Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Акіян Эльзы» ў Менску: трыюмф мастацтва, беларуска-ўкраінскай салідарнасьці і ганьба менскай улады


(Пасьляслоўе да канцэрту)

Самай яркай культурнай падзеяй мінулага тыдня стаў юбілейны канцэрт у Менску ўкраінскага рок-гурту «Акіян Эльзы». Ён сабраў у «Менск-Арэне» аншляг — больш за 14 тысяч гледачоў. Каля трох гадзін выдатнай музыкі і ўзаемнай шчырасьці — украінскіх музыкаў і іхніх беларускіх фанаў. Але...

Так ужо павялося, што ў сучаснай Беларусі вельмі часта самыя яркія культурныя, мастацкія падзеі ператвараюцца ў скандалы. І ня без удзелу ўладаў і сілавых структураў. Гэтым разам скандал выйшаў па-за межы Беларусі, стаў міжнародным. За тое, што адбылося на «Менск-Арэне», нават трымаў адказ у Міністэрстве замежных спраў Украіны амбасадар Беларусі ў Кіеве. Менскія міліцыянты адбіралі ў гледачоў ня бел-чырвона-белыя — нацыянальныя беларускія сьцягі, да чаго ўжо ўсе тут прывыклі, а дзяржаўныя сьцягі Ўкраіны ды іншую ўкраінскую сымболіку.

Пра тры бакі (мастацкі, грамадзянскі і скандальны) канцэрту «Акіяна Эльзы» ў Менску распавядаюць сьведкі падзеі, маладыя людзі, якія былі на гэтай імпрэзе. Яны таксама дзеляцца сваімі меркаваньнямі, чаму беларускія ўлады так баяцца нацыянальных сымбаляў, ці існуе ў краіне мяжа забаронаў і што можна ім супрацьпаставіць.

У перадачы бярэ ўдзел кіраўніца менскай гарадзкой арганізацыі Аргкамітэту дзеля стварэньня партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», юрыстка Вольга Кавалькова, якая пацярпела ад дзеяньняў міліцыянтаў і разам са сваімі сяброўкамі і калегамі падала скаргу ў пракуратуру на паводзіны міліцыянтаў. Яшчэ адзін удзельнік перадачы — літаратар, блогер, грамадзкі актывіст Глеб Лабадзенка, які мае досьвед змаганьня з чыноўнікамі і міліцыянтамі за беларускую мову і нацыянальную сымболіку.

У перадачы дэманструюцца аматарскія відэакадры, якія акунаюць гледачоў у атмасфэру канцэрту, дзе беларусы выказвалі салідарнасьць са змагарнай Украінай і яе выдатнымі музыкамі, удзельнікамі дзьвюх народных рэвалюцыяў, а таксама тыя кадры, якія паказваюць паводзіны беларускіх праваахоўнікаў.

Перадачу вядзе Вячаслаў Ракіцкі.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG