Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд, які прызначыў нагляд за Лобавым, праходзіў без адваката


Эдуард Лобаў

Эдуард Лобаў

Палітвязьню Эдуарду Лобаву прызначаны прэвэнтыўны нагляд, які пачне дзейнічаць, як ён выйдзе з калёніі 18 сьнежня, і працягнецца як меней год. Суд адбыўся днямі ў калёніі.

Эдуарда Лобава прывялі да выязнога судзьдзі і вынесьлі гэтае рашэньне без адваката. Пра гэта паведаміла маці палітвязьня Марына Лобава са спасылкай на званок сына. Падрабязнасьцяў, як праходзіў суд, Марына Лобава ня ведае.

«Адвакат загадзя накіравала просьбу ў івацэвіцкі суд і ў калёнію, каб не праводзілі слуханьні без яе, але гэтага не ўлічылі. І я была напярэдадні на спатканьні, і тады ніхто нічога не паведаміў. І яго не папярэдзілі. Відаць, такі быў суд адкрытым, сумленным і справядлівым, што прысутнасьць адваката не спатрэбілася».

Вядома, што пасьля заканчэньня тэрміну Эдуард Лобаў выказваў намер вучыцца за мяжой, але цяпер з гэтымі плянамі прыйдзецца пачакаць як меншае год, паведаміла Марына Лобава.

Маладафронтавец Эдуард Лобаў быў асуджаны на 4 гады зьняволеньня нібыта за бойку, якую ён і беларускія праваабаронцы лічаць правакацыяй спэцслужбаў. Адбывае пакараньне палітвязень ў калёніі пад Івацэвічамі.

За два тыдні да выхаду на волю Эдуарда Лобава з калёніі ў Горках мусіць вызваліцца палітвязень Васіль Парфянкоў. Ягонага вызваленьня сябры чакаюць 5 сьнежня, паведаміла Свабодзе актывістка Вольга Мікалайчык.

«Парфянкоў хутка выйдзе, так. Будзем сустракаць, але лістоў ад яго няма і мяркую, ён зноў у карцэры і, відаць, будзе там ужо да свайго выхаду».

Палітвязень Васіль Парфянкоў быў пакараны на 1 год калёніі ва ўмовах строгага рэжыму за парушэньні правілаў прэвэнтыўнага нагляду, што ён спрабаваў аспрэчыць, але без выніку.

XS
SM
MD
LG