Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алена Танкачова разьлічвае застацца ў Беларусі яшчэ на тры месяцы


Паводле рашэньня, якое вынесла адміністрацыя Першамайскага раёну Менску, 30 лістапада праваабаронца мусіць пакінуць Беларусь бяз права ўезду на працягу трох гадоў

Скаргу на рашэньне пра сваю высылку праваабаронца падала сёньня ў Галоўнае ўпраўленьне ўнутраных спраў Менгарвыканкаму.

«У ГУУС Менгарвыканкаму скаргу прынялі, адзнаку паставілі. Мяне там запэўнілі, што гэтага мусіць быць дастаткова для таго, каб Першамайскі РУУС працягнуў мне рэгістрацыю на тры месяцы», — паведаміла Свабодзе Алена Танкачова.

Паводле Алены Танкачовай, у адпаведнасьці з законам «Аб прававым становішчы замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь», факт падачы скаргі ёсьць нагодай для прыпыненьня высылкі да моманту разгляду скаргі.

«Адзіны дакумэнт, які дасьць мне магчымасьць не зьяжджаць зь Беларусі ў гэтую нядзелю, — гэта дакумэнт пра працяг рэгістрацыі на тры месяцы. Калі я буду трымаць у руках гэты дакумэнт, то я буду ведаць, што 30 лістапада мне ніхто дзьверы ламаць ня будзе і прымусова вывозіць мяне зь Беларусі таксама ня будуць», — адзначыла праваабаронца.

30 кастрычніка старшыні праўленьня Цэнтру прававой трансфармацыі Алене Танкачовай паведамілі пра ануляваньне дазволу на сталае жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь. Тады ж стала вядома, што ў дачыненьні да яе распачатая працэдура высылкі. 5 лістапада ўпраўленьне унутраных спраў адміністрацыі Першамайскага раёну Менску прыняло рашэньне пра высылку Алены Танкачовай зь Беларусі «ў інтарэсах грамадзкага парадку». Фармальнай прычынай такога захаду адміністрацыя Першамайскага раёну называе парушэньне правілаў дарожнага руху.

Рашэньне прадугледжвае забарону на ўезд у Беларусь на працягу трох гадоў. Згодна з рашэньнем Першамайскага РУУС, Алена Танкачова павінна пакінуць Беларусь на працягу 30 дзён.

XS
SM
MD
LG