Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патрабаваць ад беларускіх пісьменьнікаў раман — насамрэч наш нацыянальны трэнд, праграма максымум, укладзеная... самімі літаратарамі.

Загадны лад

Запачаткаваў традыцыю сто гадоў таму Вацлаў Ластоўскі, які ў артыкуле «Па сваім шляху!» («Наша Ніва») заклікаў пісьменьнікаў «знайсьці ў сябе і даць сьвету новыя думы, сказаць новае слова. <...> Мы, народ малады і здаровы, павінны [тут і далей выдзелена мною — П. А.] тварыць сваю асобную, дужую маладой сілай літаратуру будучыні».

Вялікай літаратуры — буйныя літаратурныя формы. У тым жа годзе да В. Ластоўскага далучыўся Максім Гарэцкі: у эсэ «Развагі і думкі» («Велікодная пісанка») ён таксама зьвярнуўся наўпрост да сваіх калегаў вось з такімі надзённымі пытаньнямі: «Ці не пара б нашым пісьменьнікам напісаць што даўжэйшае? Ці не дадуць нам к дзесяцілецьцю „Нашай нівы“ нашы літаратары добры раман? Хаця б з сучаснага жыцьця раман?» «Прозы, прозы, добрай, мастацкай прозы беларускай дайце нам!» — выгукаў М. Гарэцкі.

Пройдзе 50 гадоў, а патрабаваньне нікуды ня зьнікне, па-ранейшаму застанецца актуальным. І яго ізноў будуць агучваць найперш самі пісьменьнікі. Так, у 1967 г. Іван Мележ у дакладзе на паседжаньні Саюза пісьменьнікаў БССР (пазьней перапрацаваным у артыкул «Раман і ягоныя праблемы») пачне дакараць літаратараў, што ім «не ўдаецца калі і ня лёгка, то з пэўнымі намаганьнямі стварыць пра мінулае што-небудзь роўнае „Тарасу Бульбе“, „Вайне і міру“ ці „Ціхаму Дону“».

Міне шчэ паўстагодзьдзя, і традыцыя рэгулярна пытацца ў пісьменьніцкім асяродзьдзі «Дзе раман?» будзе занядбаная. Аднак запыт працягне вісець у паветры, і агучыць яго цяпер не прадстаўнік творчай прафэсіі, а кіраўнік дзяржавы.

«У чым прычына таго, што за мінулыя 20–30 гадоў так і не зьявіліся сучасныя „Война и мир“, „Поднятая целина“? — запытаецца прэзыдэнт на сустрэчы з прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі ў кастрычніку 2014 г. — Гэта што, адсутнасьць талентаў? Альбо аб’ектыўныя ўмовы жыцьця, калі кніга перастае быць галоўнай крыніцай інфармацыі

Пачуўшы гэта, людзі, не абазнаныя ў нацыянальных трэндах, пачнуць злосна кпіць ці абурацца: «Чаму Лукашэнка і ягоныя спічрайтэры згадалі менавіта гэтыя творы ў якасьці ўзору?! Як наагул можна нечага патрабаваць ад пісьменьнікаў?!»

Дзе ваша літаратура?

Калі палітык пытаецца ў пісьменьнікаў, у чым прычына адсутнасьці сучаснага нацыянальнага раману — гэта адно, гэта дыялёг. Напамін пра традыцыю. А калі ён прыводзіць у якасьці ўзору замежную клясыку, «зьлёгку» ківаючы пісьменьнікам і ўсім сваім выбаршчыкам на непаўнавартасьць беларускай літаратуры — гэта другое, гэта абраза. Культываваньне правінцыйнасьці, бясталентнасьці ў нашым жыцьці і мастацтве. Quod licet Jovi non licet bovi, ці, перафразуючы, што дазволена Мележу, не дазволена Лукашэнку. Але галоўнае, аўтар раману «Людзі на балоце» зусім не зьбіраўся кагосьці прыніжаць сваімі літаратурнымі «эталёнамі» — у гэтым ягонае падабенства з Гарэцкім, які ў сваім тэксьце ўдакладняў: «Я жду не беларускага Гогаля, а беларуса — Гогаля, як Тарас Шаўчэнка, каторага і будуць лепшыя расейскія паэты перакладаць на расейскую мову, і будзе ён гаварыць і на ўсіх людзкіх мовах».

Зазначу, што ў замежных краінах дыскусіі па пытаньню «Дзе раман?» таксама вядуцца. Прычым спрэчкі, у якіх ўжо няшмат засталося ад навуковых дыспутаў, даўно выйшлі на міжнародны, так бы мовіць, узровень. Сёньня пытаньне «Дзе раман?» адрасуецца пераважна чужым пісьменьнікам і фармулюецца значна шырэй: «Дзе ваша літаратура?»

Прыкладам, некалькі гадоў таму брытанскі гісторык Пэры Андэрсэн высунуў і абгрунтаваў тэзу, што француская літаратура больш ня мае права лічыцца адной з галоўных у сьвеце, бо адыгрывае цяпер другасную ролю на міжнароднай культурнай сцэне. Пасьля гэтага, паведамляе расейскі часопіс «Иностранная литература» (№ 11-2012), амэрыканскі журналіст Дональд Морысан паглыбіў «навуковую базу» Андэрсана і ціскануў артыкул у брытанскім The Time — бомба мела красамоўную назву «Сьмерць францускай культуры».

Быццам «аглабельны» беларускі крытык 30-х гадоў мінулага стагодзьдзя, Морысан пісаў цынічна і безапэляцыйна: у іншых краінах больш не каціруюцца створаныя ў Францыі прадукты культуры, паколькі «іх празьмерная складанасьць пужае спажыўца». І гэта, на ягоную думку, ня проста творчы рэгрэс, а поўны крах у тым ліку сучаснага слоўнага мастацтва Францыі — дастаткова параўнаць сучасных пісьменьнікаў з Мальерам, Гюго, Бальзакам, Флябэрам, Прустам, Камю і інш.

Да таго ж Морысан не без злараднасьці зазначаў, што ў ЗША перакладаецца мізэрная колькасьць сучасных францускіх раманаў, у той час як у Парыжы кожную восень урачыста вітаюць амэрыканскіх раманістаў — ад Томаса Пінчана да Філіпа Рота, «не забываючыся, зразумела, пра Марышу Пэсл».

Ці не прадчувалі Ластоўскі, Гарэцкі, Мележ, што палеміка па праблемах беларускага раману аднойчы выйдзе па-за межы нацыянальнага мастацтва і самой Беларусі, а пытаньне ператворыцца ў бізун у руках літаратурных прайдзісьветаў і палітыкаў?

Дарэчы, так званыя вялікія літаратуры таксама сёньня зацюканыя. Адной «буйной гаспадарцы» Нобэлеўскую прэмію па літаратуры 27 гадоў не давалі (Расея) — там пакутуюць, што іх у сьвеце ня любяць, не чытаюць, і камплексуюць, быццам ня тое што раманаў, але і саміх пісьменьнікаў ужо ня маюць. Другая заможная гаспадарка па 500 (!) раманаў у год выдае (Францыя), аднак літаратурныя крытыкі, свае і замежныя, кожны год спраўна ладзяць пышныя хаўтуры па францускаму раману, а выдаўцы ўжо наагул «экспляатуюць трагічны сюжэт пра меркаваны скон літаратурнай творчасьці ў краіне» (Алексыс Лакруа, Ляран Малька «Ці захавала Францыя былую літаратурную моц?», Le Magazine Littéraire, № 500-2010).

Жыцьцё рамана

Савецкія выдавецкія практыкі, калі дзяржава фактычна ўскладала на сябе абавязкі па замове, друкаваньню, распаўсюду і аплаце кніг, замінаюць нам бачыць рэальныя рэчы.

Так, раманы эўрапейскіх пісьменьнікаў XIX стагодзьдзя, у прыватнасьці, Аляксандра Дзюма і Чарльза Дыкенса, выходзілі пераважна па частках ў часопісах ці ў якасьці дадаткаў да іх, і гэта з самага пачатку было пераважна пытаньнем грошаў, а не натхненьня, тое былі доўгія камэрцыйныя праекты, якія не перарываліся. Пісаць вялікія раманы для саміх літаратараў было больш прыбытковым заняткам, чым ствараць кароценькія апавяданьні. Вядомы выпадкі, калі адзін і той жа пісьменьнік адначасова пісаў некалькі раманаў і спрытныя бізнэсмэны адразу іх друкавалі. Гэтая схема працы раманістаў была распаўсюджана ў Эўропе і Амэрыцы: спачатку — часопісная публікацыя; пасьля — асобнае выданьне, калі аўтар быў камэрцыйна пасьпяховым; потым — старт дадатковых накладаў і перавыданьняў.

І вось які цікавы момант, датычны працы «калектыўнага неўсьвядомленага». Усе ведаюць згаданага вышэй Дыкенса — аўтара каля 20 найвыдатных раманаў, але ня ўлічваюць, што першыя наклады ягоных кніг у часопісах вымяраліся тысячамі асобнікаў, у той час як сукупны наклад аднаго толькі раману «Аповесьць пра два гарады» сёньня сягае 200 мільёнаў экзэмпляраў. (На раманы «працуе» ня толькі цяперашні, але і будучы час, павялічваючы іх продажы.) Ня бачыў вялікіх накладаў пры жыцьці і Міхал Лермантаў — яны зьявіліся пазьней, у многім дзякуючы кіраўніцтву савецкай дзяржавы. Так, першая публікацыя «Героя нашага часу» (раман друкаваўся ў «Отечественных записках» некалькі гадоў) — гэта ўсяго 1200 экзэмпляраў на ўсю Расейскую імпэрыю, а першая асобная публікацыя раману (1840 г.) склала тысячу экзэмпляраў.

Пасьля таго, як практыка друкаваньня раманаў у часопісах паступова спынілася, сам жанр раману пачаў зьмяняцца. У тым ліку зьменшыўся памер раманаў — пісьменьнікі з розных краінаў сьвету сьвядома пайшлі на гэта, бо цяпер выдаўцы не друкавалі іх творы цягам доўгіх месяцаў, каб потым яшчэ забясьпечваць дадатковымі грашыма ад продажу асобных выданьняў. Памяншэньню памеру рамана «спрыялі» і іншыя фактары, у тым ліку страта цікавасьці большай часткі сучасных чытачоў да доўгіх кніг, у якіх дзейнічае ажно 559 герояў, як ў «Войне и мире». Справа ня толькі ў цікавасьці — людзі сёньня ня маюць столькі вольнага часу, каб асабіста пазнаёміцца з натоўпам пэрсанажаў і некаторы час жыць сярод іх. (Аднак многія шчыра сумуюць па былым літаратурацэнтрычным сьвеце, па вялікіх раманах.)

Аўтабіяграфічны раман «Мая барацьба» сучаснага нарвэскага пісьменьніка Карла Увэ Кнаўсгарда налічвае 3600 старонак

Аўтабіяграфічны раман «Мая барацьба» сучаснага нарвэскага пісьменьніка Карла Увэ Кнаўсгарда налічвае 3600 старонак



У выніку сучасны эўрапейскі раман па даўжыні наблізіўся цяпер да аповесьці. Так, раман «Прадчуваньне канца» брытанскага пісьменьніка Джуліяна Барнса, за які ён атрымаў у 2011 г. Букераўскую прэмію, мае ўсяго 177 старонак. Зразумела, там няма паўтысячы пэрсанажаў і якой-кольвечы шматплянавасьці — тэрыторыя кнігі абмежаваная, уся як на далоні. Зразумела, там па-іншаму, чым у раманах XIX стагодзьдзя, цячэ час — кніга занадта «хуткая», каб увасобіць у тым ліку прынцып гістарычнасці, уласьцівы жанру.

Аб’ёмам раманы сёлетняга ляўрэата Нобэлеўскай прэміі Патрыка Мадыяно не перавышаюць 200 старонак.

Аб’ёмам раманы сёлетняга ляўрэата Нобэлеўскай прэміі Патрыка Мадыяно не перавышаюць 200 старонак.



Ня толькі нашае жыцьцё карэнным чынам зьмянілася — адбыліся вялікія зьмены ў жыцьці самога раману. Той, хто чытае кнігі, ведае аб гэтым дакладна. Патрабаваць сёньня ад раманістаў, каб яны апісалі новых Будэнброкаў альбо паказалі жыцьцё цэлай краіны на пераломным этапе гісторыі — значыцца, выявіць сваю чытацкую недасьведчанасьць, няведаньне тых законаў, па якіх жыве і разьвіваецца літаратура. Што тычыцца сучасных раманаў, то яны ёсьць у Беларусі: прыкладам, у агульным сьпісе кніг-намінантаў на прэмію імя Гедройца ў 2014 г. налічвалася 46 кніг, і многія з іх належаць менавіта да жанру «раман». Колькі беларусаў іх прачыталі, каб меркаваць аб стане сучаснага беларускага раману?

Ну, калі нехта з чыноўнікаў хоча атрымаць «клясычны» раман, створаны па канонах сацрэалізму, як «Поднятая целина», дый яшчэ вагою як цагліна, то нагадаю, што памер чатырох прэміяў імя Сталіна па літаратуры ў 1940-х гадах складаў 100 тысяч рублёў кожная. Кіляграм ялавічыны ў сыстэме дзяржаўнага гандлю тады каштаваў 10 рублёў, а значыцца, на адну прэмію можна было купіць 10 тон мяса.

Ілюстрацыя да «Ціхага Дону», адзначанага Сталінскай прэміяй у 1941 годзе.

Ілюстрацыя да «Ціхага Дону», адзначанага Сталінскай прэміяй у 1941 годзе.



Літаратура — не дабрачыннасьць, а прафэсійная сфэра дзейнасьці. Улічвайце гэта, калі будзе задаваць пытаньні пісьменьнікам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG