Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спрашчэньне візавага рэжыму з Эўразьвязам зноў адкладаецца


24–25 лістапада ў Брусэлі адбыўся другі раўнд кансультацыяў па заключэньні пагадненьняў аб спрашчэньні візавых працэдур і рэадмісіі з удзелам прадстаўнікоў Эўракамісіі і МЗС Беларусі.

Прэсавы сакратар беларускага зьнешнепалітычнага ведамства Дзьмітры Мірончык паведаміў, што гэта быў больш тэхнічны, а не публічны этап:

Дзьмітры Мірончык

Дзьмітры Мірончык

«Беларускія прапановы былі агучаныя эўрапейскаму боку значна раней, на этапе абмену праектамі. Цяпер ідуць не перамовы, а кансультацыі экспэртаў. Гэта тэхнічны этап, этап не публічны.

У Брусэлі мы, што называецца, прайшліся па пунктах і разгледзелі ўсе сустрэчныя прапановы бакоў. І дасягнулі пэўнага прагрэсу. Кансультацыі па пытаньнях спрашчэньня візавага рэжыму паміж Беларусьсю і Эўрапейскім Зьвязам працягнуцца ў Менску на пачатку наступнага году».

Першы раўнд перамоваў прайшоў у Менску ў сярэдзіне чэрвеня. Тады зь беларускага боку прагучала некалькі прапановаў Эўракамісіі, якія маглі б спрасьціць парадак афармленьня візаў, а таксама павялічыць тэрмін іх дзеяньня для грамадзянаў Беларусі.

Варта адзначыць, што Беларусь – лідэр візавага рэйтынгу Эўразьвязу. Летась колькасьць шэнгенскіх візаў, выдадзеных у Беларусі, перавысіла 772 тысячы. У 2013 годзе, як і ў 2012-м, па колькасьці шэнгенскіх візаў на душу насельніцтва Беларусь трымае першае месца сярод прыкладна 140 краінаў, якія маюць візавы рэжым з Эўразьвязам: 80 шэнгенскіх візаў на 1 тысячу жыхароў. Для параўнаньня: у Расеі гэты паказьнік – 48, ва Ўкраіне – 34. Гэта пры тым, што грамадзяне Беларусі плацяць 60 эўра за шэнген, а расейцы і ўкраінцы, зь якімі дзейнічае пагадненьне аб спрашчэньні візавага рэжыму, – 35 эўра.

XS
SM
MD
LG