Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэтыя дзеці ня плачуць ВІДЭА І ТЭКСТ


У перадачы «Свабода бяз гальштукаў» гаворым пра самотных дзяцей у Беларусі, чый дом — шпіталь.

Кінутыя дзеці, адабраныя ў бацькоў альбо сіроты да 3 гадоў вымушаныя жыць не ў дзіцячых дамах, а ў шпіталях. Чаму шпіталі становяцца домам для малых кінутых дзяцей? Што найперш патрэбна самотным дзецям? Абмяркоўваюць журналістка Свабоды Ганна Любакова, якая працавала валантэркай з самотнымі дзецьмі ў менскім інфэкцыйным шпіталі і пісьменьніца, тэле і радыё вядучая, шматдзетная маці Тамара Лісіцкая, якая займаецца дабрачыннай дзейнасьцю — дапамагае цяжкахворым дзецям і сіротам. Вядучая — Ганна Соўсь.

Фрагмэнт перадачы

Ганна Соўсь: Тамара, Ганна, як бы вы адным ці двума словамі ахарактарызавалі сытуацыю, калі адабраныя ў бацькоў ці кінутыя малыя дзеці вымушаныя жаць у шпіталі разам з хворымі?

Ганна Любакова: Гэта замкнёнае кола. Здаровыя дзеці, якія трапляюць у шпіталі, у інфэкцыйны шпіталь, яны там пачынаюць хварэць. Бо здаровым дзецям ня трэба быць у шпіталі. Яны пачынаюць хварэць, выздараўліваюць, і потым ізноў хварэюць.

Тамара Лісіцкая: На жаль, гэта дадзенасьць. Дзецям там прыходзіцца вельмі цяжка, як і любым дзецям, якія пакутуюць і знаходзяцца ў шпіталях. Але адрозна ад дзяцей. якія могуць атрымаць абарону, пяшчоту і клопат ад маці, гэтыя дзеці гэтага атрымаць ня могуць.

Ганна Соўсь: Я хацела б згадаць свой уласны досьвед. Калісьці я зьбіралася паступаць у мэдінстытут, і два гады вучылася ў так званым «УПК» на мэдсястру, гэта ўключала практыку ў адным зь дзіцячых шпіталёў у Менску. Гэта была другая палова 1980-х гадоў. У аддзяленьні, дзе я працавала, жылі кінутыя дзеці. Тады не было пампэрсаў, і дзяцей фактычна ніхто не прывучваў хадзіць на гаршчок. Яны амаль не ўмелі гаварыць, бо зь імі мала хто гаварыў. Яны хварэлі на тыя самыя хваробы, як і дзеці, якіх накіроўвалі сюды лячыцца. Я памятаю, як я пераапранала ў сухія паўзуны малога хлопчыка, як ён да мяне прыціскаўся. Для мяне, тады яшчэ школьніцы, гэта быў сапраўдны шок. І цяпер больш чым праз праз 25 гадоў сытуацыя не зьмянілася. Самотныя дзеці да 3 гадоў па-ранейшаму жывуць у шпіталях. Ганна, літаральна тыдзень таму вы яшчэ былі ў менскім інфэкцыйным шпіталі і дапамагалі кінутым дзецям. Ганна, апішыце адзін дзень самотнага малога ў шпіталі.

Гэта страшна, бо гэтая дзеці не плачуць. Да іх ніхто не прыйдзе, калі яны заплачуць, таму яны і не плачуць

Любакова: Для праўдзівасьці заўважу, што гэта быў мой журналісцкі экспэрымэнт. Я працавала валантэркай, але як журналістка зьбірала інфармацыю для свайго дасьледаваньня. Але ўсе журналісцкія экспэрымэнты заканчваюцца тады, калі ты заходзіш у гэтыя дзьверы і бачыш гэтых дзяцей. Тады сапраўды становішся валантэркай. Я была яшчэ на мінулым тыдні там, і мне пашчасьціла ўбачыць дзяўчынку ў другі раз, яна мяне памятала. Гэта былі вельмі пазытыўныя ўражаньні. Трохгадовая дзяўчынка Даша зь дзіцячага дома, яна трапіла туды з прычыны хваробы. Сыстэма дзіцячага дому прывучае дзяцей да самастойнасьці з аднаго боку, яна ўжо не дзіцё, многае робіць сама, але з другога боку яна ведае менш за іншых дзяцей яе ўзросту. Яна ня ведае, што такое грошы, адкуль бярэцца ежа. Яна мае гэта як дадзенасьць. Для мяне самае цяжкае было бачыць немаўлят у шпіталі. Бачыла хлопчыка Лёшу, якому паўтара месяца. У шпіталі ён жыў больш за 20 дзён. Гэта практычна палова яго жыцьця. Яго забралі зь сям’і алькаголікаў. Гэта страшна, бо гэтая дзеці не плачуць. Да іх ніхто не прыйдзе, калі яны заплачуць, таму яны і не плачуць. Гэтыя дзеці могуць самі сябе закалыхваць. Яны раскачваюцца — і гэта замест рухаў, якія звычайна маці робіць. Лёша ўвесь час адзін. Ён ня плача і не ўсьміхаецца. Я ня ведаю, калі Лёша пачне ўсьміхацца...

Соўсь: Ці ёсьць у іх цацкі, ці могуць яны глядзець мульцікі, гуляцца адзін з адным як звычайныя дзеці?

Любакова: Гэтыя немаўляты — не. Яны ляжаць у сваіх шпітальных ложках, боксах. Яны самотныя. Старэйшыя дзеці... залежыць ад сытуацыі. Даша мела цацкі. Мы таксама ёй прыносілі падарункі, якія дазваляе шпіталь. Даша мае кнігі. Яна вельмі любіць глядзець карцінкі...

Соўсь: Тамара, я б хацела больш шырока пагаварыць пра праблемы самотных дзяцей. Вы шмат бываеце ў дзіцячых шпіталях, дзіцячых дамах, хоспісах. Што найперш патрэбна самотным дзецям, дзецям, якія пакутуюць? Што вы для іх робіце найперш?

Лісіцкая: Я назірала за такімі дзецьмі і як валантэрка і як маці, якая была ў суседняй палаце са сваімі дзецьмі. Гэта асобныя палаты, асобны маленькі сьвет, у шкляной колбе яны вечна ў гэтых байкавых кашулях. І тады вакол іх пачыналі групіравацца маці, самаарганізоўвацца і прыглядаць за імі. Гэта было заўсёды, колькі раз мне даводзілася са сваімі дзецьмі там быць. І я назірала гэта знутры, як адна з маці, Потым звонку, калі мы прыяжджалі з рэчамі, з падарункамі, з канцэртамі. Гэта таксама было інстынктыўнае жаданьне дарослых людзей зьберагчы дзяцей. Я ў гэта вельмі веру. Гэта мяне прымушае радавацца, калі на кожную адсутнасьць інстынкту ўсё роўна знойдзецца хтосьці ці штосьці. Я хацела бы сказаць пра самаадданасьць мэдыкаў. У дзяцей павінны быць апекуны з боку дзіцячага дому, але іх не хапае на ўсіх, і мэдыкі як могуць у свой вольны час займаюцца дзецьмі. Я назірала такую карціну, што калі нельга было гуляць з малымі, то іх проста вывезьлі на балькон, пакідалі ў вазочках, дзеткі падыхалі сьвежым паветрам і іх назад адвезьлі. Гэта дзіка выглядае, але хаця б нешта робіцца.

І калі знаходзісься ў гэтай супольнасьці, у гэтым счапленьні сэрцаў — гэта вельмі важна і радасна, гэта робіць жыцьцё лепей

А што тычыцца таго, што неабходна дзецям. Паводле ўмаўчаньня дзецям патрэбныя блізкія людзі побач. Мамы і таты. Калі гэтага няма, трэба каб хтосьці іх замяніў. Па маіх адчуваньнях дзіцячая псыхіка настроеная на вельмі высокую хвалю захапленьня. І на гэтым захапленьні, на жаданьні казкі яны растуць. Дадзены на старце казачны імпульс ім патрэбны, каб перажыць усе гэтыя рэчы і ўключыцца ў жыцьцё. Ім патрэбная казка вакол. Ёсьць цудоўнае кіно італьянскага рэжысэра Рабэрта Бэніньі «Жыцьцё цудоўнае» пра жыцьцё ў канцлягеры, калі тата для малога прыдумаў казку ў пекле. Тое, што мы назіраем, калі прыяжджаем у анкацэнтар, у хоспіс, гэтыя расплюшчаныя вочы, якія чакаюць нечага пазытыўнага, чакаюць казку, каб іх абдымалі і паабяцалі, што прыедзем яшчэ раз і прывязем цацку, а самае галоўнае, што ўсё будзе добра. На некаторы час стварыць ім абаронны кокан, і яны добра яшчэ на гэтым могуць пратрымацца.

Соўсь: А ёсьць дзеці, да якіх вы прыходзіце шмат разоў, якія вас чакаюць?

Лісіцкая: У мяне былі вельмі доўгія гісторыі. Яны і застаюцца, хаця я цяпер сьвядома імкнуся крыху не так прывязвацца, таму што за многія гады (сёлета будзе 10 гадоў, як я ўпершыню прыехала ў дзіцячы анкацэнтар), шмат адбылося і некалькі моцна любімых мной дзяцей ня стала. Гэта вельмі цяжка, але, канечне, усё роўна ёсьць малыя, якіх апякаеш доўга. Больш за тое. Сыстэмная, сэрыйная апека патрэбная. Бо адной паездкі, канечне, мала. Дзіця прывязваецца. І тыя ж пампэрсы ўвесь час патрэбныя, іх трэба заўсёды прывозіць. Тое ж самае тычыцца грошай, якія патрэбныя, каб купіць лекі. Гэта ўсё патрэбна ўвесь час. Звычайныя людзі, лекары, мэдсёстры гераічныя рэчы робяць у свой вольны час для гэтых дзяцей. І калі знаходзісься ў гэтай супольнасьці, у гэтым счапленьні сэрцаў — гэта вельмі важна і радасна, гэта робіць жыцьцё лепей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG