Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Закон супраць карупцыі прымуць як рэкляму перад выбарамі, — Сяргей Сацук


Старшыня Вярхоўнага суду Беларусі Валянцін Сукала назваў «нацыянальным плянам барацьбы з карупцыяй» праект новага закону «Аб барацьбе з карупцыяй», які вынесены на грамадзкае абмеркаваньне. Калі будзе прыняты новы закон і што думаюць пра ягоны праект адмыслоўцы?

Старшыня Вярхоўнага суду Беларусі Валянцін Сукала, выказваючыся пра праект абноўленага закону «Аб барацьбе з карупцыяй», сказаў, што яго будуць абмяркоўваць на адмысловай нарадзе з удзелам Аляксандра Лукашэнкі «бліжэйшым часам». У прэсавай службе Вярхоўнага суду карэспандэнту Свабоды не назвалі дакладны дзень правядзеньня нарады. «Ідзе грамадзкае абмеркаваньне законапраекту», — паведамілі ў Адміністрацыі прэзыдэнта. Прыняцьце новага закону ў Палаце прадстаўнікоў на пэўны дзень пакуль не заплянавана, між тым восеньская сэсія блізкая да завяршэньня. «Закон могуць прыняць падчас наступнай, вясновай сэсіі, якая пачнецца ў красавіку, ці падчас надзвычайнай сэсіі, якую можа прызначыць Аляксандар Лукашэнка», — паведаміла крыніца ў Нацыянальным сходзе.

Сяргей Сацук

Сяргей Сацук

«Да прэзыдэнцкіх выбараў прымуць, антыкарупцыйны закон — гэта як рэклямная акцыя», — мяркуе незалежны журналіст Сяргей Сацук, які спэцыялізуецца на праблемах барацьбы з карупцыяй. Прааналізаваўшы праект новага закону, Сяргей Сацук ня ўбачыў у ім істотных адрозьненьняў ад аналягічнага закону, які быў прыняты ў 2006 годзе.

«Калі яшчэ першы закон прымалі, ужо тады ўсе казалі, што ён прыняты дзеля таго, каб замяніць рэальную барацьбу з карупцыяй на папяровую. І новы праект толькі пацьвердзіў гэтыя апасеньні, бо ў ім зусім ня ўлічаная практыка прымяненьня старога закону — тое, як ён працаваў. Бо ў першым законе было шмат таго, што зусім не працавала, і ў новым законе гэта ўсё паўтараецца».

Сяргей Сацук прывёў такі прыклад: у антыкарупцыйным законе ў якасьці ўмовы для карупцыі пазначана закрытасьць пэўных дзеяньняў і рашэньняў чыноўнікаў, іх адмова даваць прадстаўнікам грамадзкасьці інфармацыю. Усе дзяржаўныя ведамствы, а тым больш сілавыя, «абрасьлі», па словах Сяргея Сацука, інструкцыямі пра тое, як ня даць журналістам і прадстаўнікам грамадзкасьці патрэбную інфармацыю. Аднак ніводнага разу пракуратура, якая павінна змагацца з карупцыяй, на гэта не адрэагавала, заўважае Сяргей Сацук.

«У выніку адрозьненьне новага закону ад старога ў тым, што ў ім зьявілася на 16 артыкулаў больш, і цяпер чыноўнікі будуць яшчэ больш займацца папяровай працай. Прыкладна на 30%. Будуць складаць справаздачы, дэклярацыі».

Паводле новага закону пашыраецца кола тых, хто мусіць штогод падаваць дэклярацыі аб прыбытках і ўласнасьці. Прапануецца прымусіць гэта рабіць ня толькі чыноўнікаў, але і іхных блізкіх сваякоў, уключна зь дзецьмі. Калі ж пракуратура даведаецца, што хаця б на 25% прыбытак чыноўніка перавысіць тое, што ён мог зарабіць легальна, праз суд гэта ў яго забяруць, а да таго ж выкінуць з працы ды пазбавяць адмысловай пэнсіі. Экспэрт Сяргей Сацук, аднак, мяркуе, што свае прыбыткі чыноўнікі навучыліся добра хаваць і будуць гэтае ўмельства толькі ўдасканальваць:

«Яны будуць рэгістраваць маёмасьць на падстаўных асобаў, зусім не сваякоў. Будзе нейкая пэнсіянэрка баба Надзя валодаць катэджам коштам 1,5 мільёна даляраў, і што ты зь ёй зробіш?»

Гары Паганяйла

Гары Паганяйла

Паводле былога судзьдзі Гары Паганяйлы, барацьба з карупцыяй у Беларусі ня будзе эфэктыўнай, пакуль няма роўнасьці ўсіх перад законам. Гары Паганяйла згадвае, што, паводле адмысловага ўказу Аляксандра Лукашэнкі і зьменаў у Крымінальна-працэсуальны кодэкс, пэўныя асобы могуць быць памілаваныя, калі кампэнсуюць нанесеныя страты. Новы закон аб барацьбе з карупцыяй гэтую практыку «сарамліва» абыходзіць, заўважае праваабаронца:

«Пытаньне вінаватасьці ці невінаватасьці павінен вырашаць толькі суд. У санкцыях артыкулаў, якія зьвязаныя з карупцыяй, можна прадугледзець падвышаныя памеры штрафу, кампэнсацыю стратаў ад карупцыі, і такім чынам рэалізаваць як прынцып правасудзьдзя і справядлівага пакараньня, гэтак і прынцып роўнасьці перад законам для ўсіх. А вось такое выбарачнае ўжываньне закону — каго хачу, памілую, каго хачу, пакараю, — гэта не барацьба з карупцыяй».

XS
SM
MD
LG