Лінкі ўнівэрсальнага доступу

80 тысяч дармаедаў налічылі на Магілёўшчыне


Кіраўнік абласной вэртыкалі на сёньняшняй пашыранай нарадзе патрабаваў ад падначаленых рашучых дзеяньняў па выкараненьні дармаедзтва

Што зь імі будуць рабіць, пакуль невядома. Старшыня аблвыканкаму Пётар Руднік цягам тыдня чакае прапановаў. Кіраўнік абласной вэртыкалі на сёньняшняй пашыранай нарадзе патрабаваў ад падначаленых рашучых дзеяньняў па выкараненьні дармаедзтва:

«Працаўладкаваць і прымусіць. На слова „прымусіць“ зьвяртаю асаблівую ўвагу. Асабліва тых, хто ў сваім жыцьці не працаваў і нічога не рабіў», — даводзіў сваё бачаньне барацьбы з дармаедамі Пётар Руднік.

20 кастрычніка на нарадзе па пытаньнях занятасьці і міграцыі Аляксандар Лукашэнка падтрымаў прапанову Міністэрства ўнутраных спраў аб унясеньні ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях норму, якая дазволіць прыцягваць да адказнасьці, у тым ліку і да прымусовага працаўладкаваньня, грамадзянаў, якія не працуюць. Кіраўнік дзяржавы тады завіў:

«Хочаце вярнуць паняцьце „дармаедзтва“ — вяртайце. Гэта будзе больш зразумела для народа. Ня трэба нічога добрага, што было ў савецкія часы зроблена, адкідаць, у тым ліку і тэрміналёгію. Любымі спосабамі, якія мы ведаем і ўмеем рабіць, трэба прымусіць гэтых людзей працаваць. Да 1 студзеня прыняць меры, каб усе працавалі, прымусіць усіх працаваць!»

Пасьля той нарады ў беларускіх рэгіёнах пачалі складаць сьпісы людзей, якія, на думку чыноўнікаў і міліцыі, трапляюць у катэгорыю «дармаеды». Амаль кожная раёнка паведамляла, колькі іх выяўлена.

Андрэй Юркоў

Андрэй Юркоў

Эканаміст Андрэй Юркоў жыве ў вёсцы. Паводле яго, заявы чыноўнікаў пра «захады па выкараненьні дармаедзтва» мясцовы люд напалохалі. Вяскоўцы лічаць, што цяпер усіх, хто без занятку, будуць адлоўліваць. На думку эканаміста, прымусовае працаўладкаваньне малаэфэктыўнае. Барацьба з дармаедамі дадасьць больш працы міліцыі ды органам, якія займаюцца працаўладкаваньнем насельніцтва. Плён ад гэтага сумнеўны, лічыць Андрэй Юркоў:

«У нас на вёсцы багата тых, хто сьпіўся ўшчэнт. Што ён можа? Хіба што плот суседу падправіць. Які зь яго ўжо працаўнік і падаткаплатнік? Зь нядаўняй гісторыі падобныя захады былі ў Савецкім Саюзе — ГУЛаг, ды у Нямеччыне — „канцлягеры“. Вось там пад кулямётамі, пад музыку тыя дармаеды рабілі неяк. У нармальных эканоміках гарантыяй працаўладкаваньня ёсьць разьвіты прыватны бізнэс. У людзей павінны быць грошы. А так у сьпісы дармаедаў можна заносіць і пэнсіянэраў. Яны нічога ня робяць, а зь дзяржавы цягнуць».

Тым часам на сёньняшняй нарадзе ў Магілёўскім аблвыканкаме стала вядома, што 24 арганізацыі не разьлічыліся са сваімі працаўнікамі за кастрычнік. А вось на Бабруйскім камбінаце жалезабэтонных вырабаў ня выплацілі заробак за верасень. Запазычанасьць прадпрыемства перад працоўнымі складае больш за мільярд рублёў. За гэтыя пралікі пасады пазбавілі намесьніка старшыні Бабруйскага гарвыканкаму па эканоміцы.

XS
SM
MD
LG