Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці праб’е беларуская прадукцыя расейскую мяжу?


Перамовы адносна паставак харчовай прадукцыі зь Беларусі ў Расею адновяцца 2 сьнежня ў Менску.

Пра гэта паведаміў журналістам намесьнік міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі Ігар Брыло пасьля пасяджэньня ў Мінсельгасхарчы з удзелам расейскага боку.

Сёньня адбыліся перамовы кіраўніцтва Мінсельгасхарча Беларусі і зацікаўленых бакоў з намесьнікам кіраўніка Рассельгаснагляду Яўгенам Непаклонавым. Расейскаму боку перададзены поўны пакет дакумэнтаў па кожным прадпрыемстве, якое закрыта, апавёў Ігар Брыло.

«Паводле інфармацыі, якая ў нас сёньня ёсьць, у нас практычна па ўсіх прадпрыемствах няма ніякіх падставаў, каб яны былі закрытыя. Мы прыкладзем усе намаганьні, каб частка беларускіх прадпрыемстваў да канца заўтрашняга дня былі адкрыты для паставак прадукцыі ў Расею», — падкрэсьліў Ігар Брыло.

Таксама ён заўважыў, што расейцы проста інфармуюць пра нібыта знаходжаньне «нейкай неадпаведнасьці нашай прадукцыі па тых ці іншых намэнклятурных паказчыках». Пры гэтым яны не па кожным факце прад’яўляюць пратаколы выпрабаваньняў.

«Мы лічым гэта грубым парушэньнем, пра што і заявілі Яўгену Непаклонаву», — цытуе БЕЛТА Ігара Брыло.

Тым часам Рассельгаснагляд паведамляе пра новыя забароны паставак прадукцыі зь Беларусі. 1 сьнежня Рассельгаснагляд прад’явіў прэтэнзіі да Мёрскага мясакамбіната, у прадукцыі якога нібыта выяўлены геном АЧС.

Аднак, як паведаміў Ігар Брыло, Мёрскі мясакамбінат не пастаўляе сваю прадукцыю ў Расею цягам апошніх паўтара годоў.

Таксама паведамляецца, што расейскі бок спыніў увоз 14 тон рыбных галоў вытворчасьці Нарвэгіі для прамысловай перапрацоўкі. Гэтая прадукцыя адпраўлена з магілёўскага прадпрыемства «Чызмайстар». Паводле расейскага боку, на ўпакоўцы знойдзены сьляды выдаленай маркіроўкі.

Рассельгаснагляд раней забараніў пастаўку прадуктаў харчаваньня ў РФ больш чым 20 беларускіх прадпрыемстваў з-за знойдзеных у іх прадукцыі геному віруса АЧС, мікробнага забруджваньня і антыбіётыкаў. Акрамя таго, расейскі бок настойвае на забароне транзыту харчоў, якія трапілі ў Расеі пад эмбарга, з тэрыторыі Беларусі ў трэція краіны. Рассельгаснагляд патрабуе, каб транзыт такой прадукцыі ішоў толькі праз расейскія пункты пропуску.

Расейскі бок адзначае, што пастаўкі ў Беларусь прадукцыі, якая трапіла пад расейскае эмбарга, вырасьлі на 80%.

XS
SM
MD
LG