Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малдова выбірае паміж Усходам і Захадам


Сэсійная заля парлямэнту Малдовы.

Сэсійная заля парлямэнту Малдовы.

У нядзелю 30 лістапада ў Малдове пройдуць парлямэнцкія выбары, якія ўжо назвалі экзамэнам для праэўрапейскай кіроўнай кааліцыі.

Вынікі галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Малдове 30 лістапада дазволяць зразумець стаўленьне насельніцтва краіны да эўраінтэграцыі, напрамку, у якім краіна рухаецца з 2009 года.

Некаторыя экспэрты вераць у тое, што краіна рашуча абярэ эўрапейскую будучыню. Іншыя ж кажуць, што яна вернецца да балянсаваньня паміж Брусэлем і Масквой.

Выбары ў парлямэнт Малдовы, прызначаныя на 30 лістапада, стануць суровай праверкай для праэўрапейскай кіроўнай кааліцыі Малдовы.

Гэтае галасаваньне можа вырашыць геапалітычную стратэгію краіны на бліжэйшую будучыню. Паводле былога міністра замежных спраў Румыніі Тэадора Баконскага, калі раней усе лічылі, што можна было адаптавацца і знайсьці стабільны балянс паміж Захадам і Ўсходам, то цяпер прыйшоў час рабіць канчатковы выбар:

«Гэта адбываецца таму, што „перазагрузка“ адносін паміж Вашынгтонам і Масквой не была пасьпяховай і таму, што нікому не хочацца ўбачыць у Малдове паўтарэньня тых працэсаў, якія адбываюцца ў рэгіёне. Так што гаворка ідзе не пра выбар „меншага зла“, як гэта часта здараецца ў дэмакратычных дзяржавах, але пра выбар кірунку доўгатэрміновай будучыні».

Згодна з вынікамі сацапытаньняў, цяперашняя праэўрапейская кааліцыя Малдовы мае падтрымку каля 49 адсоткаў выбарцаў. Партыі, якія выступаюць за ўступленьне ў Мытны саюз з Расеяй і Беларусьсю, маюць 21 працэнт падтрымкі. Акрамя таго, каля 21 працэнта набірае Камуністычная партыя. Яна застаецца пракрамлёўскай, аднак сёньня яе пазыцыя падзеленая і аслабленая. Экспэрты спэкулююць, што яна можа далучыцца да праэўрапейскай кааліцыі. Нягледзячы на вялікую колькасьць партый у бюлетэні, больш за дваццаць, Малдове прыйдзецца выбіраць паміж заходнім і ўсходнім напрамках.

На думку Ўладзімера Сокарава, аналітыка вашынгтонскага Фонду Джэймстаўн, гэтыя выбары зьяўляюцца ледзь не самымі важнымі ў гісторыі сучаснай Малдовы:

«Абсалютна і бясспрэчна, гэта — вырашальныя выбары для будучыні Малдовы. Упершыню за 23 гады сваёй незалежнасьці ў краіны ёсьць магчымасьць адарвацца ад Расеі ды рашуча і беспаваротна павярнуцца ў бок Захаду».

Аднак, іншы аналітык Ніку Папеску лічыць, што вынікі выбараў і, адпаведна, будучая палітыка можа павярнуцца да нэўтральнага статусу. На яго думку, перад жыхарамі Малдовы важны не выбар паміж Захадам і Усходам, а выбар паміж «хуткай эўрапеізацыяй» пад кіраўніцтвам праэўрапейскай кааліцыі і «шматвэктарнай палітыкай» балянсаваньня паміж Брусэлем і Масквой.

Пачынаючы з 2009 года, Малдову ўзначальвае кааліцыя праэўрапейскіх партый. Урад дасягнуў выдатных посьпехаў у рамках праграмы Ўсходняга партнэрства Эўразьвязу. Найбольш прыкметнымі дасягненьнямі сталі падпісаньне Пагадненьня аб асацыяцыі з ЭЗ, а таксама ўвядзеньне бязьвізавага рэжыму з эўрапейскімі краінамі.

Аднак ураду наносіць шкоду шырока распаўсюджаная і бяскарная карупцыя. Многія грамадзяне Малдовы лічаць, што іх надзеі 2009 года не апраўдаліся.

У той жа час, посьпехі малдаўскага ўраду ў галіне эўраінтэграцыі выклікалі прыкметнае раздражненьне Расеі. Крэмль баіцца, што ўсьлед за Грузіяй і Ўкраінай Малдова будзе шукаць бясьпечнай будучыні ў НАТО. Масква заявіла, што лічыць непрымальнымі любыя зьмены ў нэўтральным статусе Малдовы.

Новым пэрсанажам на палітычнай сцэне Малдовы стала прарасейская партыя Patria, «Бацькаўшчына», якую ўзначальвае 36-гадовы бізнэсовец Рэната Усаты. Партыя была зарэгістраваная толькі ў верасьні, і з самага пачатку яе называлі «расейскім праектам». Усаты зарабіў свой капітал у Расеі. У красавіку ён вярнуўся ў Малдову. Яго добра прафінансаваная перадвыбарчая кампанія канцэнтруецца на праблеме карупцыі.

«Перш за ўсё, мы пасадзім у турму алігархаў, — заявіў Усаты журналістам у верасьні. — І першым такім зьняволеным стане спадар Філат (былы прэм’ер-міністар і старшыня Лібэрал-дэмакратычнай партыі). Я заяўляю публічна — з нашым прыходам у парлямэнт Філат перастане быць прыкрыцьцём для алігархаў».

Усаты карыстаецца значнай падтрымкай з боку расейскіх дзяржаўных СМІ, якія да гэтага часу дамінуюць малдаўскі мэдыя-рынку. У прыватнасьці, некалькі канцэртаў у падтрымку палітыка правёў расійскі сьпявак і дэпутат расейскай Думы Іосіф Кабзон.

Аднак, Апеляцыйная палата суду Малдовы 27 лістапада дыскваліфікавала партыю Patria. Гэта адбылося на наступны дзень пасьля таго, як Цэнтрвыбаркам запатрабаваў выключэньня партыі са сьпісаў для галасаваньня, абвінаваціўшы яе ў супрацьзаконным выкарыстаньні «замежных сродкаў» для фінансаваньня кампаніі. Цэнтрвыбаркам замарозіў рахункі партыі.

Жорсткая палітыка Масквы ў дачыненьні да Малдовы ў мінулым, а таксама канфлікт у суседняй Украіне выклікае ў многіх жыхароў краіны асьцярогі. Зараз, аднак, лёс Малдовы знаходзіцца ў руках выбаршчыкаў.

XS
SM
MD
LG