Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Нарвэгія змагаецца з нафтавым блаславеньнем?


На першы погляд нафтавае багацьце — блаславеньне для любой краіны, якая яго мае. Але часам гэтае багацьце робіцца і праклёнам для эканомікі такой краіны.

У эканамічнай навуцы існуе тэрмін «галяндзкая хвароба». Яна спароджаная досьведам Нідэрляндаў, дзе ў 60-я гады ХХ стагодзьдзя адкрылі радовішчы газу. Рост курсу нацыянальнай валюты, які штурхалі ўверх газавыя даходы, і пераліў капіталу зь іншых галінаў у самую даходную — газавую — ледзь ня зьнішчыў усе іншыя экспартныя галіны галяндзкай эканомікі.

Яшчэ адным наступствам нафтавага блаславеньня ў многіх краінах зьяўляецца рэзкі рост дыфэрэнцыяцыі даходаў — нафтавыя грошы ўзбагачаюць адно невялікую купку кіроўнай эліты. Яскравыя прыклады — «пэтрадзяржавы» Блізкага Ўсходу і Расея.

З усім наборам гэтых выклікаў сутыкнулася і Нарвэгія, калі там былі знойдзеныя велізарныя радовішчы нафты і газу. Адказы, якія знайшла гэтая краіна, могуць быць карыснымі для іншых краінаў, якім пагражае «галяндзкая хвароба».

Нарвэгія — пяты паводле аб’ёму экспарцёр нафты ў сьвеце, гадавыя нафтавыя даходы складаюць 40 мільярдаў даляраў на год, краіна займае чацьвёртае месца ў сьвеце паводле ВУП на душу насельніцтва. Але разам з тым Нарвэгія — адна з самых «роўных» краін у сьвеце, разрыў паміж даходамі самых багатых і самых бедных нарвэжцаў — адзін з найменшых на плянэце.

У 60-я гады ўзровень жыцьця ў Нарвэгіі складаў 30-40% ад суседзкага — ў Швэцыі і Даніі. Зараз нарвэжцы багацейшыя за суседзяў.

Калі зьявіліся першыя нафтавыя даходы, дзяржава зьбірала іх у бюджэт і павялічвала дзяржаўныя выдаткі. Гэта радавала людзей, але праз некалькі гадоў абярнулася цяжкімі эканамічнымі праблемамі.

«Заробкі пайшлі ўверх, заводы страчвалі сваіх лепшых спэцыялістаў, якія пераходзілі ў нафтавую прамысловасьць, замежныя інвэстыцыі ўзьнялі курс нацыянальнай валюты так высока, што партнэры ў іншых краінах проста не маглі сабе дазволіць купляць якія-небудзь экспартныя прадукты Нарвэгіі акрамя нафты» — гаворыць нарвэскі нафтавы экспэрт ірацкага паходжаньня Фарух Аль-Касім.

У 1976 годзе Нарвэгія прыняла рашэньне, якое ніколі не прыняў бы той жа Ірак ці іншыя «пэтрадзяржавы» — сьвядома абмежаваць паступленьне нафтавых даходаў у эканоміку.


Напачатку было вырашана накіроўваць нафтавыя даходы выключна ў нафтавую галіну — ў пошук і здабычу нафты. Але гэта не ліквідавала наступствы «галяндзкай» хваробы.

І тады ў 1995 годзе было прынятае кардынальнае рашэньне — пераважную частку нафтавых даходаў ўкладаць у адмысловы фонд, які абвешчаны ўласнасьцю будучых пакаленьняў нарвэжцаў. Урад мае права выдаткоўваць унутры краіны толькі 4% даходаў фонду, пры гэтым накіроўваючы іх на інфраструктурныя праекты, астатнія 96% грошай фонду інвэстуецца за мяжу.

Вывядзеньне нафтавых даходаў з нацыянальнага фінансавага абароту дазволіла Нарвэгіі дывэрсыфікаваць сваю эканоміку, ня стаць краінай, цалкам залежнай ад рэсурсных даходаў, падрыхтавацца да часоў, калі нафта скончыцца.

Здабыча нафты ўжо зьмяншаецца з 2000 году, хаця ў 2011 годзе было адкрытае новае вялікае радовішча. Паводле ацэнак некаторых экспэртаў запасаў нафты Нарвэгіі хопіць яшчэ на 50 гадоў, газу — на 100. Але ёсьць і менш аптымістычныя ацэнкі: 30 гадоў для нафты, і 50 для газу.

Грошы адмысловага фонду дазволяць у будучыні ня толькі плаціць пэнсіі насельніцтву, якое старэе, гэтак і разьвіваць новыя галіны прамысловасьці ў той час, калі паток нафтадаляраў скончыцца.

Адмысловыя фонды, ў якіх акумулююцца даходы ад нафты, і якія павінны супрацьстаяць узьдзеяньню «галяндзкай хваробы» на эканоміку, ёсьць і ў іншых краінах, багатых на нафту, напрыклад, ў Расеі. Але адрозьненьні — у палітычнай волі, ў абыходжаньні з гэтымі грашыма. У Нарвэгіі фонд разглядаецца як сьвяты, як спадчына наступных пакаленьняў, у Расеі ўрад даволі лёгка запускае рукі ў адмысловы фонд, калі зьяўляецца патрэба ў грошах.

Па дадзеных Цэнтральнага банку Нарвэгіі чыстыя даходы ад продажу нафты ў Нарвэгіі і Расеі складалі прыкладна па 15% ВУП ў пэрыяд з 1998 па 2013 гады. Пры гэтым Нарвэгія назапасіла ў сваім адмысловым фондзе суму, якая складае два яе гадавых ВУП, у той час як Расея — толькі 20% свайго гадавога ВУП.

Тое, што нарвэскае грамадзтва пагаджаецца не траціць «жывыя» грошы, якія ёсьць у краіне, сьведчаць пра высокі ўзровень грамадзкай салідарнасьці і высокі давер да ўлады. Нарвэскія сацыёлягі тлумачаць гэта нават гістарычнай традыцыяй. Сучасныя нарвэжцы — нашчадкі вікінгаў, якія ў сярэднявеччы сваімі набегамі наводзілі жах на ўсю Заходнюю Эўропу. Але ўнутры сваёй супольнасьці мелі сыстэму ваеннай дэмакратыі, здабыча дзялілася пароўну.

Гэтыя эгалітарныя традыцыі робяць добрую справу для сучасных мірных нашчадкаў грозных рабаўнікоў сярэднявечча.

XS
SM
MD
LG