Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Расеі зь любоўю: Масква і эўрапейскія правыя радыкалы


Марын Лё Пэн

Марын Лё Пэн

Расея сур'ёзна ўзялася за выратаваньне францускіх нацыяналістаў ад фінансавага краху. Як паведамляе ў гэтыя дні француская прэса, пачалося ўсё ня ў верасьні, калі расейскі банк выдзеліў партыі "Нацыянальны фронт" шматмільённы крэдыт, а яшчэ ў красавіку, калі заснавальнік і ганаровы прэзыдэнт гэтай праварадыкальнай партыі Жан-Мары Лё Пэн атрымаў два мільёны эўра ад зарэгістраванай на Кіпры кампаніі, узначальванай Юрыем Кудзімавым, генэральным дырэктарам інвэстыцыйнай кампаніі Зьнешэканомбанку "ЗЭБ Капітал". Лё Пэн гэтую інфармацыю пацьвердзіў, як пацьвердзіла факт атрыманьня расейскага крэдыту ягоная дачка, Марын Лё Пэн, лідэр "Нацыянальнага фронту".

Аб блізкіх дачыненьнях францускіх нацыяналістаў з расейскім істэблішмэнтам апошнімі гадамі шмат казалі і пісалі ў СМІ. З моманту прыходу на пасаду старшыні партыі "Нацыянальны фронт" (Front National, FN) у 2011 годзе, Марын Лё Пэн ня раз выказвала сваё захапленьне асобай Уладзіміра Пуціна і нават называла сябе "адзіным чалавекам у Францыі, які абараняе Расею". Фактычна па ўсіх міжнародных пытаньнях, ад Сырыі да Ўкраіны, FN заўсёды займаў прарасейскую пазыцыю.

Магчыма, менавіта таму француская грамадзкасьць не асабліва зьдзівілася вестцы аб тым, што адзін з расейскіх банкаў выдзеліў гэтай праварадыкальнай партыі буйны крэдыт. Гэтую інфармацыю 22 лістапада апублікаваў францускі аналяг Wikileaks, сеткавае выданьне Mediapart. У публікацыі гаворыцца, што ў сёлета ў верасьні, ня здолеўшы дамагчыся крэдыту ў францускім банку, FN атрымаў 9.000.000 эўра ў Расеі. Лідэр FN Марын Лё Пэн пасьпяшалася растлумачыць на сайце выданьня Le Monde: "Мы накіравалі запыты паўсюль - у Гішпанію, Італію, ЗША, Азію, і ў Расею. Першы кантракт, які нам удалося злавіць, мы падпісалі, і вельмі гэтым задаволеныя".

9 мільёнаў эўра, атрыманыя ў "Першым чэска-расейскім банку" - гэта толькі першы транш значна буйнейшай сумы, якую "Нацыянальны фронт" разьлічвае атрымаць у Расеі - 40 мільёнаў эўра

Лё Пэн абвяргае чуткі аб тым, што нібыта было лабіраваньне з боку Крамля для атрыманьня гэтага фінансаваньня. Скарбнік партыі Валеран Дэ Сен-Жуст толькі згадаў у размове з журналістамі "сувязі ў Расеі", якія мае дэпутат Эўрапарлямэнту ад FN Жан-Люк Шафхаузэр. Mediapart са спасылкай на ананімную крыніцу ў FN, піша, што дзевяць мільёнаў эўра, атрыманыя ў "Першым чэска-расейскім банку" - гэта толькі першы транш значна буйнейшай сумы, якую партыя разьлічвае атрымаць у Расеі - 40 мільёнаў эўра. "Інфармацыя пра гэты крэдыт вельмі доўгі час не выносілася на грамадзкае абмеркаваньне. Пра яго нічога не было вядома, хоць журналісты і «капалі» гэтую тэму", - расказала Радыё Свабода спэцыялістка па франка-расейскіх дачыненьнях з Францускага інстытуту міжнародных дачыненьняў (IFRI) Тацяна Кастуева-Жан:

"У адказ на абвінавачаньні прэсы Марын Лё Пэн заявіла, што была б радая пазычыць грошы ў францускім банку, але ўсе банкі, да якіх яна зьвярталася, адказалі адмовай, і яна была вымушана зьвярнуцца па крэдыт у ЗША, Гішпанію і Расею. І менавіта Расея дала ёй крэдыт. Само па сабе атрыманьне такога крэдыту не зьяўляецца незаконным. Яно становіцца незаконным, калі гаворка ідзе аб прыхаваным субсыдыяваньні з боку замежнай дзяржавы або аб адмываньні брудных грошай. У гэтым пляне партыя Лё Пэн ад гэтага часу трапляе пад вельмі пільную ўвагу журналістаў і грамадзкіх органаў улады. Пытаньне каналаў расейскага ўплыву і магчымага расейскага фінансаваньня даўно выклікала ў першых павышаную цікавасьць. Тым ня менш, сур'ёзнага скандалу з гэтай нагоды ў Францыі не адбылося. Навіна нея на першых палосах францускіх газэт. Я думаю, што ў гэтай гісторыі, магчыма, будзе больш позьні, "адкладзены" эфэкт, і што яна можа ўсплыць падчас найбліжэйшай выбарчай кампаніі".

Вясной сёлета акцыю пратэсту каля парыскага офісу "Нацыянальнага фронту" зладзілі актывісты групы "Фэмэн"

Вясной сёлета акцыю пратэсту каля парыскага офісу "Нацыянальнага фронту" зладзілі актывісты групы "Фэмэн"

У цэлым жа, кажа, Тацяна Кастуева-Жан, скандалаў зь фінансаваньнем палітычных партый у Францыі заўсёды хапала. Пад абвінавачаньні траплялі і Шырак, і Сарказі, прычым па зусім розных прычынах. У выпадку з апошнім, напрыклад, гаворка ішла аб фінансаваньні выбарчай кампаніі зь Лібіі:

"Мне здаецца, што вынікам гэтай гісторыі з расейскім фінансаваньнем для "Нацыянальнага фронту" будзе яшчэ большая палярызацыя пазыцый прыхільнікаў і праціўнікаў гэтай партыі. Прыхільнікі будуць абараняць гэтае рашэньне, абвінавачваючы францускія банкі ў адсутнасьці падтрымкі ўнутры краіны, якое падштурхнула партыю да такога кроку. А для праціўнікаў гэта паслужыць падставай для яшчэ большай дыскрэдытацыі і крытыкі на адрас Лё Пэн. Але рэзкай зьмены стаўленьня выбаршчыкаў да партыі з-за наяўнасьці гэтага фінансаваньня або страты папулярнасьці яе лідэра не адбудзецца".

Даверныя адносіны, вынікам якіх стала выдзяленьне партыі Марын Лё Пэн буйнога крэдыту, пачаліся ў "Нацыянальнага фронту" з Масквой досыць даўно. Спачатку гаворка ішла ў асноўным аб "дружбе" з апазыцыйнымі партыямі правага кірунку, аднак даволі хутка францускія нацыяналісты ператварыліся ў партнэраў галоўнага гульца расейскай палітыкі - партыі "Адзіная Расея", працягвае Тацяна Кастуева-Жан:

Прэзыдэнт "Нацыянальнага фронту" Жан-Мары Лё Пэн і Ўладзімір Жырыноўскі, 1996 год

Прэзыдэнт "Нацыянальнага фронту" Жан-Мары Лё Пэн і Ўладзімір Жырыноўскі, 1996 год

"Першапачаткова партнэрам партыі Марын Лё Пэн у Расеі доўгі час быў Уладзімір Жырыноўскі. Менавіта гэтыя дзьве партыі ("Нацыянальны фронт» і ЛДПР - РС) былі блізкія па сваіх лёзунгах, па духу, па ідэалёгіі. Паўтара-два гады таму стала паступова адчувацца зрушэньне акцэнтаў, і Марын Лё Пэн стала ў Расеі ўспрымацца па-іншаму. Усё гэта вырвалася на паверхню і стала здабыткам грамадзкасьці з пачаткам украінскага крызісу, у пачатку гэтага году. Многія журналісты на сёньняшні дзень вядуць расьсьледаваньні аб расейскіх каналах уплыву, і гэтыя расьсьледаваньні ў першую чаргу тычыліся партыі "Нацыянальны фронт" і Марын Лё Пэн. Але яшчэ летам мінулага года адбыўся першы з двух візытаў, калі Лё Пэн прымалі на вельмі высокім узроўні - зь ёй, у прыватнасьці, сустракаўся Сяргей Нарышкін, старшыня Дзярждумы".

Марын Лё Пэн на сустрэчы з Сяргеем Нарышкіным, 19 чэрвеня 2014 году

Марын Лё Пэн на сустрэчы з Сяргеем Нарышкіным, 19 чэрвеня 2014 году

Гэта дэманструе ў першую чаргу ідэалягічную блізкасьць і блізкасьць каштоўнасьцяў, якія сёньня падзяляюць Расея і францускія нацыяналісты, лічыць Кастуева-Жан:

"Існуе нейкая ўзаемная легітымацыя: Марын Лё Пэн можа сьцьвярджаць, што ў такой вялікай дзяржаве, як Расея, каштоўнасьці, за якія выступае яе партыя, адстойваюцца на дзяржаўным узроўні. Тады як для Расеі - гэта магчымасьць паказаць, што яна цалкам не ізаляваная, не самотная і што ў Эўропе ў яе ёсьць надзейныя партнэры, якія падтрымліваюць яе палітыку. Акрамя іншага такое стаўленьне да Марын Лё Пэн можа сьведчыць аб тым, што расейскія ўлады лічаць яе магчымым наступным прэзыдэнтам у Францыі, асабліва ў сьвятле яе нядаўніх посьпехаў на муніцыпальных і эўрапейскіх выбарах. Парадаксальна тут тое, што Расея сёньня падтрымлівае вельмі правыя партыі ў многіх краінах Эўрапейскага зьвязу, акрамя Ўкраіны. Гэта вельмі супярэчлівы момант. Можна ўспомніць хаця б Вугоршчыну, дзе партыя "Jobbik" падтрымліваецца Расеяй. Акрамя Ўкраіны, у многіх іншых эўрапейскіх краінах найлепшыя сябры Расеі сёньня - гэта вельмі правыя партыі".

Расейскія ўлады лічаць яе магчымым наступным прэзыдэнтам у Францыі, асабліва ў сьвятле яе нядаўніх посьпехаў на муніцыпальных і эўрапейскіх выбарах

Расея шукае каналы актыўнага ўплыву на замежныя дзяржавы: праз партыі, якія падзяляюць яе пазыцыі, праз суайчыньнікаў і з дапамогай пэўных дзеяньняў, якія даюць жаданы эфэкт, лічыць экспэрт IFRI. Цалкам геніяльным піяр-ходам расейскай "мяккай сілы", на яе думку, стала рашэньне Масквы падарыць Парыжу галоўную калядную ёлку, усталяваную на плошчы каля Сабору Парыскай Божай Маці. "У расейскай прэсе гэта падаецца як той факт, што Расея ратуе хрысьціянскія каштоўнасьці ў Францыі, якая сама ўжо ня здольная іх фінансаваць. Цалкам геніяльны ход расейскай дыпляматыі, і я думаю, што такіх акцый будзе ўсё больш і больш", кажа Тацяна Кастуева -Жан. "Адзінае, чым яны могуць быць абмежаваныя, гэта фінансавымі цяжкасьцямі, паколькі эканоміка Расеі на сёньняшні дзень не адчувае сябе дастаткова моцнай, як гэта было яшчэ пэўны час таму, пры высокай цане на нафту".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG