Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь аддала Расеі 15% аграрнага экспарту фактычна бясплатна


Міхаіл Русы
Міхаіл Русы

Гэта вынікае з тых лічбаў, якія назваў сёньня ў размове з журналістамі віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы. Паводле ягоных дадзеных, Беларусь сёлета паставіла ў Расею на 15% харчоў болей, чым летась. Але выручка ад іх продажу склала тую ж суму, што і год таму. Віцэ-прэм’ер патлумачыў такія вынікі вялікім падзеньнем курсу расейскага рубля.

Чарговы віток гандлёвай вайны з Расеяй стаў падставай для пытаньняў, якія задалі сёньня дэпутаты Нацыянальнага сходу Беларусі віцэ-прэм’еру Міхаілу Русаму. Спадар Русы курыруе ва ўрадзе аграрны сэктар, раней працаваў міністрам сельскай гаспадаркі.

Асабліва абураліся дэпутаты Мікалай Іванчанка і Ўладзіслаў Цыдзік. Яны не разумеюць, чаму ўжо ня першы раз, пасьля таго як забараняюць пастаўкі беларускай прадукцыі на расейскі рынак, беларускі бок выступае ў ролі некіх просьбітаў і заўжды апраўдваецца. Дэпутаты прапанавалі апэратыўна наладжваць незалежную экспэртызу якасьці прадукцыі. І калі незалежныя экспэрты пацьвердзяць, што прэтэнзіі расейцаў неабгрунтаваныя, то павінны быць уведзеныя сустрэчныя санкцыі за страты.

Міхаіл Русы прызнаў: гэта вельмі цяжкае пытаньне. Ён згадаў, што прэтэнзіі з боку Расеі пэрыядычна ўзьнікаюць яшчэ ад 2008 году. Але ні ў рамках так званай саюзнай дзяржавы, ні ў Эўразійскім саюзе, які цяпер ствараецца, дагэтуль няма адзінай рэфэрэнтнай лябараторыі, экспэртны аналіз якой прызнаваўся б канчатковым усімі дзяржавамі гэтых інтэграцыйных утварэньняў. Ёсьць, праўда, магчымасьць аспрэчваць такія рашэньні расейскага боку ў Эўразійскім эканамічным судзе. Аднак гэта вельмі доўгі працэс. Таму выйсьце адзінае: патрэбная адзіная рэфэрэнтная лябараторыя, якая б магла хутка правесьці аналізы і паказаць, хто ў той ці іншай сытуацыі мае рацыю.

Цяжка ўвесь час даводзіць, што ты ня лысы

«А пакуль мы мусім даводзіць сваю праўду ў адзіночку. А гэта — працяглы працэс. Праходзяць два тыдні, і табе кажуць: ну, прабачце, мы памыліліся. Над гэтым працуем. Але пытаньне вельмі цяжкое. Цяжка ўвесь час даводзіць, што ты, на дадзены момант, што я ня лысы».

Расея ніколі не лічыла праблему якасьці беларускіх харчоў сур’ёзнай, а Беларусь ніколі не ініцыявала стварэньне незалежных лябараторыяў, бо ёй гэта было нявыгадна, — тлумачыць сытуацыю экспэрт у аграрнай галіне Аляксандар Ярашук:

Аляксандар Ярашук
Аляксандар Ярашук

«Расея глядзела скрозь пальцы на тое ашуканства, якое было з боку Беларусі. А яно было, пачынаючы з цукру і працягваючы малаком і мясам. І толькі калі ўзьнікалі палітычныя праблемы, тады выкарыстоўвалася і гэтая зброя ў выглядзе Анішчанкі, а пасьля і Данкверта. Мелі месца і іншыя спробы афіцыйнага Менску круціць-вярцець Расеяй, напрыклад, дазваляць сабе рээкспарт. І гэтыя праблемы здымаліся шляхам нейкага дыялёгу ці высьвятленьня адносінаў. Таму і незалежныя лябараторыі Маскве былі непатрэбныя.

А Беларусь ніколі ня ставіла пытаньня аб адкрыцьці незалежнай лябараторыі, бо яна ўяўляла, наколькі расейскія прэтэнзіі абгрунтаваныя. Тое, што чорт падбіў, гэта даўным-даўно вядома і даказана. Неаднойчы».

Інфармацыю Міхаіла Русага пра тое, што Беларусь сёлета прадала Расеі харчоў на 15% болей, чым летась, а грошы атрымала тыя ж самыя з-за абвалу расейскага рубля, кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка камэнтуе так:

Леанід Заіка
Леанід Заіка

«Гэта пытаньне да Надзеі Ермаковай (старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі). Правядзі дэвальвацыю, і грошай ад экспарту ў Расею будзе болей. Але тут ёсьць больш сур’ёзныя рэчы. Расейская прадукцыя стала больш таннай. І гэта — пачынаючы з кватэраў, аўтамабіляў, мяса... Сёньня ў Расеі кіляграм выразкі можна купіць за пяць даляраў. А ў Беларусі яна прадаецца за дванаццаць. І ў гэтым мы маем эфэкт Мытнага саюзу, калі больш эфэктыўная, больш танная рынкавая сіла выцясьняе слабых. І што вы хочаце? Вы ж слабенькія, дохленькія. У вас у цане 75% займаюць матэрыяльныя страты. Вы ж — учорашні дзень».

Міхаіл Русы сказаў журналістам, што ў панядзелак, 1 сьнежня, у Менску над праблемай стварэньня незалежных лябараторыяў пачнуць працаваць расейскія і беларускія экспэрты. У гэтым працэсе таксама будуць удзельнічаць прадстаўнікі Эўразьвязу і Ўкраіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG