Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску працягваюцца суды за «фотасэсію з птушкамі і клеткамі»


Тацяна Севярынец і Алена Шабуня на фоне графіці ў Віцебску

Тацяна Севярынец і Алена Шабуня на фоне графіці ў Віцебску

У Чыгуначным райсудзе Віцебска будуць разьбіраць адміністрацыйныя справы, распачатыя супраць журналіста Кастуся Мардзьвінцава (11.00) і віцебскай каардынатаркі аргкамітэту па стварэньні Партыі БХД Тацяны Севярынец (12.00).

На іх складзены міліцэйскія пратаколы за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным пікетаваньні. Адзіны «доказ» — гэта фотаздымкі з інтэрнэт-сайтаў, дзе некалькі чалавек сфатаграфаваліся побач з зачыненым на рэстаўрацыю будынкам раённага Дома культуры. На сьцяне гэтага дома ёсьць вядомае ў горадзе графіці, малюнак невядомага мастака: тры клеткі, зь якіх вылятае на волю птушка, зробленая з газэты.

За фатаграфаваньне ў гэтым месцы трое ўдзельнікаў фатасэсіі ўжо аштрафаваныя: журналістам Алене Сьцяпанавай і Зьмітру Казакевічу прысуджаныя штрафы памерам па 20 базавых велічынь (па 3 мільёны рублёў), актывістку аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Алену Шабуню суд «пашкадаваў» — з улікам таго, што яна маці траіх дзяцей, двое зь якіх непаўналетнія, ёй прысуджаны штраф 18 базавых велічынь (2 мільёны 700 тысяч рублёў).

Тлумачэньні адносна ідэі фотасэсіі, якая заключалася ў тым, каб працягнуць тэму, узьнятую мастаком-графіцістам, судзьдзяў Алену Цыганкову і Дзяніса Губанава не пераканалі. Прысутны на працэсах 28 лістапада маёр міліцыі Аляксандар Рыбакоў, які і склаў адміністрацыйныя пратаколы на ўдзельнікаў фатасэсіі, настойваў на тым, што гэта была не фотасэсія, а пікетаваньне. Маўляў, у Беларусі несвабодная прэса, існуе ціск на журналістаў, і менавіта гэта хацелі прадэманстраваць журналісты і грамадзкія актывісты.

Фотаздымкі «з птушкамі і клеткамі» былі разьмешчаныя ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук», потым зьявіліся на сайце ГА «БАЖ». 17 лістапада «падчас маніторынгу інтэрнэту», як напісана ў рапарце начальніка аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі абласной міліцэйскай управы Аляксандра Каліноўскага, на фатаздымкі зьвярнулі ўвагу міліцыянты. Яны вырашылі, што дзеяньні людзей на фота маюць «прыкметы правапарушэньня».

Міліцыя ідэнтыфікавала па групавым фотаздымку сем чалавек. Траім ужо прысуджаныя штрафы, двое чакаюць суду. На праваабаронцу Паўла Левінава пратакол пакуль ня складзены — ён заявіў, што будзе заключаць дамову з абаронцам, і таму ягоны візыт у міліцыю да маёра Рыбакова перанесены. Застаецца невядомым, ці складзены пратакол правапарушэньня на жыхара Віцебску Пятра Берлінава — шараговага мінака, які далучыўся да фотасэсіі.

Справы за фатаграфаваньне «з птушкамі і клеткамі» набылі шырокі грамадзкі рэзананс, у тым ліку міжнародны. «Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў» (IFJ) і ГА «БАЖ»

выступіла з адкрытым лістом у падтрымку ўдзельнікаў фотасэсіі. А прадстаўнікі IFJ правялі акцыю салідарнасьці зь віцебскімі калегамі — паўтарылі іхнюю фатасэсію ў Брусэлі, трымаючы ў руках папяровых птушак і клеткі, а таксама шыльдачкі з надпісам «Хіба гэта злачынства?»

XS
SM
MD
LG