Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Курсы «Мова Нанова» атрымалі дзяржаўную рэгістрацыю


Заняткі ў Менску ў кастрычніку

Заняткі ў Менску ў кастрычніку

Сацыяльна-культурная ўстанова разьвіцьця беларускай мовы і культуры «Мова Нанова» весьці грашова-камэрцыйную дзейнасьць ня будзе. Аднак цяпер ахвяраваць на яе карысьць зможа любы ахвотны.

Як паведаміў Свабодзе заснавальнік курсаў «Мова Нанова» Глеб Лабадзенка, афіцыйная рэгістрацыя стала неабходнай, бо чыноўнікі адмаўляюцца даваць памяшканьні для курсаў «групе неабыякавых людзей».

«Для таго, каб пашырацца далей, нам патрэбная дзяржаўная рэгістрацыя. У некаторых гарадах, дзе мы хочам адкрыць курсы, чыноўнікі ставяцца насьцярожана: пагаджаюцца, што курсы — гэта добра, але запытваюцца, хто ж мы такія. І адказ, што мы група неабыякавых людзей, іх не задавальняе. Мы зразумелі, што фармальнасьць у выглядзе дзяржаўнай рэгістрацыі для нас вельмі важная. Да таго ж мы ня хочам быць падпольшчыкамі, нам няма чаго хаваць», — сказаў Глеб Лабадзенка.

Цяпер «Мова Нанова» зможа выйсьці па-за межы «Галерэі Ў» і ладзіць імпрэзы на іншых пляцоўках:

«Мы прайшлі працэдуру атрыманьня рэгістрацыі. Зьдзіўлены, што чыноўнікі ў Менску да нас паставіліся вельмі добразычліва. З рэгістрацыяй у нас зьвязаныя пэўныя пляны. Напрыклад, цяпер зможам ладзіць мерапрыемствы ня толькі ў „Галерэі Ў“ », — распавёў Глеб Лабадзенка.

Паводле статуту, заснавальнікамі ўстановы «Мова Нанова» сталі менскія выкладчыкі курсаў Глеб Лабадзенка і Алеся Літвіноўская. Рэгіянальныя выкладчыкі будуць аформленыя як сябры ўстановы. Паводле Глеба Лабадзенкі, у такім выпадку да іх ня будзе аніякіх пытаньняў з боку мясцовай улады.

Разам з тым, выкладчыкі курсаў ня будуць уступаць з установай у працоўныя адносіны — «Мова нанова» ня будзе займацца грашова-камэрцыйнай дзейнасьцю і афіцыйна наймаць выкладчыкаў на працу ня зможа.

«У нашым статуце адзначана, што грашова-камэрцыйную дзейнасьць мы весьці ня будзем. Адзінае — мы як установа можам прымаць ахвяраваньні. Зразумела, што, каб курсы разьвіваліся, нам неабходныя нейкія сродкі. І хоць тых, хто можа ахвяраваць, дастаткова, у нас не было законнага спосабу прыняць гэтыя сродкі. Цяпер мы можам адчыніць рахунак, і любая фізычная асоба альбо фірма змогуць пералічваць нам сродкі», — кажа Глеб Лабадзенка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG