Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хакейны клюб «Дынама-Мінск» будзе праводзіць прэсавыя канфэрэнцыі на дзьвюх мовах: беларускай і расейскай. Такая дамоўленасьць дасягнутая паміж кіраўніцтвам клюбу і кіраўніцтвам Кантынэнтальнай хакейнай лігі.

Пра гэта Свабодзе паведаміў кіраўнік прэсавай службы хакейнага клюбу «Дынама-Мінск» Раман Стронгін. На афіцыйным сайце клюбу заяўляецца: «Прэс-канфэрэнцыі пасьля хатніх матчаў „Дынама-Мінск“ у КХЛ будуць праводзіцца на абедзьвюх дзяржаўных мовах Рэспублікі Беларусь — расейскай і беларускай, што не супярэчыць рэглямэнту Кантынэнтальнай хакейнай лігі».

Раней кіраўніцтва КХЛ папярэдзіла афіцыйным лістом кіраўніцтва беларускага хакейнага клюбу «Дынама-Мінск» пра недапушчальнасьць выкарыстаньня беларускай мовы падчас правядзеньня прэсавых канфэрэнцыяў. Падстава — тое, што выкарыстаньне беларускай мовы нібыта парушае рэглямэнт КХЛ.

У сродках масавай інфармацыі гэты факт засьведчыў журналіст Вячаслаў Фэдарэнка, а таксама пацьвердзіў Раман Стронгін.

Кіраўніцтвы «Дынама-Мінск» і КХЛ пачалі пасьля гэтага абмяркоўваць пытаньне мовы. Вынікам стала дамоўленасьць пра перамогу без паразаў: падчас прэсавых канфэрэнцыяў беларусы будуць выкарыстоўваць як беларускую, так і расейскую мовы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG