Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўра- ці Мытны зьвяз? У Малдове 30 лістапада вырашальныя выбары


Нягледзячы на доўгі сьпіс партый у бюлетэні, выбіраць на самой справе будуць паміж працягам эўраінтэграцыі або збліжэньнем з Расеяй і Мытным зьвязам.

Апытаньні грамадзкай думкі не даюць яснага прагнозу наконт таго, якой кіруючай кааліцыі чакаць ад будучых выбараў. Фаварытамі зьяўляюцца праэўрапейская Лібэрал-дэмакратычная партыя і Камуністычная партыя, якая арыентуецца на Маскву. У кожнай каля 21 працэнта галасоў. Далей ідуць Дэмакратычная партыя (18 працэнтаў), затым Лібэральная партыя і Сацыялістычная партыя, якая цьвёрда выступае за Мытны зьвяз (каля 10 працэнтаў галасоў у кожнай). Прарасейская партыя Patria (Радзіма) набірае каля 12 працэнтаў галасоў. Для таго, каб патрапіць у парлямэнт, партыі неабходна набраць не менш за 6 працэнтаў галасоў.

Не выключаецца верагоднасьць, што парлямэнцкія выбары могуць прывесьці да прававых калізій і пратэстаў. Сытуацыю можа абвастрыць тое, што за пару дзён да выбараў Апэляцыйная палата краіны дыскваліфікавала прарасейскую партыю Patria. Перад гэтым Цэнтравыбаркам абвінаваціў партыю ў выкарыстаньні замежных сродкаў для сваёй кампаніі і замарозіў яе рахункі.

Акрамя таго, 26 лістапада на адным малдоўскім сайце зьявілася відэа, дзе прыводзіўся аўдыёзапіс кіраўніка Patrii Рэната Вусатага. У гэтым запісе Вусаты прызнаецца, што яго курыруе расейская Федэральная служба бяспекі (ФСБ).

Службы бясьпекі Малдовы затрымалі пяць чалавек. Іх падазраюць у падрыхтоўцы беспарадкаў. Паводле паліцыі, у затрыманых былі канфіскаваныя пісталеты, гранатамёты, а таксама неназваная сума грошай.

«Цэнтар усходніх дасьледаваньняў», які базуецца ў Варшаве, у сваёй нядаўняй справаздачы выказвае меркаваньне: «У выпадку паразы прарасейскіх сілаў, можна чакаць, што вынікі выбараў будуць аспрэчвацца. Таксама верагодныя масавыя дэманстрацыі ці нават працяглыя пратэсты як у Кішынэве, так і ў Гагавузіі і Бельцах».

Малдоўскі ўрад ужо даў апазыцыі нагоду для гэткіх пратэстаў. Нягледзячы на тое, што ў Расеі пражывае каля 1 мільёна грамадзян Малдовы, урад вырашыў адкрыць толькі 5 выбарчых участкаў на тэрыторыі Расеі. Расійскія СМІ ўжо заявілі, што гэта зроблена для таго, каб «забясьпечыць адносна легітымны спосаб фальсыфікацый».

«Адзіным зацікаўленым у дэстабілізацыі Малдовы бокам, несумненна, зьяўляецца Расея, — лічыць аналітык Джэймстаўнскага фонду ў Вашынгтоне Уладзімір Сокар. — Малдоўскі псэўдамайдан быў бы надзвычай выгадны Расеі».

«Калі раней усе лічылі, што можна прыстасавацца і знайсьці стабільную раўнавагу паміж Усходам і Захадам, то зараз, па-мойму, выбарцам сапраўды трэба будзе зрабіць выбар паміж Усходам і Захадам, — лічыць былы міністар замежных спраў Румыніі Тэадор Баконскі. — Гэта адбываецца таму, што „перазагрузка“ паміж Вашынгтонам і Масквой не ўвянчалася посьпехам, і таму, што нікому ня хочацца ўбачыць у Малдове паўтарэньне тых працэсаў, якія адбываюцца ў рэгіёне. Так што гаворка ідзе не пра выбар „меншага зла“, як гэта часьцяком здараецца ў дэмакратычных дзяржавах, але пра выбар доўгатэрміновага напрамку».

Ці верагодны ўкраінскі сцэнар?

Ад 2009 году Малдову ўзначальвае кааліцыя партый праэўрапейскіх настрояў. Урад дасягнуў выдатных посьпехаў у рамках праграмы Ўсходняга партнэрства. Кішынэў падпісаў Пагадненьне аб асацыяцыі з Эўразьвязам, а таксама дамовіўся пра ўвядзеньне бязьвізавага рэжыму з краінамі ЭЗ. Эўразьвяз зьяўляецца самым буйным камэрцыйным партнэрам Малдовы (45 працэнтаў). За ім ідзе Расея (25 працэнтаў).

Посьпехі малдоўскага ўраду ў напрамку эўраінтэграцыі выклікалі прыкметнае раздражненьне ў Расеі. Масква заявіла, што лічыць непрымальнымі якія б то ні было зьмены ў нэўтральным статусе Малдовы. Расея працягвае аказваць на Малдову ціск і стымуляваць прарасейскія сілы. На пачатку лістапада расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін правёў сустрэчу з кіраўнікамі Партыі сацыялістаў Ігарам Дадонам і Зінаідай Грэчаный. Фотаздымкі гэтай сустрэчы цяпер тыражуюцца на рэклямных шчытах партыі пад дэвізам «Разам з Расеяй». Расея таксама дала зразумець, што пры зьмене Кішынэвам яго геапалітычнай скіраванасьці, яна гатовая адмяніць эмбарга на малдоўскія віны і іншыя тавары.

«Відавочна, што Расея спрабуе аказваць ціск, у тым ліку і разыгрываючы карту малдоўскіх працоўных-мігрантаў і пагражаючы іх выгнаньнем, — лічыць старшыня Камітэту па міжнародных пытаньнях Эўрапарлямэнту Эльмар Брок. — Умяшаньне ў палітыку Малдовы — яшчэ адзін спосаб, пры дапамозе якога Расея — як і ў выпадку з Украінай — спрабуе перашкодзіць краіне прыняць незалежнае рашэньне рухацца ў накірунку Эўропы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG