Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гавары праўду» — пра тое, якой будзе Беларусь пасьля Лукашэнкі


Не абмяжоўвацца кароткім адрэзкам часу, а разгарнуць шырокую грамадзкую дыскусію вакол «Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусь да 2030 году» цягам чатырох месяцаў прапанавала сёньня грамадзянская кампанія «Гавары праўду» аўтарам праекту праграмы — Міністэрству эканомікі Беларусі. Грамадзкія актывісты гатовыя ўзяць на сябе арганізацыю экспэртнага маратону. Завяршыць яго «Гавары праўду» прапануе парлямэнцкімі слуханьнямі. На гэтай глебе, лічаць актывісты, можна сплянаваць, як будзе выглядаць Беларусь пасьля Лукашэнкі.

На афіцыйным сайце Міністэрства эканомікі Беларусі зьявіўся праект «Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусь да 2030 году». Цягам месяца кожны, каго зацікавіў гэты дакумэнт, можа накіраваць аўтарам свае прапановы і заўвагі.

Скарыстаць з такой магчымасьці вырашыла і грамадзянская кампанія «Гавары праўду». Але грамадзкія актывісты вырашылі пайсьці далей — арганізаваць вялікі экспэртны маратон і завяршыць яго парлямэнцкімі слуханьнямі. Гэтыя прапановы сёньня накіраваныя ў Міністэрства эканомікі.

Лідэр «Гавары праўду» Ўладзімер Някляеў кажа, што ўпершыню за апошнія шмат гадоў улады зьвярнуліся да грамадзтва:

Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў

«Раней ніколі такія рэчы простым людзям, што называецца, ведаць было ня дадзена. Значыць, нехта і ў гэтым урадзе, і ў гэтым рэжыме думае. Прычым думае як: да 30-га году, пры ўсіх стараньнях Лукашэнкі, наўрад ці яму можна будзе ўтрымацца на тым месцы, дзе ён цяпер знаходзіцца. Значыць, маецца на ўвазе эканамічнае разьвіцьцё Беларусі ўжо без Лукашэнкі.

І гэта азначае эканамічнае разьвіцьцё Беларусі па нейкіх новых правілах. А яны найперш, мабыць, будуць палягаць на рэформах, якія плянуюцца пад гэтую стратэгію. З гэтага вынікае, апроч усяго астатняга, што нарэшце зьявілася нейкая магчымасьць (пра што мы ўвесь час казалі) супольнай працы дэмакратычнай і ўладнай частак грамадзтва па тым, што мы называем будучыняй Беларусі. Мне здаецца, што гэта вельмі важная рэч».

Экспэрты «Гавары праўду» ўжо прапрацавалі тэкст стратэгіі, які займае 130 старонак. Галоўныя іх заўвагі наступныя: у праекце «ня бачна палітычнай волі да сапраўдных зьменаў, якія могуць забясьпечыць Беларусі ўпэўненую будучыню. У прыватнасьці, не прапрацаваная рэформа дзяржаўнага мэнэджмэнту. Пры абмеркаваньні разьвіцьця рэгіёнаў няма ні слова пра выбары мясцовай улады і павелічэньне фінансавай самастойнасьці рэгіёнаў».

Андрэй Дзьмітрыеў

Андрэй Дзьмітрыеў

Адказваючы на пытаньне Свабоды, ці хопіць сілаў у экспэртаў «Гавары праўду» для дэталёвага аналізу стратэгіі, намесьнік Някляева Андрэй Дзьмітрыеў адказаў:

«Нельга адседзецца. Гэта — выклік экспэртнай супольнасьці, нам усім. Таму мы накіруем пэрсанальныя запрашэньні ўсім тым, каго ведаем, — і незалежным экспэртам, і „фабрыкам думкі“. Тут няма чаго дзяліць. Бо будучыню не падзеліш».

Пра вялікую цікаўнасьць да праекту стратэгіі кажа і дырэктар па дасьледаваньнях Лібэральнага клюбу Яўген Прэйгерман:

Яўген Прэйгерман

Яўген Прэйгерман

«Я нават болей скажу: наш клюб гатовы падрыхтаваць некаторыя прапановы да стратэгіі ў фармаце грамадзкага абмеркаваньня. Але ідэя зрабіць абмеркаваньне больш шырокім, больш публічным — абсалютна слушная. Гэта добры першы крок — ствараць пляцоўкі для дыскусіяў. Але патрэбны і другі — мець добрыя экспэртныя групоўкі. І, я думаю, гэта яшчэ адзін штуршок, каб суб’екты, у тым ліку і палітычныя, думалі над разьвіцьцём сваіх унутраных інтэлектуальных рэсурсаў».

У Міністэрстве эканомікі Свабодзе пацьвердзілі, што прадстаўнікі кампаніі «Гавары праўду» зьвярталіся з прапановай далучыцца да абмеркаваньня стратэгіі. Міністэрства папрасіла іх накіраваць пералік пытаньняў, якія грамадзкія актывісты лічаць неабходным разгледзець.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG