Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Масква ўвяла абмежаваньні на беларускі харчовы імпарт? Чым можа Беларусь адказаць на гэтыя абмежаваньні? Як цяперашняя гандлёвая вайна паўплывае на лёс Эўразійскага саюзу?

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць аглядальнік нашага радыё Валер Карбалевіч, дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш і старшы аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Дзяніс Мельянцоў.

Чаму Расея не баіцца за Эўразійскі саюз?

Дракахруст: Паміж Беларусьсю і Расеяй — чарговая гандлёвая вайна. Расспажыўнагляд забараніў імпарт у Расею харчаваньня з тузіну беларускіх прадпрыемстваў. Фармальная зачэпка — у беларускіх прадуктах знайшлі шкодныя рэчывы. Але фактычна, што і не хаваецца — гэта адказ на рээкспарт Беларусьсю заходняга харчаваньня, імпарт якога ў Расею забаронены ў межах эмбарга, уведзенага ў адказ на заходнія санкцыі.

На расейскую забарону ўжо рэзка адрэагаваў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка, прыгразіўшы захадамі ў адказ, калі сытуацыя ня будзе вырашаная.

Днямі ў перадачы Экспэртыза Свабоды падрабязна абмяркоўваліся эканамічныя аспэкты гэтай гандлёвай вайны. Сёньня я прапаную засяродзіцца на палітычных.

З 1 студзеня 2015 году Беларусь, Расея і Казахстан утвараюць Эўразійскі саюз, больш прасунутую форму эканамічнай інтэграцыі. Масква надае гэтаму праекту вялікае значэньне. Чаму ж напярэдадні гэтага «сьвята інтэграцыі» ўчыняецца чарговы скандал?

У межах палітычнай філязофіі Расеі можна зразумець, калі раптам аказваюцца няякаснымі харчы з Малдовы ці Грузіі, якія імкнуцца ў Эўропу. Але чаму дакладна такая самая гандлёвая вайна распачынаецца з самым блізкім саюзьнікам Расеі?

Карбалевіч: Гэтыя расейскія дзеяньні робяцца па двух накірунках. Першы накірунак — гэта забарона транзыту харчовых тавараў праз тэрыторыю Расеі зь Беларусі ў Казахстан. Другое — гэта забарона ўласна беларускіх тавараў, мясной прадукцыі, нібыта там знайшлі нейкі антыбіётык ці іншыя шкодныя рэчы. Прычыны гэтых дзеяньняў Расеі я падзяліў бы на дзьве часткі.

Першая частка — эканамічная. Прадукцыя, якая ідзе зь Беларусі, уступае ў пэўную канкурэнцыю з расейскай, тым больш, што беларуская прадукцыя таньнейшая. Паводле дадзеных Фэдэральнай мытнай службы Расеі, зь Беларусі экспарт прадуктаў санкцыйнай групы вырас на 80%. Гэта, зразумела, вельмі дзіўна, таму што паводле беларускай статыстыкі вытворчасьць харчаваньня ў Беларусі не расьце.

Другая частка — палітычная ці нават псыхалягічная, бо апошнім часам расейскае кіраўніцтва не заўсёды прымае рацыянальныя рашэньні. Напрыклад, само ўвядзеньне эмбарга на пастаўку харчаваньня з Эўропы — гэта помста Захаду. Гэта не зусім рацыянальнае рашэньне, таму што гэта не на карысьць самой Расеі. І вось праз 3 месяцы Масква ўбачыла, што гэта эмбарга фактычна не працуе, таму што заходнія краіны знайшлі кантрабандныя шляхі, каб пастаўляць харчаваньне ў Расею. І гэты шлях ідзе празь Беларусь. Праз пэўны час колькасьць гэтай кантрабанды перарасла ў новую якасьць і Расея адрэагавала. А пра лёс Эўразійскага эканамічнага саюзу Масква проста ня думае.

Дракахруст: Кірыл, а як вы тлумачыце прычыны канфлікту? Заўсёды Расея думала пра лёс Эўразійскага саюзу, а цяпер ня думае? Дарэчы, Лукашэнка як раз і падкрэсьліў гэтыя палітычныя моманты. Ён задаў рытарычнае пытаньне — хіба ў нас так шмат саюзьнікаў? Гэта расшыфроўваецца — хіба у вас так шмат саюзьнікаў, што вы можаце сабе дазволіць імі раскідвацца? Ці Расея разважае згодна з формулай Аляксандра ІІІ, паводле якой у Расеі толькі два саюзьнікі — гэта яе армія і яе флёт?

Коктыш: Апошнім часам у Эўропе намеціўся пералом, бо Эўропа стамілася ад украінскай тэмы, Эўропа зусім ня рада тым эканамічным вынікам санкцый, якія ёсьць. Я быў нядаўна на канфэрэнцыі ў Вене і чуў там ад высокіх брусэльскіх чыноўнікаў: «Мы з вамі плацім за казахстанскі і беларускі хабы, а ў нас па шэрагу галін абароты ўпалі на 20%». Гэта значыць, што стома даволі моцная і Захад будзе шукаць нейкія формулы вырашэньня. Зараз Расея вырашыла крыху яшчэ націснуць у гэтым накірунку, закрыўшы кранік, пра які ўсе ведалі. Гэта як раз мела пэўную рацыю, і, магчыма, такі разьлік і прысутнічае, бо цяпер калі Эўропа будзе разумець, што шляхі абыходу перакрытыя, то гэта можа аказацца той кропляй, якая падштурхне Эўропу шукаць вырашэньне. Скажам так — гэта ня выключаны сцэнар. Я ня ведаю, зь якой рацыі сыходзіць расейскае кіраўніцтва, але пэўная рацыя за такімі крокамі ёсьць, асабліва калі ўлічваць сёньняшні стан Эўропы ў першую чаргу.

Другі момант зьвязаны з гіпотэзай, якая лунала апошнім часам у расейскіх аналітычных колах. Паводле гэтай гіпотэзы, Масква сама дыфэрэнцыявала эўрапейскія краіны паводле жорсткасьці іх пазыцыі. Хто быў гатовы да пэўнай гнуткасьці, тых накіроўвалі ў Менск зь іх прадукцыяй, каб яны маглі пераадолець расейскае эмбарга. Цяпер гэта вырашылі спыніць.

Па-трэцяе, ёсьць эканамічныя чыньнікі і разьлікі. Калі гэтыя санкцыі і контрасанкцыі будуць дзейнічаць год-паўтара, то расейскі капітал пойдзе ў сельскую гаспадарку, чаго цяпер у Расеі чакаюць, і Расея пачне карміць сябе сама, пачнецца шырокае імпартазамяшчэньне. Гэтага ня будзе, калі расейскія контрасанкцыі фактычна ня будуць працаваць. Эканамічная рацыя можа быць і такой.

Дракахруст: Дзяніс, вы згодны з такой інтэрпрэтацыяй Кірыла, што вось такі беларускі ход перакрываюць з разьліку таго, што Эўропа сама ня хоча гэтых санкцый і сама будзе шукаць шлях, каб іх прыбраць?

І ўсё ж цікава пра Эўразійскі саюз. Вось Лукашэнка на гэтым тыдні сказаў, што калі вы з намі будзеце так абыходзіцца, то мы знойдзем, чым адказаць. Маскву абсалютна не палохае такая рыторыка? Няма, так сказаць, у вас мэтадаў супраць Косьці Сапрыкіна?

Мельянцоў: Па-першае, наконт «сьвята інтэграцыі». Гэтае «сьвята» скончанае фактам падпісаньня і ратыфікацыі дамовы пра Эўразійскі саюз, і такім чынам у прынцыпе пытаньне закрытае. Трэба разумець, што расейскаму кіраўніцтву патрэбнае не функцыянаваньне гэтага саюзу, а патрэбны факт яго стварэньня, тое, што вакол Масквы гуртуюцца постсавецкія краіны. Таму, на маю думку, цяпер як раз такі надыходзіць той момант, калі ўсе ўжо ў гэтай пастцы, падпісалі, ратыфікавалі, і зараз можна праводзіць business as usual, іншымі словамі, весьці гандлёвыя войны як і раней. Тыя пытаньні, якія раней іх выклікалі, гэтыя гандлёвыя бар’еры і выключэньні, засталіся, адпаведна засталіся і магчымасьці для вось такіх канфліктаў.

Што тычыцца канкрэтна гэтых санкцый і рээкспарту, то я ня ведаю наконт Эўропы, але мне падаецца, што тут шмат палітычнага. За некалькі месяцаў Беларусі было выстаўлена больш за 80 прэтэнзій па рээкспарце. То бок, калі Расея выстаўляе санкцыі супраць Захаду, яна разглядае гэтыя санкцыі і эмбарга як палітычныя, а Беларусь перашкаджае ім, то тады Беларусь тут не зусім саюзьнік. Я думаю, што Расея ня хоча дапусьціць таго, каб Беларусь, умоўна кажучы, «нажывалася на расейскай бядзе». І адпаведна прычыны гэтай новай гандлёвай вайны не гандлёвыя і не эканамічныя, а, як мне падаецца, больш палітычныя.

Стаўкі гандлёвай вайны

Дракахруст: Якія сумы, як кажуць, на коне? Што выйграе Беларусь, што прайграе Расея ад рээкспарту забароненага харчаваньня? Ці расейскія страты не вымяраюцца грашыма?

Коктыш: Пэўных падлікаў няма. Былі падлікі, колькі могуць зарабіць Беларусь і Казахстан. Была прыкладная ацэнка, што 10% абароту, зарабіць магчыма, а гэтая сума нешта каля 1 мільярду даляраў. Гэта ня тыя грошы, за якія варта было б змагацца любым чынам, зразумела, яны ня лішнія, але рызыкі будуць нашмат большыя. Падлікаў, што Расея страчвае, няма, і іх цяжка зрабіць, бо, напрыклад, тыя самыя крэвэткі цяпер ня толькі беларускія, але і лацінаамэрыканскія, і даволі іх шмат, і крамы як былі поўныя, так яны поўнымі і застаюцца. Зразумела, беларуская прадукцыя больш якасная, чым тая, што зроблена ў Маскве, але гэта ўсё ж кропля ў моры. Наўрад ці расейская дзяржава лічыць, колькі адзін гандляр атрымаў, а другі страціў.

Гэта палітычны разьлік, які, напрыклад, зараз будзе дзейнічаць адносна Швэйцарыі. Днямі высьветлілася, што экспарт яблыкаў там вырас амаль у 10 разоў, і зараз гэты экспарт будзе таксама перакрывацца. Так што Беларусь зараз апынецца ў пачэсным сьпісе разам з Швэйцарыяй. Гэта насамрэч ня самы кепскі сьпіс імпартэраў, якія былі злоўленыя на рээкспарце прадукцыі. Так што, мне падаецца, што ўсё ж першасная рацыя палітычная. Маецца на мэце паказаць, што санкцыі працуюць, што расейская дзяржава ёсьць і, што яна здольная гарантаваць выкананьне таго, што яна сказала.

Я б не сказаў, што санкцыі моцна паўплывалі на рынак. Рынак поўны, спажыўцы задаволеныя. Пакуль яшчэ не засталіся запасы, якія былі завезеныя раней. Так што праблем з харчаваньнем ніякіх пакуль што няма. Але я не выключаю, што забарона на ўвоз беларускай прадукцыі адаб’ецца на маскоўскім рынку, бо беларуская мясная прадукцыя прысутнічае амаль у кожным маскоўскім раёне і, наколькі я магу меркаваць, даволі добра ідзе.

Дракахруст: На ваш погляд тое, што «беларускія крэвэткі», пра якія ўжо складаюць анэкдоты, зьяўляюцца на расейскім рынку — гэта вынік няздольнасьці беларускай улады пракантраляваць, што прадаецца ў Расею, ці гэта сьвядомая палітыка абыходу расейскага эмбарга? Пэўны час таму міністар эканомікі Беларусі Мікалай Снапкоў казаў пра апошнюю магчымасьць. rus.newsru.ua/finance/14nov2014/embargo.html Праўда, паводле яго, Беларусь будзе заходнюю забароненую прадукцыю перапрацоўваць, а потым ужо прадаваць як сваю. Дык усё ж — гэта вынік нядбайнасьці ці наадварот — надзвычайнай дбайнасьці, выкарыстаньня праблемы, якую Расея стварыла сабе сваімі контрасанкцыямі?

Кабалевіч: Я думаю, што мае месца і адно, і другое. Безумоўна, беларускія ўлады вельмі актыўна падштурхоўваюць суб’екты гаспадараньня, каб скарыстацца гэтай сытуацыяй. І сам Лукашэнка публічна заклікаў і падначаленых, і бізнэс, прычым неаднаразова, каб яны карысталіся гэтым спрыяльным момантам, каб яны зарабілі на гэтым канфлікце, каб яны пашыралі пастаўкі харчаваньня ў Расею. Таму беларускія ўлады ня толькі не перашкаджаюць гэтай кантрабандзе, а ўсяляк спрыяюць ёй.

Што тычыцца эканамічнага эфэкту ад гэтага, то я згодны з тым, што для Расеі тут галоўны чыньнік хутчэй палітычны. Таму што само эмбарга было ўведзенае як помста Захаду. Што тычыцца Беларусі, то тут статыстыка даволі супярэчлівая. Вось перада мной заява з прэсавай канфэрэнцыі намесьніка міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі ад 11 лістапада, дзе ён кажа, што Беларусь не выйграе, а нават страчвае ад экспарту ў Расею з-за дэвальвацыі расейскага рубля.

За пэрыяд з моманту ўвядзеньня санкцый Беларусь страціла, паводле гэтага чыноўніка, 8,6 % экспартных даходаў ці каля 160 мільёнаў даляраў. Магчыма, што беларускія чыноўнікі ня ўсё кажуць, што насамрэч яны ня ўлічваюць нейкія шэрыя схемы. Але тут насамрэч цяжка высьветліць, дзе прыбытак, а дзе страты.

Дракахруст: Дзяніс, ці спрабавалі вы высьветліць, які балянс прыбыткаў і стратаў? Як я разумею, тут дзейнічае некалькі фактараў: з аднаго боку — агалілася частка расейскага рынку і гэта можна скарыстаць, з другога боку — адбылася дэвальвацыя ў Расеі, якая зьніжае даходы імпартэраў, з трэцяга боку — дэвальвацыя, магчыма, прывяла да зьніжэньня попыту ў Расеі. Які ўсё ж балянс: Беларусь выйграé на гэтым экспарце харчаваньня, ці ён нават зьменшыўся, як сьведчаць лічбы, на якія спаслаўся Валер?

Мельянцоў: Я паглядзеў статыстыку, якую вядзе беларускі Дзяржкамстат па розных гандлёвых пазыцыях, і там насамрэч інфармацыя досыць розная. З аднаго боку, можна браць пад увагу дэвальвацыю расейскага рубля, а з другога боку — там ёсьць велізарныя ўзьлёты экспарту па некаторых таварных пазыцыях, напрыклад, сьвежая ці замарожаная рыба, тыя самыя крэвэткі. Там рост за першае паўгодзьдзе ў 168 (!) разоў у параўнаньні з адпаведным леташнім пэрыядам. Такіх пазыцый, дзе ідзе рост па прадуктах харчаваньня — іх досыць шмат. Але ёсьць і пазыцыі, дзе сапраўды ідзе даволі істотнае падзеньне. Каб падлічыць балянс, патрэбная складаная праца.

Яшчэ, як ужо сказаў Валер, трэба прымаць да ўвагі кантрабанду, бо ў афіцыйнай статыстыцы яна ня ўлічваецца. Таму тут цяжка сказаць адназначна, ці мы страчваем ці ня страчваем. Але па тым, што праточваецца ў мэдыі, сапраўды там ідзе кантрабанда, ідуць даволі эфэктыўныя дамовы з Польшчай і Літвой наконт апрацоўкі іх прадукцыі.

Да таго ж ідзе відавочнае замяшчэньне ў Беларусі свайго харчаваньня заходнім, а беларускае ідзе ў Расею. Трэба прызнаць, што беларуская ўлада сапраўды варушыцца, спрабуе на гэтым зарабіць, але сказаць пэўныя лічбы немагчыма, бо цяпер іх вельмі цяжка падлічыць.

Чым адкажа Беларусь на расейскае харчовае эмбарга?

Дракахруст: «Мы вымушаны будзем рэагаваць», «калі вы нас пачняце шчаміць, вы ведаеце, што я цярпець ня буду», — казаў Аляксандар Лукашэнка, крытыкуючы расейскую забарону на беларускі харчовы імпарт. Ня будзе цярпець... і што зробіць? Дамова пра Эўразійскі саюз падпісаная, з 1 студзеня ўступае ў сілу. Як Беларусь можа і будзе рэагаваць на забарону?

Коктыш: Насамрэч палітычных захадаў няшмат, бо Эўразійская дамова падпісаная, і можна глядзець па іншых пагадненьнях, як Беларусь можа націснуць на Расею. Мне здаецца, што тут выгоды, якія ёсьць, будуць перакрываць тыя выйгрышы, якія магчыма атрымаць, калі мы будзем сварыцца. Ёмкасьць рынку, які адчыняецца ў выніку расейскай рэіндустрыялізацыі, настолькі вялікая, што яна кампэнсуе ўсе страты ад прыпыненьня і легальнага экспарту, і рээкспарту, і кантрабанды. Для Беларусі гэта быў бы шанец рэалізаваць сваю індустрыяльную ідэнтычнасьць, якая ўпершыню за ўвесь постсавецкі пэрыяд аказалася запатрабаванай.

Так што такіх відавочных палітычных захадаў, якія Беларусь магла б зрабіць у адказ, каб Расея спалохалася і вырашыла тэрмінова мірыцца, я пакуль ня бачу. Выйсьці з ратыфікацыі эўразійскага пагадненьня немагчыма, тым больш што ўсе нафтавыя і газавыя пагадненьні падпісаныя на ўмовах даволі выгодных для Беларусі і іх пераглядаць ніхто не будзе. Так што, мне здаецца, што ўсё ж ніякай жорсткай палітычнай рэакцыі ня будзе, бо захоўваецца даволі вялікі ўзровень залежнасьці ад Масквы. І калі Менск пачне меркаваць і узважваць, то ўсё ж тыя выгоды, пра якія я казаў, пакрыюць пачуцьцё пакрыўджанасьці. Моцных хадоў беларускага боку, якія цяпер можна было б рэалізаваць і імгненна атрымаць вынік, я пакуль ня бачу.

Дракахруст: Дзяніс, а вы бачыце? Я хачу зьвярнуць увагу на тое, што ў прынцыпе ніхто і нішто не прымушала Аляксандра Лукашэнку пераводзіць гэты канфлікт на вышэйшы палітычны ўзровень. Ідуць нейкія перамовы на ўзроўні міністраў, на ўзроўні віцэ-прэм’ераў, і ён мог бы, калі ў яго на руках козыраў няма, рабіць выгляд, што адбываецца, як той казаў, «спрэчка гаспадарчых суб’ектаў». А ён вывеў гэта на вышэйшы ўзровень і інтэрпрэтаваў гэта як двубой. «Мы не шчанюкі, каб нас за шкірку цягаць», — гэта фармулёўкі байца, фармулёўкі бойкі. Чаму ён лезе ў бойку, ня маючы на руках нічога, калі верыць Кірылу?

Мельянцоў: Гэта шмат у чым гульня на публіку. У Беларусі хутка пачнецца электаральная кампанія. Лукашэнка такім чынам вядзе сваю перадвыбарчую кампанію. Ён паказвае, што ён моцны гулец, што ён можа супрацьстаяць у тым ліку і Расеі. І яшчэ гэта мэсыдж на Захад, што Беларусь не такая залежная, як там шмат хто думае, што мы таксама шукаем магчымасьці, у аднаўленьні стасункаў з Захадам у тым ліку. Тое самае адбываецца падчас кожных прэзыдэнцкіх выбараў.

Што тычыцца рычагоў, то я хачу нагадаць, што падчас ратыфікацыі дамовы аб Эўразійскім эканамічным саюзе ў самім ратыфікацыйным законе ёсьць беларуская заўвага, што Беларусь будзе выконваць усе ўзятыя на сябе абавязкі толькі тады, калі Расея скасуе ўсе тыя бар’еры і гандлёвыя абмежаваньні, пра якія так шмат гаварылася. Такім чынам афіцыйны Менск паказаў свае рычагі і магчымасьці. То бок, калі Расея будзе працягваць рабіць падатковы манэўр, але без дастатковай кампэнсацыі Беларусі, альбо калі пасьля ўсіх пераходных пэрыядаў ня будуць зьнятыя абмежаваньні ў гандлі, то Беларусь таксама можа не выконваць палажэньні гэтай дамовы. Тут вельмі яскрава паказана, якім чынам Беларусь можа адказваць на крокі Расеі, якія выходзяць за межы дамоўленасьцяў, якія ўжо былі дасягнутыя.

Дракахруст: Валер, як вы думаеце, якія тут могуць быць адказы? Яны ж могуць быць асымэтрычныя і палягаць у розных сфэрах. Магчыма, гэта з вобласьці фантастыкі, але магчымае вызваленьне палітвязьняў з наступным рэзкім паляпшэньнем стасункаў з Захадам, прычым, гэтае паляпшэньне можа мець і фінансавае вымярэньне. І расейцам тут асабліва ня будзе што і запярэчыць, не яны ж прымушаюць Лукашэнку трымаць Статкевіча і іншых за кратамі. Кірыл лічыць, што свабода манэўру ў Аляксандра Лукашэнкі вельмі вузкая — гэта так?

Карбалевіч: Пэўная свабода манэўраў усё ж такі ёсьць. І я думаю, што ў гэтым адказ на вашае пытаньне, чаму Лукашэнка публічна стаў пра гэта гаварыць і прычым у такім рэзкім тоне. Я тут раблю працяг з тых высноў, якія я рабіў яшчэ з прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнкі для расейскіх журналістаў у кастрычніку. Я думаю, што Лукашэнка проста паглядзеў, што Расея цяпер знаходзіцца ў дрэнным стане, што яна слабая, што яна проста не разьлічыла сілы ў сваім канфлікце з Захадам і цяпер апынулася ў кепскай сытуацыі. А са слабымі размаўляюць з пазыцыі сілы. Таму Лукашэнка асьмялеў. Слабасьць Расеі праявілася і ў тым, як лёгка Лукашэнка выбіў з Расеі захаваньне ў Беларусі мыта на нафтапрадукты. Калі слабая, то чаго зь ёй цырымоніцца?

Якія могуць быць рэальныя дзеяньні — сказаць цяжка. Тым больш, не выключаю, што ў хуткім часе гэтая праблема будзе зьнятая, бо яна ўжо вынесеная на абмеркаваньне ў Эўразійскую эканамічную камісію і, магчыма, яна будзе зьнятая. Але сапраўды тут магчымыя нейкія асымэтрычныя дзеяньні, магчыма, увязваньне зь іншымі пытаньнямі, кшталту пытаньня пра вайсковую базу Расеі. Сытуацыю сапраўды можна параўнаць з той харчовай вайной, якая была ў 2009 годзе, калі Лукашэнка адмовіўся ехаць на саміт АДКБ. Магчыма, будуць нейкія сымбалічныя крокі ў рэчышчы перашкодаў на шляху расейскай прадукцыі. Варыянты ёсьць. Магчыма, яны ня вельмі моцныя, але ў псыхалягічным і сымбалічным сэнсе яны «гучаць».

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG