектам потым захапіў «Газпром». Вось з тых часоў гэты завод адзіны, які дазваляе Расеі экспартаваць звадкаваны газ.

— У выніку можна сказаць, што па «Паўднёвымаму патоку» Расея і «Газпром» прайгралі?

— Гэта вiдавочны крах палітычнай задумы расейскага кіраўніцтва і «Газпрому» як палітычнага інструмэнта. Але гэта выйгрыш расейскага бюджэту: калі грошы ня будуць марнавацца на зусім некамэрцыйныя праекты, то, можа быць, іх выдаткуюць на нешта больш слушнае, — сказаў Міхаіл Круціхін.

«Эўрапейскі зьвяз заўсёды меў вельмі выразную і ясную пазыцыю наконт газазабесьпячэньня Эўропы: ЭЗ выступае за дывэрсыфікацыю яго крыніц, каб абараніць эўрапейскіх спажыўцоў ад высокіх коштаў на газ», — заявіла намесніца кіраўніка Эўрапейскай камісіі Крысталіна Георгіева, камэнтуючы рашэньне Расеі замарозіць будаўніцтва газаправоду «Паўднёвы паток».

Крысталіна Георгіева

Крысталіна Георгіева

Георгіева адзначыла, што «Паўднёвы паток» мог прайсьці праз тэрыторыю краін ЭЗ толькі пры яго адпаведнасьці эўрапейскаму заканадаўству, што прадугледжвае зьвязу, адмаўляючыся даць дазвол на пракладку газаправоду па сваёй тэрыторыі да таго часу, пакуль ня будуць выкананыя ўсе патрабаваньні ЭЗ. Пры гэтым Софія дзейнічала незалежна і не адчувала ніякага ціску з боку Брусэлю, падкрэсьліла намесніца старшыні Эўракамісіі.

Для мяне рэалізацыя «Паўднёвага патоку» усё яшчэ ня спыненая, і гэта будзе да таго часу, пакуль мы ня ўбачым афіцыйнага паведамленьня Расеіи

Міністар эканомікі Балгарыі Божыдар Лукарскі заявіў у аўторак раніцай, што яшчэ не атрымліваў афіцыйнага паведамленьня з Расеі аб спыненьні праекту. «Для мяне рэалізацыя «Паўднёвага патоку» ўсё яшчэ ня спыненая, і гэта будзе да таго часу, пакуль мы ня ўбачым афіцыйнага паведамленьня Расеі», — заявіў міністар, дадаўшы, што будзе камэнтаваць сытуацыю толькі пасьля атрыманьня афіцыйнай пазыцыі Расеі. Лукарскі таксама паведаміў, што ў жніўні міністар эканомікі Балгарыі Васіл Штонаў адправіў расейскаму боку ліст, у якім абгрунтаваў, чаму газаправод не адпавядае эўрапейскім патрабаваньням. У лісьце не было гаворкі пра тое, што ЭЗ не зацікаўлены ў газаправодзе, як гэта сьцьвярджаюць розныя крыніцы, падкрэсьліў міністар. «У Балгарыі ўведзены мараторый на здабычу сланцавага газу, і мы не зьбіраемся яго адмяняць», — адказаў Лукарскі на пытаньне, ці будзе Балгарыя пасьля прыпыненьня праекту «Паўднёвы паток» разьвіваць здабычу сланцавага газу ў краіне.

Аляксандар Вучыч і Ўладзімір Пуцін на сустрэчы ў Бялградзе. Кастрычнік 2014 году

Аляксандар Вучыч і Ўладзімір Пуцін на сустрэчы ў Бялградзе. Кастрычнік 2014 году

Пра тое, што афіцыйнага паведамленьня з боку Расеі аб спыненьні будаўніцтва газаправоду пакуль не паступала, паведаміў і міністар энэргетыкі Сэрбіі Аляксандар Анціч. Анціч заклікаў да каардынацыі намаганьняў Масквы і Брусэлю, якая, на яго думку, можа вырашыць цяперашнія супярэчнасьці і давесьці будаўніцтва да канца. Сэрбскі прэм’ер Аляксандар Вучыч назваў прыпыненьне праекту «дрэннай навіной». «Сэрбія інвэставала ў гэты праект на працягу сямі гадоў, а цяпер павінна расплачвацца за супярэчнасьці, якія ўзьніклі ў дачыненьнні да буйных дзяржаў», — цытуе Вучыча сэрбскі тэлеканал RTS, па дадзеных якога Вучыч мае намер абмеркаваць гэтае пытаньне з расейскім кіраўніцтвам пасьля свайго вяртаньня зь Нью-Ёрку, дзе ён удзельнічае ў сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН.

Я ня думаю, што Пуцін блефуе

П’ер Наэль, вядучы экспэрт па эканамічнай і энэргетычнай бясьпецы Міжнароднага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў, лічыць, што цяпер верагоднасьць будаўніцтва газаправоду «Паўднёвы паток» «імкнецца да нуля». «Я ня думаю, што Пуцін блефуе. Яму даводзіцца адаптавацца да фундамэнтальна новай геапалітычнай сытуацыі ў Эўропе», — зазначыў Наэль у інтэрвію агенцтву Reuters.

Аналітык Усходнеэўрапейскага газавага рынку Міхаіл Карчомкін, якога таксама цытуе Reuters, мяркуе, што ва ўмовах рэзкага зьніжэньня прывязаных да нафтавых цэнаў цэнаў газавых, дзейнасьць «Газпрому» сёлета апынецца стратнай, што прымушае канцэрн скарачаць свае інвэстыцыйныя праграмы. На сытуацыю ўплывае і істотнае — на 10 працэнтаў з 2010 году — зьніжэньне попыту на газ у Эўропе, упэўнены экспэрт.

Яшчэ адзін уплывовы экспэрт, на ўмовах захаваньня ананімнасьці, назваў магчымае перанакіраваньне газаправоду ў Турцыю яшчэ менш верагодным, чым заканчэньне пракладкі «Паўднёвага патоку» ў Эўропу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG