Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стась Карпаў: Трэба, каб на Слуцкі збройны чын запрашаў Лявон Вольскі


​Чаму вандроўкі па мясьцінах Слуцкага паўстаньня год ад году зьбіраюць аднолькава мала людзей? Чаму ў мястэчках Грозава, Семежава і Вызна нешматлікіх удзельнікаў паездкі сустракаюць толькі пустыя шэрыя вуліцы і некалькі супрацоўнікаў мясцовага аддзелу міліцыі?

Чаму вандроўкі па мясьцінах Слуцкага паўстаньня год ад году зьбіраюць аднолькава мала людзей? Чаму ў мястэчках Грозава, Семежава і Вызна нешматлікіх удзельнікаў паездкі сустракаюць толькі пустыя шэрыя вуліцы і некалькі супрацоўнікаў мясцовага аддзелу міліцыі? Што трэба памяняць у фармаце адзначэньня гадавіны Слуцкага збройнага чыну, каб гэтая падзея стала цікавай для многіх, для грамадзтва, а ня толькі для актывістаў? На гэтыя пытаньні Свабода папрасіла адказаць людзей творчых прафэсіяў.

Андрэй Хадановіч

Андрэй Хадановіч

Большасьць апытаных бачаць недахоп ня толькі ў фармаце адзначэньня, але і ў мэтадах інфармаваньня пра падзею. Напрыклад, паэт Андрэй Хадановіч кажа, што Слуцкі збройны чын можа стаць цікавай падзеяй за кошт далучэньня да сьвяткаваньня новых, нечаканых людзей.

«Ня трэба казаць пра Слуцкі збройны чын адным і тым жа людзям, прычым з даволі абмежаванага кола. У нас жа з году ў год за адны і тыя ж рэчы агітуюць даўно загітаваных. Хтосьці з гэтых загітаваных удзельнічае з году ў год у паездцы, камусьці надакучвае. Трэба неяк спрабаваць выйсьці з гэтай маленькай прасторы, якой мы валодаем, і зьвярнуцца да новых адэптаў, якія б маглі гэта радасна пачуць і адкрыць для сябе».

Далучыць новых людзей можна найперш, зьмяніўшы асобу таго, хто запрашае. Паводле публіцыста Стася Карпава, моцным ходам было б выкарыстаньне аўтарытэту Лявона Вольскага, які б запрашаў да ўдзелу ў сьвяткаваньні Слуцкага збройнага чыну.

«Трэба, каб на Слуцкі збройны чын запрашаў Лявон Вольскі ці іншая пэрсона, якія асацыююцца з крэатывам. Тут не праблема рэклямнага пляката і вокладкі, а праблема ў тым, да каго людзі ў госьці запрошаныя. У адным выпадку гэта будзе тужлівая і маркотная сумната. А ў іншым — гэта будзе цікавая падзея. Вось праводзяць вышываначныя фэсты: людзі прыйшлі ў мінулы раз і, відаць, прыйдуць і цяпер. Няважна, як назваць імпрэзу — Слуцкі збройны фэст ці пэрсанальная падзея Булака-Балаховіча. Трэба, каб памяняліся арганізатары. Але яны не памяняюцца — яны да страты пульсу будуць сядзець на гэтым месцы і ў адказ на крытыку казаць, што яны нікому не замінаюць рабіць нешта сваё».

Антон Рудак

Антон Рудак

А вось паэт Антон Рудак, які аднойчы ўдзельнічаў у паездцы па мясьцінах Слуцкага збройнага чыну, незвычайнасьць угледзеў менавіта ў паводзінах арганізатараў: дзьве партыі, якія рознымі аўтобусамі ехалі па мястэчках, вельмі дэманстратыўна стараліся не сустрэцца адна з адной:

«Калі я браў удзел у вандроўцы па месцах Слуцкага паўстаньня, было мне цікава назіраць, як дзьве партыі па чарзе ўшаноўвалі памяць паўстанцаў, прычым такім чынам, каб не перасекчыся. Сытуацыя была настолькі парадаксальная, што ўдзельнікі з адной групы сядзелі і аўтобусе і чакалі, пакуль іншыя правядуць імпрэзу і зьедуць».

Антон лічыць, што вандроўку можна ажывіць праз удзел у імпрэзах мясцовых жыхароў. Праўда, для гэтага трэба зьменшыць колькасьць бел-чырвона-белых сьцягоў ва ўдзельнікаў і адмовіцца ад агрэсіўнай партыйнай рыторыкі:

«Вельмі сумна назіраць панылыя мястэчкі, куды звычайна прыяжджаюць удзельнікі гэтай вандроўкі: пустыя вуліцы, мясцовыя хаваюцца па хатах, калі бачаць сьцягі і супрацоўнікаў, якія назіраюць за тымі, хто прыехаў. Я лічу, што трэба пазбаўляцца ад партыйнай рыторыкі і вялікай колькасьці сымболікі, уцягваць у сьвяткаваньне мясцовых жыхароў. Для моладзі і падлеткаў былі б цікавыя выезды ў гэтыя мясьціны з мэтай патрыятычных гульняў. Такім чынам можна было б адаптаваць ваенную гісторыю, зрабіць яе бліжэйшай і зразумелай».

Каб адаптаваць падзеі Слуцкага збройнага чыну, можна выдаваць фільмы, запісваць песьні і ствараць кампутарныя гульні са слуцкімі паўстанцамі замест танчыкаў.

Зьміцер Вайцюшкевіч

Зьміцер Вайцюшкевіч

Музыка Зьміцер Вайцюшкевіч кажа, што сёньня беларуса прасьцей сустрэць у Брусэлі і Антвэрпэне, чым у мясьцінах Слуцкага збройнага чыну.

«Я б параіў арганізатарам дзейнічаць адпаведна з часам: здымаць відэа пра падзею, выдаваць песьні і стварыць беларускую кампутарную гульню пра Слуцкі збройны чын».

Максім Жбанкоў

Максім Жбанкоў

З Вайцюшкевічам пагаджаецца культуроляг Максім Жбанкоў. На ягоную думку, «людзі стаміліся ад ідэалягічнага ціску, ім патрэбны атракцыён»:

«Варта рабіць палегчаную адаптацыю, тлумачыць гісторыю шырокім колам грамадзкасьці ў нечаканых формах. Можна было б выдаць інтэрнэт-сынгл зь песьнямі, прысьвечанымі Слуцкаму збройнаму чыну. Можна было б зрабіць настольную гульню, накшталт „Паўстанцаў“. Людзі стаміліся ад ідэалягічнага ціску, ім хочацца, каб гэта быў у пэўным сэнсе атракцыён, каб гэта было файна, цікава. Пытаньне ў тым, як нам гістарычны досьвед ператварыць у комікс, у яскравую налепку, у музычны праект — каб зрабіць гісторыю сумяшчальнай з густамі актуальнай аўдыторыі. Мы стаміліся ад навуковых лекцыяў і ідэалягічных заклікаў. Трэба шукаць іншыя вымярэньні, палегчаныя і адаптаваныя, але якія б дакладна адлюстроўвалі падставовы мэсыдж — што, як і навошта адбылося. З масавым спажыўцом трэба размаўляць на ягонай жа мове — іншых варыянтаў няма».

Алесь Марачкін

Алесь Марачкін

А вось мастак і арганізатар сьвяткаваньня 500-годзьдзя бітвы пад Воршай Алесь Марачкін катэгарычна ня згодны з тым, што трэба шукаць новыя фарматы для адзначэньня гістарычных падзеяў. Трэба проста стаць на калені перад магіламі продкаў, лічыць ён.

«Нельга нічога прыдумаць замест наведваньня і ўшанаваньня магілаў продкаў. Ну нічога новага не прыдумаеш — трэба прыйсьці і стаць на калені перад гэтай сьвятой зямлёй. Нават калі адзін чалавек прыйдзе — гэта ўжо значна. Наўрад ці трэба рабіць з гэтага шоў. Мы наагул жывём у эпоху шоў, калі ўсё напаказ, каб засьвяціцца ў СМІ. Ня ведаю, як тут можна зьмяніць фармат, і не перакананы, што гэта патрэбна. Хіба што босым па сьнезе зь Менску пайсьці ў бок Слуцку з плякатам у руках? Ногі зьмерзнуць, сам акалееш, але затое які вынік — усе будуць ведаць пра гэта!»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG