Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы змогуць атрымаць сыстэмныя веды пра Эўрапейскі зьвяз


У Беларусі абвешчаны набор на новую адукацыйную праграму «Эўрапейскі зьвяз: палітыка, эканоміка, культура». Заняткі будуць праводзіць вядучыя беларускія спэцыялісты ў дадзеных сфэрах.

Пра гэта Радыё Свабода паведаміў дырэктар Інстытуту палітычных дасьледаваньняў «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч.

Арганізатарам праграмы выступае Беларускі калегіюм у партнэрстве з Інстытутам «Палітычная сфэра» (Беларусь), грамадзкімі аб’яднаньнямі «Лібэральны клюб» і «Эўрапейскі клюб» (Беларусь), Унівэрсытэтам Вітаўта Вялікага (Літва) і Інстытутам ВКЛ (Літва).

«Асноўная мэта — даць сыстэмныя веды пра Эўрапейскі зьвяз, яго палітыку і культуру перш за ўсё для маладых людзей (студэнтаў, а таксама спэцыялістаў з вышэйшай адукацыяй ва ўзросьце да 30 гадоў). У Беларусі ў прынцыпе адчуваецца пэўны недахопу ведаў пра Эўразьвяз. Тое, што выкладаецца ў беларускіх ВНУ, пераважна зьвязана з нарматыўнымі актамі, эўрапейскім правам і крыху з эканомікай. Мы ж перш за ўсё зробім акцэнт на палітыцы Эўразьвяза, а таксама культуры», — кажа Казакевіч.

Навучэньне ў Калегіюме — бясплатнае. Заняткі будуць праходзіць у Менску з 14 студзеня па 31 траўня 2015 году. Арганізатары плянуюць праводзіць наборы на адукацыйную праграму штогод, у адзін набор будзе ўваходзіць па 20-30 чалавек.

Выкладаць у Калегіюме будуць такія вядомыя асобы як Ігар Бабкоў, Алесь Лагвінец, Андрэй Казакевіч, Вячаслаў Пазьняк, Уладзімер Роўда, Вадзім Смок, Яўген Прэйгерман і іншыя. Апроч лекцыяў і сэмінараў, праграма ўключае майстар-клясы, практычныя заняткі і летнюю школу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG