Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Танкачовай адклалі высылку зь Беларусі на месяц


Алена Танкачова

Алена Танкачова

Першамайскі РУУС Менску працягнуў старшыні праўленьня Цэнтру прававой трансфармацыі Алене Танкачовай тэрмін рэгістрацыі на знаходжаньне ў Беларусі на адзін месяц.

«Гэта зьвязана з тым, што пададзеная скарга на іх дзеяньні па высылцы. Яны зыходзяць з таго, што ў іх абавязаньне вышэйшага органу цягам аднаго месяца разгледзець маю скаргу і вынесьці па ёй адпаведнае рашэньне. І вось на месяц яны дазваляюць заставацца на тэрыторыі Беларусі», — патлумачыла карэспандэнту Свабоды праваабаронца.

Паводле рашэньня, якое вынесла адміністрацыя Першамайскага раёну Менску, 30 лістапада праваабаронца мусіла пакінуць Беларусь бяз права ўезду на працягу трох гадоў. Скаргу на рашэньне аб сваёй высылцы праваабаронца падала ў Галоўнае ўпраўленьне ўнутраных спраў Менгарвыканкаму.

Паводле Алены Танкачовай, у адпаведнасьці з законам «Аб прававым становішчы замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь», факт падачы скаргі — гэта падстава для прыпыненьня высылкі да моманту разгляду скаргі.

30 кастрычніка старшыні праўленьня Цэнтру прававой трансфармацыі Алене Танкачовай паведамілі пра ануляваньне дазволу на сталае жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь. Тады ж стала вядома, што ў дачыненьні да яе распачатая працэдура высылкі. 5 лістапада ўпраўленьне ўнутраных спраў адміністрацыі Першамайскага раёну Менску прыняло рашэньне аб высылцы Алены Танкачовай зь Беларусі «ў інтарэсах грамадзкага парадку». Фармальнай прычынай такога захаду адміністрацыя Першамайскага раёну называе парушэньне правілаў дарожнага руху.

Рашэньне прадугледжвае забарону на ўезд у Беларусь на працягу трох гадоў. Згодна з рашэньнем Першамайскага РУУС, Алена Танкачова павінна была пакінуць Беларусь на працягу 30 дзён.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG