Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хачу паказаць дачцэ, што сьвет складаецца ня толькі з мастакоў, — Сумарава


Ва што ўкладаюць грошы арабскія шэйхі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:16 0:00

За савецкім часам працоўныя дынастыі каціраваліся ў тым выпадку, калі бацька, сын і ўнук сьлед у сьлед спускаліся ў шахтарскія забоі, а маці, дачка і ўнучка дружна маршыравалі на фэрму. І зусім іншая справа, калі пераемнасьць тычылася творчых прафэсіяў. Між тым, калі навучыць цягаць бярвеньне можна нават мядзьведзя, то складаць вершы ды маляваць шэдэўры не прымусіш.

З Кацярынай Сумаравай, маладой прадстаўніцай мастацкай дынастыі на чале з заслужаным дзеячам мастацтваў Беларусі Васілём Сумаравым, напярэдадні адкрыцьця IV біенале жывапісу, скульптуры і графікі «Формазьмест 703» пагутарыў Ігар Карней.

— Кацярына, ваша сям’я — сапраўдны ўзор мастакоўскага роду. Пра вашага бацьку Васіля Фёдаравіча, аднаго са знакавых беларускіх мастакоў, размова асобная. Але малюеце вы з дачкой, сястра Дар’я са сваімі дзецьмі, нават ваша мама ўзялася за пэндзаль...

— Так, ужо дынастыя, мы гэтым, само сабой, ганарымся. Куды дзеці падзенуцца, ці будуць мастакамі — пытаньне складанае. Але цяпер яны сапраўды ў нашай мастакоўскай дынастыі, прынамсі спрабуюць маляваць. Зрэшты, дзеці ўсе малююць, таму як у каго лёс павернецца — ня ведаю. Я Марыйку сваю да мастацтва ня тое што накіроўваю, яна проста расьце тут, усё бачыць, таму гэта для яе цалкам натуральна. Марыйцы восем, яна магла б таксама ў мастацкай школе ўжо вучыцца, але я так падумала: задоўга вучыцца мастацтву — таксама нядобра. Бо з году ў год выкладаньне — гэта ўжо нейкае дэжавю бясконцае, «Дзень сурка». Таму яна пайшла ў музычную школу, на шахматы. То бок хачу паказаць ёй больш пэрспэктываў, каб у яе ня склалася ўражаньня, што сьвет навокал складаецца толькі з мастакоў.

Тое, што «насьпела»
Тое, што «насьпела»

— Выглядае, што вас бацькі арыентавалі выключна на мастацтва?

— Мне падаецца, што так, я была арыентаваная на мастацтва. Хоць мая маці вяла тэатральны гурток, я туды таксама прыходзіла, грала «першыя ролі» — лісічак, коцікаў. Але пры гэтым ніколі не было нават думкі, што, магчыма, я магла б стаць актрысай. Хіба што ў Акадэміі мастацтваў, калі мы хадзілі на студэнцкія спэктаклі, неяк глядзела і падумала: няўжо я магла быць акторкай? Зрэшты, ніхто ў той бок не накіраваў, а можа, і таленту не знайшла маці. Вось мы мастакі. І вельмі добра, бо ня так і рэдка здараюцца зламаныя лёсы, а ў маім варыянце — дзякуй Богу, што менавіта так атрымалася.

— Саюз мастакоў колькасна ці ня самы шматлікі, калі казаць пра творчыя аб’яднаньні...

— Так, толькі ў Менску, здаецца, больш за паўтысячы чалавек. А плюс яшчэ мастакі ў іншых месцах Беларусі...

— Для такой краіны, як Беларусь, гэта шмат? Калі вымяраць «на душу насельніцтва».

— Я так думаю, шмат. Праўда, ніколі не сачыла за тым, колькі мастакоў, скажам, у суседзяў. Можа, у той жа Літве яшчэ больш, хоць Літва зусім і не вялікая. Не, людзі, вядома, павінны быць, але самае галоўнае — мастакі, на маё перакананьне, павінны быць актыўнымі.

На выставе «Лябірынт»
На выставе «Лябірынт»

— З гэтай колькасьці, на ваш погляд, колькі актыўных?

— Актыўных? У Менску, думаю, сотня будзе. А магчыма, нават і не набярэцца. Справа ў тым, што ў кожным горадзе свая аўра, свой рух. Скажам, у Баранавічах таксама ёсьць мастакі, яны там нешта робяць і ладзяць. У іншых гарадах. Але складана параўноўваць агулам, гэта ўсё індывідуальна.

— Мастакоў шмат, а ці дастаткова прыхільнікаў? Ці актыўныя спажыўцы?

— Ну, спажыўцы, пакупнікі — гэта зусім іншая гісторыя. Прынамсі, пра сябе магу сказаць, што, працуючы, я ня думаю пра пакупнікоў. Бо калі б увесь час думала — відаць, не было б мяне як мастака. Магчыма, і была б у салёнах першай, хто там прадаецца, але хочацца рабіць перадусім тое, што менавіта ад сэрца ідзе, што сваё. Таму арыентуюся не на нечыя густы, а выключна на свае. Можа, мае пакупнікі яшчэ не сасьпелі, можа. не сабралі тых грошай. Я пачакаю сваіх (сьмяецца).

— Мяркуючы нават па актыўнасьці ў сацыяльных сетках, вымалёўваецца геаграфія вашых прыярытэтаў. Найперш — краіны Балтыі...

— Мне проста самой цікавы такі фармат — розных пленэраў, сымпозіюмаў. Гэта сапраўдны, жывы досьвед, бо знаёмісься з многімі мастакамі, дазнаесься, што там адбываецца па-за межамі Беларусі. Добра, калі гэта Літва, Польшча, але цікава, калі дзесьці можна і далей зьляцець. У любым выпадку гэта досьвед, які так ці інакш уплывае на творчасьць. Пасьля кожнай вандроўкі нешта зьяўляецца, падмацаванае ўражаньнямі. Не скажу, што прынцыпова новае, але адназначна гэта іншыя ўражаньні, дзякуючы якім ты ўжо не застаесься тым самым чалавекам. Нават калі знаёмісься з новай асобай і пачынаеш гутарку, ты ўжо іншы, нейкім чынам зьмяніўся.

Са знанымі людзьмі Абу-Дабі
Са знанымі людзьмі Абу-Дабі

— Ня так даўно вы асвоілі і Пэрсыдзкую затоку, у прыватнасьці, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Калі не памыляюся, спачатку была Міжнародная жаночая выстава, потым месяц мастацтва Ўсходняй Эўропы ў Абу-Дабі. Наколькі там ня так, як у нас?

— Наагул там усё гэта адносна нова, таму вельмі цікава. Калі я туды трапіла, гэта была ўжо сфармаваная структура, якая ў нечым нагадвае мастацкі канвэер. Штомесяц новыя мастакі, тыя, хто арандуе памяшканьні, толькі нейкі час працуе. Прычым прыяжджаюць і з-за межаў, і мясцовыя ладзяць выставы. Сапраўдны эпіцэнтар жывога мастацтва. Трохі далей ад’едзеш — і гэтага жывога мастацтва ўжо ня будзе. Што тычыцца мастацтва ўсясьветнага ўзроўню, там будзе і музэй Гугенгайма, і Люўр. Грошы ёсьць — адпаведна, яны маюць магчымасьць прыцягнуць і лепшыя ўзоры культуры.

— Шэйхі дазваляюць сабе шырокія жэсты ў сэнсе апякунства над мастакамі?

— Жонка шэйха, здаецца, менавіта культуру і курыруе. Таму ў зборах усё што заўгодна — ад клясыкі да Эндзі Ўорхала: сучаснае мастацтва таксама зьбіраюць. То бок калекцыянуюць ня толькі машыны з дыямэнтамі, а і творы мастацтва. Яны, вядома, ня будуць купляць працы ў Кацярыны Сумаравай, бо кідаюць грошы ў творчасьць тых, хто ўжо знакаміты. Гэта такое ўкладаньне сродкаў. Каб адкрыць новае імя, кагосьці фундуючы, — магчыма, будуць і так рабіць. Але гэта, зразумела, не прыярытэт шэйха, у яго там сваіх спраў хапае. Ёсьць іншыя багатыя людзі, якія, безумоўна, будуць зьвяртаць увагу на мастацтва. Але гэтак павінна быць ня толькі ў Эміратах, гэта і Беларусі павінна тычыцца.

— Кацярына, з разьвіцьцём новых тэхналёгіяў прасьцей сваё імя падаваць, даносіць да аўдыторыі?

— Так, значна прасьцей. Можна ўвогуле нікуды не выходзіць, нават не абавязкова выставы ладзіць. Можна сядзець і кіраваць гэтым працэсам з таго ж «Фэйсбуку», ня трэба дзеля гэтага ствараць аўтарскія сайты і г.д. Усё гэта бясспрэчна. Але такое закрытае жыцьцё ў інтэрнэце, у сацыяльных сетках — гэта адно. Выходзіць па-за віртуальныя рамкі, у рэальнасьць, шчыра кажучы, нашмат цікавей.

— Адчуваеце, што да вас людзі прыходзяць праз інтэрнэт?

— Так, ёсьць такое. Шмат хто менавіта там даведваецца пра маё мастацтва, потым пачынаюць сачыць, знаёмяцца і ўрэшце прыходзяць у майстэрню. То бок празь непасрэдную сувязь у «Фэйсбуку».

З Марыйкай, мастачкай у трэцім пакаленьні
З Марыйкай, мастачкай у трэцім пакаленьні

— Ці маюць праз гэта перавагу найперш маладыя мастакі? Клясыкі ад інтэрнэту ў масе сваёй далёкія...

— Збольшага — так, далёкія. Але тут паказальна і тое, хто шукае. Тыя, хто мяне знаходзіць, таксама маладыя людзі — магчыма, да 40 ці крыху больш. Хоць, безумоўна, старэйшыя людзі таксама могуць там знайсьці цікавых мастакоў на свой густ, бо шмат хто з мастакоў старэйшага ўзросту таксама прадстаўлены ў сеціве. Прыкладам, я свайго бацьку разьмясьціла, хоць, шчыра кажучы, сама і вяду ягоную старонку. Павінна быць нейкая палітра. Бо першае, што людзі робяць, калі пра нешта хочуць даведацца, — гугляць, шукаюць у інтэрнэце. Цяпер у бібліятэку па гэта ня трэба ісьці.

— Наступнай вясной мае адбыцца пэрсанальная выстава Кацярыны Сумаравай. Як часта ўдаецца ладзіць падобныя імпрэзы?

— Ну, іх можна было б ладзіць ледзь не штомесяц. Але калі ладзіць ужо нешта такое, каб лічыць цікавым і этапным, то трэба проста ціха пасядзець у майстэрні. Выставіцца, каб было нечакана.

— Марыйка падказвае нечаканыя хады?

— У майстэрні ёй — поўная воля. І сапраўды, яна тут нядаўна прыдумала вельмі клясны канцэптуальны праект — карціна, намаляваная ветрам. Проста брала фарбу, наносіла на паперу, танцавала, бегала па майстэрні, гэта ўсё само сабой разьлівалася, расьцякалася. Атрымалася «карціна ветру» ці «карціна танцу», каму як бачыцца. Вельмі клясна. І калі б такое ўчыніў нейкі сталы мастак дзесьці ў музэі сучаснага мастацтва, гэта быў бы фурор.

Эмацыйны «паўлін» ад Марыйкі
Эмацыйны «паўлін» ад Марыйкі

— Арабскія шэйхі за цаной бы не пастаялі...

— Гэта факт, не пастаялі б... (сьмяецца)

Кацярына Сумарава нарадзілася ў 1979 годзе ў Менску. Вучылася ў Беларускім каледжы мастацтваў імя Ахрэмчыка, у 2004-м скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Ад 2007-га — сябра Саюзу мастакоў Беларусі. Працавала ў Дзіцячай мастацкай школе мастацтваў №3 Менска і былой альма-матэр — Акадэміі мастацтваў. Зараз- вольны мастак. Ад 2000 году бярэ актыўны ўдзел у міжнародных пленэрах, дыплямантка мастацкіх конкурсаў і імпрэзаў. Працы Кацярыны экспануюцца ў музэях Беларусі, а таксама знаходзяцца ў прыватных калекцыях у краіне і па-за яе межамі. Выхоўвае дачку Марыйку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG