Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папа едзе ў Турцыю, яму пагражаюць


Папа Францішак

Папа Францішак

Папа рымскі Францішак сёньня пачынае візыт у Турцыю. Гэта будзе трэцяя паездка папы ў пераважна мусульманскія краіны, пасьля Ярданіі і Альбаніі.

Цягам трох дзён папа сустрэнецца з прэзыдэнтам Таіпам Эрдаганам, з рэлігійным кіраўніцтвам Турцыі і з патрыярхам Канстанцінопальскім Варфаламеем. Тэмай перамоваў абвешчаныя рэлігійная талерантнасьць і барацьба з тэрарызмам.

Заплянавана, што папа адслужыць імшу ў стамбульскім храме Сьвятой Сафіі, які 900 гадоў быў найвялікшай хрысьціянскай катэдрай, яшчэ 500 гадоў мусульманскай мячэцьцю, а цяпер афіцыйна зьяўляецца музэем.

У краіне прымаюцца павышаныя меры бясьпекі. Напярэдадні прадстаўнікі радыкальных турэцкіх арганізацый запатрабавалі ня пускаць папу ў краіну, дзе большасьць грамадзян вызнаюць іслам. Яны пагражалі масавымі акцыямі пратэсту. Мэдыі пішуць, што на адным са сваіх сайтаў таго ж запатрабавалі прадстаўнікі так званай ісламскай дзяржавы.

У гэтыя дні ўспамінаюць, што менавіта нападнік з Турцыі Агджа ў 1981-м годзе страляў у папу Яна Паўла II. Ён быў асуджаны да пажыцьцёвага зьняволеньня, аднак пазьней папа наведаў яго у турме і дараваў яму. Агджу выслалі у Турцыю, дзе ён адсядзеў яшчэ 10 гадоў за забойства журналіста, а потым выйшаў на волю. Перад цяперашнім візытам папы Агджа заявіў у інтэрвію турэцкаму каналу, што пантыфіку пагражаюць нейкія варожыя сілы і прапанаваў сваю дапамогу Ватыкану.
Сучасная Турцыя афіцыйна лічыцца сьвецкай дзяржавай. Аднак кіруючая партыя усё больш арыентуецца на мусульманскі сьвет. Многія вернікі лічаць, што інтэграцыя з Захадам была б трагічнай памылкай.

Хрысьціянская супольнасьць у Турцыі нешматлікая — ад 2 да 3 тысяч чалавек, гэта ў асноўным нашчадкі грэкаў.

Адметна, што папа Францішак, вядомы сваім сьціплым стылем жыцьця і добраахвотнай адмовай ад раскошы, запрошаны быць першым госьцем новага палаца турэцкага прэзыдэнта, у якім 1000 пакояў.

XS
SM
MD
LG