Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары ў Малдове: усё далей ад Расеі, усё бліжэй да Эўропы


Галоўныя вынікі парлямэнцкіх выбараў у Малдове — гэта перамога праэўрапейскіх сілаў і канчатковая страта камуністамі лідэрскіх пазыцыяў у малдаўскай палітыцы.

Такую думку ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў малдаўскі палітоляг Анатол Цэрану.

«Верагоднасьць стварэньня праэўрапейскай кааліцыі вельмі вялікая, і гэта значыць, што Рэспубліка Малдова захоўвае вернасьць свайму праэўрапейскаму курсу і цяпер шанцы рушыць на ўсход у бок Мытнага саюза, Эўразійскага саюза дастаткова невялікія. Істотна, што праэўрапейскія сілы захавалі кантроль над уладай, а гэта азначае адкрыцьцё новых пэрспэктываў для эўрапейскай інтэграцыі і далейшага павелічэньня колькасьці яе прыхільнікаў. Гэта відавочна і гэта самы галоўны вынік, таму што канфрантацыя дзьвюх мадэляў разьвіцьця, якая адбылася ў Рэспубліцы Малдова на гэтых выбарах, скончылася перамогай эўрапейскай мадэлі», — падкрэсьлівае экспэрт.

Цэрану зьвяртае ўвагу таксама на тое, што «чыстыя прыхільнікі эўразійскай інтэграцыі» складаюць толькі 1/5 насельніцтва Рэспублікі Малдова — менавіта столькі людзей аддалі свае галасы за Партыю сацыялістаў Ігара Дадона, якая цьвёрда выступае за Мытны саюз і на якую, як лічыцца, ставіла падчас выбараў Масква.

Што тычыцца камуністаў, якія займаюць менш пэўную пазыцыю па пытаньні геапалітычнага выбару Малдовы, то яны наагул на гэтых выбарах праваліліся, набраўшы значна менш галасоў, чым у 2010 годзе (тады яны атрымалі амаль 40% галасоў).

«Адзін з вынікаў гэтых выбараў у тым, што надышоў канец лідэрству Партыі камуністаў на палітычнай сцэне. Думаю, што пасьля гэтых выбараў аднаўленьне моцы камуністаў у тым выглядзе, у якім яна існавала ў першае дзесяцігодзьдзе 2000-х, ужо немагчымае», — лічыць Цэрану.

Адной з найбольш гучных падзеяў парлямэнцкай кампаніі ў Малдове стала адхіленьне ад удзелу ў выбарах партыі Patria (Радзіма) Рэната Вусатага, якую ўлады абвінавацілі ў выкарыстаньні замежных сродкаў для сваёй кампаніі і замарозілі яе рахункі. Лічыцца, што Patria фінансуецца Расеяй, агучваюцца нават вэрсіі, што Вусатага непасрэдна курыруе Фэдэральная служба бясьпекі. Адразу пасьля зьняцьця з выбараў Вусаты зьехаў у Маскву, сьцьвярджаючы, што яму пагражае арышт.

Цэрану лічыць, што калі б партыя Patria ўдзельнічала ў выбарах, то гэта не прывяло б да прынцыповага іншага раскладу сілаў у новым малдаўскім парлямэнце — прарасейскія сілы ўсё роўна не атрымалі б большасьць. Але першае месца на выбарах Партыі сацыялістаў Ігара Дадона — гэта прамы вынік зьняцьця партыі Вусатага, таму што яго электарат пасьля зьняцьця Patria падтрымаў менавіта сацыялістаў.

«Адбылося такое перацяканьне галасоў. У выніку ад рашэньня Вярхоўнага суда Малдовы больш за ўсё выйграла Партыя сацыялістаў — яны атрымалі амаль усю электаральную спадчыну Вусатага», — кажа Цэрану.

Па выніках падліку 90 % галасоў у парлямэнт Малдовы праходзяць пяць партыяў:

  • Партыя сацыялістаў (21,34% галасоў),
  • Лібэральна-дэмакратычная партыя (19,46%),
  • Партыя камуністаў (17,95%),
  • Дэмакратычная партыя (15,78%),
  • Лібэральная партыя (9,36%).

Нягледзячы на тое, што прарасейскія партыі сацыялістаў і камуністаў займаюць першае і трэцяе месца па выніках выбараў, у цэлым тры астатнія партыі (лібэрал-дэмакраты, дэмакраты і лібэралы), якія зьяўляюцца прыхільнікамі эўрапейскага выбару, павінны атрымаць большасьць у новым парлямэнце.

Яўка выбаршчыкаў, паводле падлікаў уладаў, склала 55,86%.

Дэпутатаў у малдаўскі парлямэнт абіраюць на 4 гады. Парлямэнцкая большасьць павінна будзе сфармаваць урад краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG