Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьветныя СМІ: Час называць вайну Расеі супраць Украіны вайной


Сусьветныя СМІ пішуць пра маштабы ахвяраў сярод расейскіх салдат, якія былі задзейнічаныя ў канфлікце на Данбасе. Аглядальнікі зьвяртаюць увагу на тое, як Украіна зьмяняе накірункі глябальных энэргетычных патокаў.

Газэта Financial Times піша, што амэрыканскі прэзыдэнт Барак Абама не вырашаецца ўжываць слова «ўварваньне» і пытаецца ў сваіх дарадцаў, чаму Ўкраіна так важна. Расея адмаўляе, што яе войскі прысутнічаюць ва Ўкраіне, а сама Ўкраіна характарызуе свае ваенныя дзеяньні як правядзеньне «антытэрарыстычнай апэрацыі». На самай справе, Эўропа зьяўляецца сьведкам вайны, якая прыносіць Расеі ахвяры ў прапорцыях, невядомых з часу савецкага ўварваньня ў Аўганістан. «Цяпер час прызнаць гэта», — адзначае газэта. Выданьне спасылаецца на расейскую грамадзкую актывістку Алену Васільеву, якая, абапіраючыся на інфармацыю расейскіх сем’яў па ўсёй краіне, кажа, што дзе-то 4000 расейскіх салдат загінулі ў канфлікце на ўсходзе Ўкраіны.

Расейскія грамадзкія арганізацыі, такія як «Камітэт салдацкіх маці» і «Інформ Напалм» таксама пацьвярджаюць гэтую лічбу. Толькі за пяць месяцаў баявых дзеяньняў Расея страціла тую ж колькасьць вайскоўцаў, і ЗША за 12 гадоў вайны ў Іраку і прыкладна траціну ад колькасьці савецкіх стратаў на працягу дзевяці гадоў савецкай акупацыі Аўганістана.

за пяць месяцаў баявых дзеяньняў Расея страціла тую ж колькасьць вайскоўцаў, што і ЗША за 12 гадоў вайны ў Іраку

«Такія вельмі высокія ўзроўні стратаў адлюстроўваюць паўнавартасную вайну паміж Украінай і Расіяй хутчэй, чым нізкую актыўнасьць баявікоў або тэрарыстычнай кампаніі», — указвае газэта. Злучанае Каралеўства страціла 600 воінаў і паліцэйскіх у Паўночнай Ірляндыі за тры дзесяцігодзьдзі напружаньня там. Газэта піша, што хоць расейскае адмаўленьне ўварваньня ва Ўсходнюю Ўкраіну ўсё больш нагадвае савецкую хлусьню адносна ўварваньня ў Аўганістан, аднак, ёсьць два адрозьненьні. Па-першае, на думку газэты, падчас кіраваньня Міхаіла Гарбачова на апошніх стадыях аўганскай кампаніі свабода СМІ была большая, чым цяпер у Расеі Пуціна. Па-другое, Пуцін ня можа перакрыць усе каналы інфармацыі ў інтэрнэце наконт расейскіх стратаў. Ва Ўкраіне ёсьць самыя свабодныя ў сьвеце расейскамоўныя сродкі масавай інфармацыі і яны ёсьць у інтэрнэце — прынамсі для тых, хто мае доступ да інтэрнэту.

будучыня сучаснай Украіны ляжыць у Эўропе

Газэта Wall Street Journal зьмяшчае артыкул дэпутата ўкраінскага парлямэнта ад «Апазыцыйнага блёка» Сяргея Лёвачкіна пад загалоўкам «Шлях наперад для Ўкраіны», у якой сьцвярджаецца, што на фоне інтэграцыі Ўкраіны ў Эўропу, Расея — зь цягам часу — таксама пойдзе гэтай дарогай. Лёвачкін піша, што праз год пасьля пачатку Майдана важна паглядзець, куды рухаецца Ўкраіна. І рухаецца яна наперад, хоць шлях наперад будзе няпростым. Як былы кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Януковіча, Лёвачкін адзначае, што яго былы бос стаў закладнікам дзеяньняў і апынуўся на ілжывым баку гісторыі, зрабіўшы зусім мала, каб адказаць на патрабаваньні пратэстуючых у Кіеве. Краіна ў вачах навакольнага сьвету выглядала слабай, разрываючыся паміж Пагадненьнем аб асацыяцыі з ЭЗ і контрпрапановай з боку эўразійскага Мытнага саюзу, у якім дамінуе Масква. Лёвачкін піша, што будучыня сучаснай Украіны ляжыць у Эўропе. Аднак заходнія памкненьні апошні час прыносяць больш горычы, чым пладоў. Інтэграцыя ў заходніх інстытутаў не павінна быць гульнёй з нулявым вынікам у пляне ўкраінскіх інтарэсаў на паўночным усходзе. «Пры нашай інтэграцыі з Захадам, Расея будзе — з цягам часу — рушыць усьлед нашаму прыкладу», — піша аўтар.

Ён дадае, што цяпер палітычная эліта Ўкраіны павінна, па-першае, патушыць імкненьне да палітычнай помсты. Хоць павінны быць ўсталяваныя вінаватыя ў ста сьмерцях на Майдане, а рэфармаваныя суды павінны заняцца прыкладамі значнай карупцыі, але прыслухваючыся да экстрэмістаў, цяперашні ўрад толькі пагаршае раскол нацыі, піша Лёвачкін. Па-другое, на яго думку, патрэбныя рэформы для выратаваньня эканомікі, а не радыкальныя меры, якія выгадныя толькі адарваным ад зямлі банкірам. І, па-трэцяе, на думку Лёвачкіна, ўкраінцы маюць цяпер зводзіць масты, а не будаваць сьцены, маючы на ўвазе пляны па пабудове сьцяны на мяжы з Расіяй. Прыярытэтам на яго думку, павінна быць выратаваньне цывільных асобаў, якія трапілі ў цэнтар канфлікту на Ўсходзе. Мэтай жа ўсіх павінна быць, на думку Лёвачкіна, пабудова адзінай эўрапейскай Украіны.

Ўкраіна зараз зьмяняе накірункі глябальных энэргетычных патокаў

Выданьне The Diplomat піша, што Ўкраіна зараз зьмяняе накірункі глябальных энэргетычных патокаў. Украіна зьяўляецца транзытнай краінай, паколькі праз яе тэрыторыю значны аб’ём расейскага газу трапляе ў Эўропу. Улічваючы гэта, некаторыя экспэрты кажуць, што энэргетычная бясьпека сябраў ЭЗ апынулася ў руках Пуціна. Мінімальна, што могуць зрабіць гэтыя краіны — дык гэта дывэрсыфікаваць крыніцы паставак, асабліва гэта тычыцца краінаў, якія больш за ўсё залежаць ад расейскіх паставак. Аднак, разнастайнасьць крыніц не адбываецца за адну ноч. Скажам, узгоднены нядаўна расейска-кітайскі газавы праект «Сіла Сыбіры», па якім расейскі газ павінен пастаўляцца Кітаю, запрацуе у 2019 годзе, пішае выданьне. Пры гэтым пад увагу будзе прымацца і разьвіцьцё падзей ва Ўкраіне. І хоць расейскія энэргетычныя кампаніі прыглядаюцца да ўсходняга рынку, аднак цалкам адмовіцца ад эўрапейскага рынку яны ўсё роўна ня змогуць і будуць пераконваць эўрапейскіх спажыўцоў у сваёй надзейнасьці. Адносная ізаляцыя Расеі з-за крызісу ва Ўкраіне прымусіла Пуціна шукаць новыя энэргетычныя альтэрнатывы ва ўсходняй частцы Азіі. І яго посьпех у гэтым можа азначаць, што заходнія санкцыі прывядуць да перафарматаваньня энэргетычных рынкаў у бліжэйшыя гады, адзначае выданьне.

XS
SM
MD
LG