Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары менскага мікрараёну Лошыца пратэстуюць супраць адкрыцьця ў мясцовым Доме быту рытуальна-пахавальнага памяшканьня і халадзільнай камэры для нябожчыкаў.

Жыхары менскага мікрараёну Лошыца пратэстуюць супраць адкрыцьця ў мясцовым Доме быту рытуальна-пахавальнага памяшканьня і халадзільнай камэры для нябожчыкаў. На сустрэчу з чыноўнікамі адміністрацыі Ленінскага раёну прыйшлі каля 500 чалавек і прынесьлі 3 тысячы подпісаў пад зваротам да кіраўніка раённай вэртыкалі.

У перапоўненую актавую залю школы № 24, дзе праходзіў сход, трапілі ня ўсе, многія стаялі ў школьным калідоры. Прадстаўнікі Ленінскага райвыканкаму ды «Спэцкамбінату», які займаецца рытуальнымі паслугамі, адпачатку спрабавалі супакоіць расхваляваных жыхароў. Намесьнік дырэктара па ідэалёгіі «Спэцкамбінату» Сяргей Тур, у прыватнасьці, паведаміў:

«Нам прапанавалі зрабіць там... менавіта.. для рытуальна-пахавальнага абслугоўваньня. Плянавалася зрабіць там краму і лядоўню, для таго каб можна было прывозіць нябожчыкаў туды, і далей... Літаральна ўчора і пазаўчора прынятае рашэньне адкрыць краму для рытуальна-пахавальнага абслугоўваньня».

Аднак чыноўнік ня здолеў дакумэнтальна пацьвердзіць, што такое рашэньне сапраўды было прынятае, і нават назваць, хто яго прыняў. А таму ўдзельнікі сходу не далі веры ягоным вусным заявам. Актывіст Ігар Каспрук у сваім выступе адказаў прадстаўнікам улады гэтак:

Быў такі панятак — паўзучая контррэвалюцыя: зрабіць адзін крок, а затым і астатнія — спачатку краму, а затым усё, што плянавалі. (Аплядысмэнты.)

«На ўсе адказы ў нас ёсьць свой камэнтар. Быў такі панятак — паўзучая контррэвалюцыя: зрабіць адзін крок, а затым і астатнія — спачатку краму, а затым усё, што плянавалі. (Аплядысмэнты.) Такое наша ўражаньне, што гэтыя таварышы не былі і ня бачылі месца, дзе яны хочуць гэта зрабіць. Інакш бы спадар Тур не рабіў такіх заяваў, кшталту — што можна адгарадзіцца плотам ад будынку, які знаходзіцца за восем мэтраў ад жылога дому. (Аплядысмэнты.) Выканаўчая ўлада прызначаная выбарнай уладай, прэзыдэнтам. І такое вось рашэньне і тое, як яно прымалася, абсалютна не спрыяе таму, каб тыя, хто цяпер знаходзіцца ў залі, падтрымлівалі нейкую вашу абсалютна адрозную ад нашай ідэалёгію. (Аплядысмэнты.) Мяне гэта абсалютна не задавальняе, і я не дазволю гэта зрабіць ні вам, ні каму іншаму, і мяне падтрымаюць многія іншыя. (Аплядысмэнты.) Урэшце, трэба падтрымаць прэзыдэнта, які страціў здароўе ў змаганьні за народ з тымі, каго ён сам і прызначыў». (Аплядысмэнты.)

Рашэньне адкрыць трупярню ў Дому быту, дзе працуюць цырульня, хімчыстка, разьмешчаны бар і іншыя ўстановы, напрыканцы мінулага году прыняў Менгарвыканкам. У адказ мясцовыя актывісты сабралі сярод жыхароў каля трох тысяч подпісаў супраць гэтага.

Слова ўзяў і прадстаўнік працоўных калектываў Дому быту. Ён таксама прынёс больш за тысячу подпісаў і заявіў, што людзі не жадаюць працаваць у памяшканьні, пад падлогай якога будуць трымаць нябожчыкаў.

Асабліва хваляваліся жыхары дамоў, разьмешчаных за лічаныя мэтры ад магчымай трупярні:

Жыхар: «Нас тут запэўніваюць, што рашэньні зьмененыя, але хто іх адмяняў? Мы ня верым вам, мы вам ня верым! Дайце нам гарантыі, што нашы дзеці будуць спакойна гуляць на дзіцячых пляцоўках, разьмешчаных за дваццаць мэтраў ад гэтага аб’екта. Раён існуе ўжо пятнаццаць гадоў. Што зрабіла ўлада, каб палепшыць якасьць жыцьця?»

Жыхарка: «Многія будавалі кватэры за ўласны кошт, і я ў тым ліку. Сваімі сродкамі мы аплацілі ўсю інфраструктуру Лошыцы і нават той спартовы комплекс, які нам так і не пабудавалі. (Аплядысмэнты.) На якой падставе гэты будынак перадалі спэцкамбінату бяз нашай згоды? Таму Лошыца стане супраць. Мы пойдзем да канца, і тут ня будзе ня толькі пахавальнай, але і вашай крамы». (Аплядысмэнты).

Жыхар: «Чаму тут сабраліся людзі? Бо вы нас паставілі ў такія ўмовы. А вы мусілі працаваць не за „адкаты“, ня супраць народа, а на карысьць народа». (Аплядысмэнты.)

На шматлікія пытаньні і закіды, што ў мікрараёне няма ўстановаў для пазашкольных заняткаў дзяцей і моладзі, няма месцаў адпачынку, спартовых, культурных установаў, а таксама на прапановы аддаць памяшканьні Дому быту пад гэтыя адукацыйныя і культурныя ўстановы чыноўнікі не маглі даць адказу. А па заканчэньні сустрэчы намесьнік старшыні Ленінскага райвыканкаму Ўладзімер Ліцецкі заявіў, што рашэньне не адкрываць трупярню сярод жылых дамоў прынята ня ўчора ці пазаўчора, як было заяўлена на пачатку сустрэчы, а ў выніку сходу:

«У выніку сустрэчы прынята рашэньне, што рытуальнай залі ня будзе. Так атрымалася.. Больш я не гатовы пракамэнтаваць».

На гэтай жа сустрэчы жыхары мікрараёну Лошыца прагаласавалі супраць адкрыцьця любой установы рытуальна-пахавальнага характару, стварылі ініцыятыўную групу ў справе абароны сваіх інтарэсаў і наноў сабралі подпісы да гарадзкіх уладаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG