Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 2015-м — ні дня безь беларускага слова


Як зрабіць, каб беларускай мовай карысталіся ня толькі ў прафэсійных сфэрах, але і на кухні, у адпачынку і падчас шпацыру ў лесе, ведаюць у кампаніі «Будзьма!»

Насьценны каляндар на 2015 год «Не маўчы па-беларуску» дапаможа ўзбагаціць слоўнікавы запас штодзённай побытавай лексыкі.

«Калі мы выпрацоўвалі ідэю календара на 2015 год, дык хацелі, каб ён быў ня толькі цікавы як якасны прадукт, але каб ён нёс зразумелы мэсыдж у рэчышчы папулярызацыі сучаснай культуры, беларускай мовы. Ідэю нам падказаў наш жа пасьпяховы праект — паштоўкі „Не маўчы па-беларуску“ аўтарства Дар’і Мандзік, пры дапамозе якіх мы спрабавалі ўзбагаціць побытавую лексыку нашых людзей. Урэшце зьявілася ідэя працягнуць праект з паштоўкамі, разгарнуўшы тэму „Не маўчы па-беларуску“ ў календары. Трэба нагадваць людзям словы, якія ў нас трохі падзабыліся, ці такія, якія ў нас замяняюцца расейскімі, нягледзячы на тое, што маем беларускія адпаведнікі», — кажа каардынатарка кампаніі «Будзьма!» Ніна Шыдлоўская.

Ініцыятыва рэгулярна радуе беларусаў ня толькі асьветніцкімі падзеямі, але і забаўляльнымі. У мінулым годзе з ініцыятывы «Будзьма!» выйшаў каляндар паводле мультфільма «Будзьма беларусамі. Гісторыя Беларусі за пяць хвілінаў».

Попыт на яго прымусіў будзьмаўцаў зьвярнуцца да жанру календара і ў гэтым годзе:

«Стала зразумела, што такой прадукцыі вельмі не хапае, бо год таму календары раскупляліся зь вялікай ахвотай. Увогуле праблема беларускай мовы сярод усяго іншага ў тым, што людзі часта ёй карыстаюцца толькі ў прафэсійных сфэрах, а як называюцца побытавыя рэчы, ня ведаюць. Менавіта для таго, каб беларусы ведалі, што такое „рондаль“ і з чаго зроблены „парцалянавы“ кубак, мы і выпускаем гэты каляндар».

Кожны месяц у календары тэматычны. Пад кожнай датай — малюнак са словазлучэньнем. «Калядная зорка», «хваёвы вянок», «колкая завея», «дзеці карагодзяць» — некаторыя студзеньскія словазлучэньні, бо тэма для гэтага месяца традыцыйная — зіма і навагоднія сьвяты.

«У лютым мы размаўляем і паказваем гаспадарчы рыштунак — тое, чым кожны з нас карыстаецца штодня на кухні, у кавярні. Іншыя тэмы — расьліны, мэбля, турызм, вопратка, канцылярскі рыштунак, жывёлы», — распавядае Ніна Шыдлоўская.

Каардынатарка кампаніі «Будзьма!» таксама адзначыла, што трэнд беларускасьці падвысіў цікавасьць да беларускай мовы ў гэтым годзе і многіх прымусіў пераасэнсаваць стаўленьне да сваёй нацыянальнай ідэнтычнасьці. Але цяпер галоўнае, каб гэтая зьява ня стала кароткачасовай, выкліканай агульнапалітычнай сытуацыяй:

Ніна Шыдлоўская
Ніна Шыдлоўская

«У гэтым годзе мы з прыемнасьцю назіраем, што наша праца і праца іншых арганізацыяў дае плён. Цікавасьць да беларускага вельмі моцна ўзрасла, у тым ліку дзякуючы таму, што больш маладое пакаленьне стала знаходзіць цікавыя сучаснаму чалавеку формы. Таксама падштурхнула да гэтага і агульная зьнешнепалітычная сытуацыя, якая прымусіла людзей пераасэнсаваць стаўленьне да роднай мовы. Гэты ўсплёск вельмі радуе. Але зь лёгкім трымценьнем мы працуем над тым, каб замацаваць гэты посьпех. Каб гэта не было кароткачасовай рэакцыяй і дэманстрацыяй нас як адметных. Трэба, каб гэта стала ўстойлівай тэндэнцыяй».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG