Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Go-go танцы ў вышыванках. Як прайшла беларуская вечарынка ў глямурным менскім клюбе (ФОТА, ВІДЭА)


«Беларусам быць модна» — пад такой назвай у менскім начным клюбе Blackhall Bar прайшла тэматычная вечарынка.

Вечарына мелася пачацца апоўначы, але людзі пачалі зьбірацца каля клюбу, які месьціцца на вуліцы Кісялёва, толькі а палове на першую.

Уваход каштуе 200 тыс для хлопцаў, 100 тыс — для дзяўчат. Замовіць столік — 3 мільёны. На ўваходзе за першым «блёкпастом» аховы пачынаецца другі. Пільны кантроль асабістых рэчаў. Правяраюць торбачкі і заплечнікі, мэталакушальнікам — кішэні. Ахоўнікі паводзяць сябе карэктна, нецьвярозых у клюб не пускаюць.

На афіцыянтах, бармэнах, адміністратарах, якія разводзяць гасьцей да столікаў, — надзетыя вышымайкі, паводле дызайну — такія ж, што і на symbal.by, але зь лягатыпам клюбу.

Нягледзячы на абяцаньні арганізатараў пра беларускамоўнае сьвята, пэрсанал гаворыць па-расейску.

Публіка вельмі стракатая. Ёсьць і студэнткі, апранутыя больш танна, ёсьць больш сталыя людзі ў гарнітурах і дарагіх сукенках. Як мінімум чвэрць — замежнікаў. Сярод моладзі — сталыя наведнікі беларускіх вечарынаў і актывістаў. Прыйшлі і зоркі — Алёна Ланская, Анастасія Ціхановіч, іншыя прадстаўнікі афіцыйнай эстрады.

Аздабленьне арганізатары імкнуліся зрабіць у беларускім стылі. Перад самым уваходам у клюб — воз зь сенам. У холе — вясковая інсталяцыя. Лавачка, гаршчкі, бочкі. Дзяўчына ў чырвонай хустцы трымае козачку, побач — гагаюць гусі. Людзі спрабуюць гусей пагладзіць, тыя разьбягаюцца па кутах свайго невялікага загончыка.

У іншай палове залі — басэйн аздоблены ў выглядзе сажалкі. Паабапал сядзяць дзяўчаты. З адзеньня на іх — толькі вышыванкі і майткі, на галовах — вяночкі. Мяркуючы па выразах твару, вада ў сажалцы халодная.

Сярод публікі бегаюць два блазны-мужчыны, загрыміраваная пад вясковых «мужыка і бабу». Размаўляюць на трасянцы, чапляюцца да наведнікаў, прапануюць сфоткацца, патанчыць, патрымаць торбы ці яшчэ нешта.

У вялікай залі грае сучасная танцавальная музыка. Бальшыня людзей сканцэнтраваная ўздоўж барнай стойкі. Зь «беларускіх» напояў бармэн прапануе кактэйль «Белы рускі» (white russian). Мэню і ўсе шыльды ў клюбе — па-расейску.

На сцэне адбываецца шоў. Танцы чаргуюцца са сьпевамі. Вось на сцэне зьявіліся цымбалісткі. А цяпер удзельнік «Песьняроў» Валер Скаражонак сьпявае «Купалінку» ды «Касіў Ясь канюшыну».



Танцоркі на сцэне адзетыя мінімальна, але ў адпаведнасьці з тэматыкай вечарыны: у вышыванках і майтках.

Музыка сучасная замежная.

Клюб запоўнены, бальшыня не зьвяртае ўвагу на тое, што адбываецца на сцэне.

Сьпявае цемнаскуры госьць вечарыны. На вечарынку ён прыйшоў у саламяным капелюшы і шаліку Белай Русі.

Вечарынка скончылася пад раніцу. Але арганізатары абяцаюць працяг.

Падобная вечарына адбылася ў ноч на суботу і ў Гомелі. У культурна-забаўляльным цэнтры «Эўропа» адбыўся выступ менскага дыджэя DMC IREX, які ўваходзіць у топ-100 найлепшых дыджэяў Беларусі. Афіша да вечарыны была аформленая беларускім бел-чырвоным арнамэнтам.

На пачатку лістапада іншы беларускі начны клюб Dozari правёў сэрыю вечарынак «Русским быть модно» і «Russian night». Гэта было моцна раскрытыкавана карыстальнікамі інтэрнэту. Пасьля гэтага скандалу клюб правёў вялікую вечарынку з нацыянальным калярытам пад назвай «Welcome to Belarus».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG