Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску пачынаюцца суды за фотаграфаваньне «з птушкамі і клеткамі»


У Чыгуначным райсудзе будуць судзіць журналістаў Зьміцера Казакевіча, Алену Сьцяпанаву і актывістку аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Алену Шабуню.

На ўсіх траіх складзены міліцэйскія пратаколы за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным пікетаваньні. Адзіны «доказ» у гэтых справах, да якога апэлююць міліцыянты — гэта фотаздымкі з інтэрнэт-сайтаў, дзе некалькі чалавек сфатаграфаваліся побач з зачыненым на рэстаўрацыю будынкам раённага дома культуры. На сьцяне гэтага дома ёсьць вядомае ў горадзе графіці, малюнак невядомага мастака — тры клеткі, зь якіх вылятае на волю птушка, зробленая з газэты.

Ідэя фотасэсіі заключалася ў тым, каб працягнуць тэму, узьнятую мастаком-графіцістам. Удзельнікі фотасэсіі таксама трымалі ў руках папяровыя клеткі і зробленых з газэты птушак-арыгамі. Фотаздымкі былі разьмешчаныя ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук», потым зьявіліся на сайце ГА «БАЖ».

17 лістапада «падчас маніторынгу інтэрнэту», як напісана ў рапарце начальніка адзьдзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі абласной міліцэйскай управы Аляксандра Каліноўскага, на фотаздымкі зьвярнулі ўвагу міліцыянты. Яны вырашылі, што дзеяньні людзей на фота маюць «прыкметы правапарушэньня». З управы ўнутраных справаў Віцебскага аблвыканкаму даслалі рапарт у Чыгуначны раённы адзьдзел міліцыі. І маёр Аляксандар Рыбакоў склаў на ўдзельнікаў фотасэсіі пратаколы за правядзеньне «несанкцыянаванага пікетаваньня» паводле артыкула 23.34 КаАП.

Міліцыя ідэнтыфікавала па групавым фотаздымку сямёра чалавек. Сярод іх — трое журналістаў, праваабаронца Павал Левінаў, віцебская каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Тацяна Севярынец і актывістка таго ж аргкамітэту Алена Шабуня, і звычайны мінак, жыхар Віцебску Пётар Берлінаў, які таксама вырашыў далучыцца да тых, хто фатаграфуецца. Ці складзены на яго пратакол правапарушэньня, пакуль невядома. Пратакол пакуль не складзены і на праваабаронцу Паўла Левінава — ён заявіў, што будзе заключаць дамову з абаронцам, і таму ягоны візыт у міліцыю да маёра Рыбакова перанесены.

Справы пяці чалавек ўжо перададзены ў Чыгуначны райсуд. 28 сьнежня — пачатак працэсаў па гэтай справе, а 1 сьнежня — працяг, будуць судзіць журналіста Кастуся Мардзьвінцава і каардынатарку аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Тацяну Севярынец.

Справы за фотаграфаваньне «з птушкамі і клеткамі» набылі шырокі грамадзкі рэзананс, у тым ліку міжнародны. «Эўрапэйская фэдэрацыя журналістаў» (IFJ) і ГА БАЖ выступілі з адкрытым лістом у падтрымку ўдзельнікаў фотасэсіі. А прадстаўнікі IFJ правялі акцыю салідарнасьці зь віцебскімі калегамі — паўтарылі іх фотасэсію ў Брусэлі, трымаючы ў руках папяровыя птушкі і клеткі, а таксама шыльдачкі з надпісам «Хіба гэта злачынства?»

«Выклікі ў міліцыю і суды „за фота“ ў апошнія гады сталі ў Беларусі даволі частай з’явай», канстатуецца на сайце ГА БАЖ.

У жніўні 2012 года Юлію Дарашкевіч і Ірыну Козлік судзілі за «пікетаваньне шляхам фатаграфаваньня» і аштрафавалі на 30 базавых велічынь кожную. Журналісткі здымаліся ў Менску з плюшавым мядзьведзікам у руках на знак падтрымкі затрыманага фатографа Антона Сурапіна.

У студзені 2013 г. Ленінскі раённы суд Горадні аштрафаваў гродзенскіх праваабаронцаў Віктара Сазонава, Рамана Юргеля і Ўладзіміра Хільмановіча на 15 базавых велічынь кожнага. 10 сьнежня 2012 года, у дзень прыняцьця Сусьветнай дэклярацыі правоў чалавека, яны сфатаграфаваліся з партрэтамі зьняволенага Алеся Бяляцкага і кніжачкамі з тэкстам дэклярацыі. Гарадзенская міліцыя гэты факт кваліфікавала як «несанкцыянаваны пікет».

Таксама ў студзені 2013 года Наваполацкі гарадзкі суд аштрафаваў на 2,5 млн. і 500 тыс. рублёў адпаведна актывістаў Сяргея Малашэнку і Яўгена Парчынскага, якія, як і гарадзенцы, сфатаграфаваліся з партрэтам Алеся Бяляцкага ў руках.

У сьнежні 2013 года суд Цэнтральнага раёна Менска на падставе раздрукоўкі фота ў інтэрнэце аштрафаваў грамадзкага актывіста Ільлю Дабратвора на 8 базавых велічынь за «пікет салідарнасьці» з «Эўрамайданам».

У красавіку 2014 г. суд Ленінскага раёна Горадні аштрафаваў Віктара Сазонава, Уладзіміра Хільмановіча і Рамана Юргеля на 25 базавых велічынь кожнага, прызнаўшы іх вінаватымі ў правядзеньні 25 сакавіка несанкцыянаванага пікету. На Дзень Волі праваабаронцы сфатаграфаваліся ля помнікаў і гістарычных мясьцін Горадні з бел-чырвона-белымі, а таксама ўкраінскімі сьцяжкамі і выставілі фотаздымкі ў інтэрнэце з віншаваньнямі жыхарам Горадні.

А зусім нядаўна, 25 лістапада, суд Ленінскага раёна г. Гродна аштрафаваў сябраў ГА «БАЖ» Міхала Карневіча і Ўладзіміра Хільмановіча на 15 і 35 базавых велічынь адпаведна — таксама за нібыта ўдзел у масавым мерапрыемстве (ушанаваньні памяці паўстанцаў 1863 года ў пасёлку Сьвіслач). Прадстаўнікоў міліцыі ў форме на месцы правядзеньня мерапрыемства не было, абвінавачаньні выстаўлялася на падставе адзнятых фота- і відэаматэрыялаў. Той факт, што, напрыклад, Міхал Карневіч зьяўляецца акрэдытаваным журналістам Радыё «Свабода», і на сайце «Свабода» ёсьць яго рэпартаж з месца падзеяў, ніяк не паўплываў на рашэньне суда.

XS
SM
MD
LG