Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ахвяраў савецкіх рэпрэсіяў ушануюць у Расеі праектам «Апошні адрас»


У Расеі грамадзянская ініцыятыва, створаная групай лібэральных журналістаў, плянуе ўсталяваць мэмарыяльныя шыльды памяці ахвяраў савецкіх рэпрэсіяў на дамах, дзе жылі загінулыя перад тым, як яны былі пакараныя або прапалі бязь вестак у савецкіх канцлягерах.

Праект, створаны амаль праз 23 гады пасьля распаду СССР, — першы такі ў Расеі.

Праект пад назвай «Апошні адрас» плянуюць пачаць ажыцьцяўляць у Маскве ўжо праз два тыдні. Асноўная крыніца інфармацыі для гэтага праекту — база дадзеных, якую склала праваабарончае таварыства «Мэмарыял». Стаць ініцыятарам усталяваньня шыльды ў памяць пра сваяка або пра чалавека, які калісьці жыў у доме, можа любы грамадзянін, які ўнясе на гэта ахвяраваньне ў 3500-4000 расейскіх рублёў.

Кожная шыльда ўвекавечыць памяць адной з пасьмяротна рэабілітаваных ахвяраў савецкіх рэпрэсіяў. Для многіх з гэтых людзей, пахаваных у агульных і часта неабазначаных магілах, такія простыя шыльды стануць апошнім помнікам.

Алена Вісэнс, былая журналістка, якая сумесна з журналістам Сяргеем Пархоменкам зьяўляецца адным з каардынатараў праекту, лічыць: «Мне здаецца, што такі праект важны ў любы час. А цяпер ён важны ўдвая, таму што людзі ня памятаюць свайго мінулага, ня памятаюць і не жадаюць занадта шмат ведаць гісторыю сваёй сям’і, сваёй краіны, свайго горада. А мне здаецца, што гэта — такі спосаб аздараўленьня, гэта такія лекі для нацыі».

Першыя 26 з 2600000

Праект, створаны амаль праз 23 гады пасьля распаду СССР, — першы такі ў Расеі. Ён ня проста выкрывае злачынствы сталінскай эпохі — ён увекавечвае памяць рэабілітаваных потым ахвяраў савецкіх рэпрэсіяў. У базе дадзеных таварыства «Мэмарыял» сабраная інфармацыя пра больш чым 2 мільёны 600 тысяч такіх ахвяраў. Маскоўскія архівы «Мэмарыялу» таксама даступныя ў інтэрнэце.

Першыя 26 мэмарыяльных шыльдаў плянуюць усталяваць 10 сьнежня, на Міжнародны дзень правоў чалавека — калі пасьпеюць вырашыць усе бюракратычныя праблемы.

Колькасьць шыльдаў будзе наўпрост залежаць ад колькасьці запытаў, якія атрымліваюць арганізатары праекту. На цяперашні час, кажуць яны, атрымалі каля 300 заявак. Алена Вісэнс спадзяецца, што цікавасьць да праекту будзе расьці з тым, як на фасадах будынкаў будуць зьяўляцца новыя шыльды.

На сайце «Апошняга адрасу» ёсьць інтэрактыўная карта, на якой пазначаныя адрасы, адкуль паступілі запыты на мэмарыяльныя шыльды, і месцы, дзе шыльды ўжо гатовыя для ўсталяваньня.

Кожная такая шыльда — пласьціна з ацынкаванай сталі памерам 10×17 сантымэтраў, на якой за словамі «Тут жыў» ідуць імя і прафэсія ахвяры палітычных рэпрэсіяў, а таксама дзень нараджэньня, арышту, сьмерці і рэабілітацыі.

Праект «Апошні адрас» пачынаюць у Маскве, але яго ініцыятары спадзяюцца, што ён распаўсюдзіцца па ўсёй Расеі, а таксама за мяжой.

У Эўропе ўжо дзясяткі тысячаў такіх міні-мэмарыялаў

Натхненьня гэтаму праекту надаў падобны мэмарыяльны праект нямецкага мастака Гюнтэр Дэмніга «Камяні спатыкненьня» («Stolpersteine»), у межах якога ў брук многіх эўрапейскіх гарадоў умантавалі тысячы медных мэмарыяльных шыльдаў у памяць пра ахвяраў нацызму 1933-1945 гадоў.

Праект «Камяні спатыкненьня» распачалі больш за дваццаць гадоў таму, і на жнівень, як кажуць яго арганізатары, ён налічваў ужо 48 000 мэмарыяльных шыльдаў у 18 краінах. А ў студзені наступнага году абяцаюць усталяваць пяцідзесяцітысячны камень.

Сама Алена Вісэнс мае намер фінансаваць шыльду ў памяць пра Марка Абрамавіча Кантаровіча — журналіста габрэйскага паходжаньня, які нарадзіўся ў Швэйцарыі, сябра Камуністычнай партыі Нямеччыны, які жыў у яе доме ў Маскве. У сьнежні 1937 году яго абвінавацілі ў шпіянажы, арыштавалі і расстраляі. Кантаровіч — адзін зь дзясяткаў тысячаў грамадзянаў, рэабілітаваных пасьмяротна ў жніўні 1956 году пры Хрушчове.

Вісэнс лічыць, што праект грае важную для Расеі ролю ва ўсьведамленьні свайго мінулага. «Пакуль не надыдзе ўнутраная гармонія ад веданьня таго, што адбылося, мне здаецца, нацыя, якая гэтага ня мае, ня мае і будучыні», — кажа актывістка.

Над матэрыялам працавалі Tom Balmforth і Сяргей Драчук

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG