Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва адпрацоўвае пляны прыкрыцьця ўсходняй мяжы


На тактычных вучэньнях літоўскія памежнікі разам з вайскоўцамі, а таксама падразьдзяленьнямі паліцыі і Службы публічнай бясьпекі адпрацоўвалі дзеяньні паводле пляну прыкрыцьця мяжы, спосабы блякаваньня раёну пошукаў і, ва ўзаемадзеяньні, затрыманьне ўзброеных групаў парушальнікаў мяжы.

Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы паведамляе, што ў вучэньнях, якія зь пятніцы да нядзелі праходзілі ў ваколіцах Друскенікаў і на тэрыторыі Аранскага і Салечніцкага раёнаў удзельнічала паўтысячы прадстаўнікоў розных ведамстваў, паведамляе інфармацыйны партал delfi.lt.

Паводле легенды вучэньняў, у некалькіх мясцовасьцях памежжа Літвы былі заўважаныя падазроныя асобы. У тым самым часе ў кантрольных пунктах краіны адно за адным былі ўчыненыя сур’ёзныя парушэньні — была выяўленая асоба, якая незаконна перавезла ў Літву вялікую суму наяўных грошай, затрыманы падазроны груз камуфляжнай уніформы, была зафіксаваная спроба правезьці без дазволу празь дзяржаўную мяжу груз ваеннага прызначэньня. Яшчэ адзін падазроны груз асобы, што спрабавалі яго правезьці, падпалілі проста на памежных пункце. Апрача таго, памежнікі зафіксавалі бесьпілётны лятальны апарат з абсталяваньнем відэазапісу, які парушыў літоўскую паветраную прастору. Урэшце, у Літву прабралася падазроная група ўзброеных парушальнікаў мяжы.

З увагі на такую сытуацыі ў памежнай зоне, было распачатае выкананьне пляну прыкрыцьця — у неспакойны раён тэрмінова перакінутыя памежнікі, ім на дапамогу прыбылі вайскоўцы, службоўцы паліцыі і Службы публічнай бясьпекі.

Супрацоўнікі розных ведамстваў вучыліся разам блякаваць даволі вялікі раён пошукаў і арганізоўваць дзеяньні па выяўленьні, перасьледзе і затрыманьні парушальнікаў мяжы, з ужываньнем розных сілаў як на зямлі, гэтак і ў паветры пры ўзаемадзеяньні зь верталётамі памежнай службы.

XS
SM
MD
LG