Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Русы: Цяжка даказваць, што ты ня лысы


Міхаіл Русы

Міхаіл Русы

Віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы адказаў на пытаньне, як ён ацэньвае дзеяньні расейскіх чыноўнікаў, якія абмежавалі пастаўкі ў Расею беларускіх прадуктаў.

Пытаньне было зададзенае падчас выступу віцэ-прэм’ера на агульным паседжаньні дэпутатаў Нацыянальнага сходу Беларусі.

Міхаіл Русы сказаў, што гэта вельмі цяжкое пытаньне. Справа ў тым, што ў Беларусі створаная эфэктыўная сыстэма праверкі якасьці аграрнай прадукцыі. Робіцца кантроль на ўваходзе і выхадзе прадукцыі, робіцца яшчэ і самакантроль. Аднак, пачынаючы зь 2008 году, па словах Русага, рэгулярна ўзьнікаюць пытаньні аб праблемах якасьці беларускай прадукцыі ў гандлі з Расеяй.

Міхаіл Русы сказаў, што найбольш верагодна было б аспрэчваць такія рашэньні расейскага боку ў Эўразійскім эканамічным судзе, аднак гэта вельмі працяглы працэс. Таму выйсьце адзінае: патрэбная адзіная рэфэрэнтная лябараторыя, якая б магла хутка правесьці аналізы і паказаць, хто ў той ці іншай сытуацыі мае рацыю. «Пакуль такія лябараторыі ня створаныя, — сказаў віцэ-прэм’ер, — вельмі цяжка даказваць, што ты ня лысы».

Міхаіл Русы паведаміў, што ў гэтыя дні разглядаецца пытаньне аб стварэньні спэцыяльных лябараторыяў якасьці, якія б давалі агульную ацэнку для ўсіх прадуктаў аграрнага сэктару вытворчасьці Расейскай Фэдэрацыі, Казахстана і Беларусі. Менавіта такія незалежныя лябараторыі і маглі б стаць судзьдзямі ў тых спрэчках, якія цяпер разгортваюцца паміж вытворцамі аграрнай прадукцыі Беларусі і яе пакупнікамі ў Расеі.

XS
SM
MD
LG