Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Няхай сама Расея разграбаецца са сваімі санкцыямі, мы тут пры чым?» — Апытаньне ў Берасьці


Аляксандар Лукашэнка абураецца паводзінамі расейскіх уладаў, якія забаранілі ўвоз у Расею зь Беларусі многіх відаў харчаваньня, а таксама транзыт харчовых грузаў у Казахстан. Ці падтрымліваеце вы яго заявы? Як лічыце, ці выжыве ў такіх умовах Мытны зьвяз? На такое пытаньне карэспандэнта Свабоды адказвалі сёньня жыхары Берасьця.

Спадарыня сярэдняга веку: Калі нас ужо, як наш прэзыдэнт казаў, душаць ужо... У нас таго не было, што вазілі ў Расею! А зараз ужо і гэтыя прадукты забараняюць вывозіць, то гэта ж ужо зусім дрэнна будзе... Мы ня хочам варагаваць з Расеяй. Мы спачатку заключаем гэтыя саюзы, а потым парушаем гэтыя дамовы... Таксама, як і «Менскія дамоўленасьці» з Украінаю. Заключылі, а самі там бамбяць і прыціскаюць украінскі народ. Таксама і ў нас... Да чаго гэта дойдзе?.. Ужо зусім не разумею... Будзе, напэўна, усясьветная вайна...

Мужчына: Прэзыдэнт, у прынцыпе, мае рацыю ў тым, што Расея пачынае заціскаць Беларусь. Я лічу, што як ён казаў, трэба стварыць незалежны кантроль мытні...

Карэспандэнт: То бок, вы кажаце, што мяжу нейкую рабіць трэба

Спадар: Не, не мяжу, незалежны кантроль. Ні ад Расеі, ні ад Беларусі, ні ад Казахстану...

Карэспандэнт: А дзе ён павінен быць, гэты кантроль?

Спадар: Ну, напэўна, на беларускай мяжы павінен быць. Беларусь — дзяржава, якая да Эўропы бліжэйшая. Казахстан жа далёка, а Беларусь бліжэйшая ад Эўропы...

Маладая дзяўчына: Усё правільна Лукашэнка сказаў. Калі саюз, то павінны ўсе тавары перамяшчацца. З Расеі ж усе тавары вязуць. Вунь — усе кіёскі захламленыя расейскімі таварамі. То чаму наша мяса ня можа ехаць у Расею? Дзіўны нейкі такі саюз — адзін супраць другога... Няхай сама Расея разграбаецца з гэтымі санкцыямі, а мы тут пры чым?

Спадарыня: У якасьці прадукцыі беларускай не разбярэсься. І ці гаворыць Расея праўду, што няякасная мясная прадукцыя наша, ці гэта ёсьць толькі палітычная вайна — невядома. Калі трэба Пуціну — то ў нас дрэнна, калі ня трэба Пуціну — то ў нас усё добра. Гэты саюз мытны — гэта нешта мёртванароджанае, яно нядзейснае і ня выжыве ў такіх умовах, таму што дыктатары адзін аднаго ня любяць.

Мужчына: Гэта ідзе ў чарговы раз сатрасаньне кулакамі, што вось якія яны нядобрыя расейцы. Вось, мы, маўляў, саюз зрабілі, а нам не даюць магчымасьці гандляваць. І мы, быццам, можам прыняць захады... Але якія захады? З саюзу, вядома, Беларусь ня выйдзе, мы сядзім на нафтавай іголцы... на газе сядзім... Нам тут, па-расейску кажучы, падымаць надта хвост ня варта...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG