Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна судзіцца з Расеяй ў Страсбуры


Эўрапейскі суд па правах чалавека ў Страсбуры пачаў разгляд двух пазоваў, пададзенага Ўкраінай супраць Расеі.

Пазовы датычыцца падзей у Крыме і Данбасе.

У распаўсюджаным у чацьвер камюніке ЭСПЧ паведамляецца, што 25 лістапада суд папрасіў расейскі ўрад афіцыйна прадставіць свае заўвагі адносна правамернасьці двух скаргаў, пададзеных украінскім урадам з нагоды парушэньня артыкула 33 (міждзяржаўныя пытаньні) Эўрапейскай канвэнцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў.

Свае заўвагі расейскі бок павінен прадставіць на працягу 16 тыдняў.

Першы пазоў, які паступіў у ЭСПЧ 13 сакавіка, тычыцца сакавіцкіх падзеяў у Крыме і сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны. Пазоўнік — урад Украіны — сьцьвярджае, што з 27 лютага гэтага года Расея ўстанавіла кантроль над Аўтаномнай Рэспублікай Крым, над дзейнымі ва ўсходняй частцы Ўкраіны сэпаратыстамі і ўзброенымі групамі.

Такім чынам, гаворыцца ў пазоўнай заяве, сытуацыя ў гэтым рэгіёне знаходзілася пад расейскай юрысдыкцыяй, і, адпаведна, пад ёй жа мелі месца шматлікія выпадкі парушэньня Эўрапейскай канвэнцыі.

Украінскі бок апэлюе да наступных артыкулаў дакумэнта: 2-гі (права на жыцьцё), 3-ці (забарона на катаваньні і бесчалавечнае абыходжаньне ), 5-ты (права на свабоду і бясьпеку), 6-ты (права на справядлівы суд), 8-мы (права на павагу прыватнага жыцьця), 9-ты (свабода веравызнаньня), 10-ты (свабода слова), 11-ты (свабода сходаў і асацыяцый), 13-ты (права на эфэктыўнае абскарджаньне) і 14-ты (забарона на дыскрымінацыю).

Акрамя гэтага, пазоўнікі паказваюць на парушэньне пратаколаў Канвэнцыі, якія тычацца абароны прыватнай уласнасьці і свабоды перамяшчэньня.

Згодна з заключэньнем украінскага боку, з сакавіка па верасень гэтага года, з прычыны анэксіі Крыма і падтрымкі Расеяй сэпаратысцкіх груп на ўсходзе Ўкраіны, там зьдзяйсьняліся сыстэматычныя забойствы ўкраінскіх вайскоўцаў, супрацоўнікаў праваахоўных органаў і цывільных асоб. У пазове згадваюцца выпадкі катаваньняў і захопу грамадзянскага насельніцтва. Прыводзяцца выпадкі дыскрымінацыі крымскіх татараў, якія жадалі захаваць ўкраінскае грамадзянства, а таксама выпадкі нападаў на журналістаў. У пазове ўказваюцца факты незаконнай экспрапрыяцыі ўкраінскага маёмасьці новымі ўладамі Крыма і факты нелегальнага абмежаваньня ўезду ўкраінскіх грамадзян у Крым, з рэгіёнаў Украіны, якія мяжуюць зь ім.

У другім пазове, пададзеным 13 чэрвеня гэтага года, гаворка ідзе аб трох выпадках меркаванага захопу прарасейскімі сэпаратыстамі ўкраінскіх дзяцей на ўсходзе Ўкраіны і іх часовай адпраўкі ў Расею ў пэрыяд з чэрвеня па жнівень 2014 года.

Па першай скарзе ЭСПЧ прыняў папярэднія захады, заклікаўшы Расею і Ўкраіну ўстрымацца ад любых крокаў, здольных прывесьці да парушэньня правоў цывільнага насельніцтва.

Па другім пазове расейскаму ўраду было загадана забясьпечыць захаваньне правоў захопленых у палон людзей і прасачыць за іх неадкладным вяртаньнем на тэрыторыю Ўкраіны. Гэтае прадпісаньне было зьнятае пасьля таго, як украінскія дзеці вярнуліся на радзіму.

XS
SM
MD
LG