Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чырвоным касьцёле адкрылася выстава мастакоў суполкі «Пагоня», якія адышлі ў іншы сьвет


У Менску ў Дольнай залі касьцёла сьвятых Сымона і Алены адкрылася выстава мастакоў суполкі «Пагоня», якія ўжо адышлі ў іншы сьвет.

Ініцыятарам экспазыцыі зьяўляецца мастак Алесь Цыркуноў:

«Гэтая выстава прысьвечаная памяці 16-ці мастакоў нашай суполкі „Пагоня“. Ідэя ўзьнікла яшчэ летась. Я убачыў у Дольнай залі выставу і падумаў, чаму б не зрабіць выставу нашых памерлых сяброў — мастакоў, творы якіх (вельмі цікавыя, адметныя і глыбока зьмястоўныя, дарэчы) зараз амаль нельга ўбачыць. Каб памяць пра іх захавалася.

Спадарыня Галіна Івус — загадчыцца бібліятэкі касьцёла і куратарка залі падтрымала гэту ідэю. Мы шукалі працы па ўсёй Беларусі, запытвалі ў сяброў, знаёмых, сваякоў, прыхільнікаў жывапісу. Удалося сабраць творы 15-ці мастакоў.

Некаторыя мастакі прадстаўленыя некалькімі творамі, некаторыя — 1-2 працамі. Тут няма ніякай сыстэмы. Усё залежала ад таго, якія карціны нам удалося адшукаць. Напрыклад, твораў Рыгора Кійко мы, на жаль, увогуле не змаглі дастаць».

На выставе прадстаўленыя творы мастакоў Уладзіміра Сулкоўскага, Сяргея Цімохава, Віктара Маркаўца, Тодара Копшы, Генадзя Сокалава-Кубая, Генадзя Асташонка, Віктара Сташчанюка, Яўгена Куліка, Яўгена Шатохіна, Пятра Шарыпы, Кастуся Харашэвіча, Лявона Раманоўскага, Вольгі Раманоўскай, Яўгена і Генрыха Ціхановічаў, выкананыя ў тэхніках графікі, выцінанкі, акварэлі, алеем, і нават у мэтале.

Як паведаміў Алесь Цыркуноў, выставу можна наведаць да 21 снежня. 10 сьнежня а 17-й гадзіне будзе адкрытая вечарына памяці мастакоў. «Будзем узгадваць пра іх, распавядаць гісторыі зь іх жыцьця... А ў 19 гадзін таго ж дня ў Касьцёле будзе імша, прысьвечаная памяці мастакоў суполкі «Пагоня».

Арцём Лява для Радыё Свабода

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG