Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Лябедзька і ўсе астатнія


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Тое, што лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі і ўдзельнікі кампаніі «Народны рэфэрэндум» ня знойдуць агульнай мовы ў пытаньні вылучэньня адзінага кандыдата ў прэзыдэнты, можна было прадбачыць. Падчас парлямэнцкіх выбараў АГП зацята адстойвала ідэю байкоту, рух «За свабоду» і кампанія «Гавары праўду» выступала за ўдзел у іх. У двух блёках, пра стварэньне якіх было абвешчана пасьля тых выбараў (праўда, хто зараз пра іх памятае?), удзельнікі сёньняшняй спрэчкі аказаліся не разам.

У сваю чаргу партыі, якія зараз апынуліся ўпяцёх супраць Анатоля Лябедзькі, даволі стрымана паставіліся да ініцыятывы «Выбары без Лукашэнкі», прапанаванай старшынём АГП некалькі гадоў таму. А ён даволі крытычна выказаўся пра ідэю «народнага рэфэрэндуму» адразу ж, як толькі яна была абвешчаная БНФ, «Гавары праўду» і «За свабоду».

Аб’яднаньне «Талака», кіраванае спадаром Лябедзькам, паводле задумы, павінна было стаць ідэйнай і арганізацыйнай альтэрнатывай «народнаму рэфэрэндуму» у межах апазыцыі.

Зразумела, хто толькі і калі толькі ў беларускай апазыцыі не разыходзіўся і ня быў разам. Сёньня разам — заўтра не, і наадварот: такое бывала шмат разоў. Тым ня менш хроніка нязгодаў, якую я прывёў, робіць цяперашнюю нязгоду больш чаканай і вытлумачальнай.

Умовы правядзеньня выбараў у Беларусі вядомыя. Цяпер ўлада нават не абцяжарвае сябе намёкамі на тое, што можа неяк гэтыя ўмовы скарэктаваць. Дык які сэнс у іх удзельнічаць?

Удзел у выбарах, якія выбарамі не зьяўляюцца, тлумачыцца двума чыньнікамі. Першы — той, што ўлада — гэта не Госпад Бог. Яна, зразумела, плянуе правесьці чарговыя выбары гэтак жа «элегантна», як і папярэднія. Але гэтак не заўсёды атрымліваецца. Прыкладаў «цудоўных выбараў», электаральных рэвалюцый існуе ў сьвеце безьліч, пра гэта шмат сказана і, відаць, ня варта паўтарацца.

Як той казаў, урадам пагражае не апазыцыя, а падзеі. А падзеі маюць звычку здарацца. Чаму б ім ня здарыцца і ў лістападзе наступнага году?

Ня ў сэнсе, што апазыцыя гэтыя падзеі сплянуе. Пляны рэвалюцыяў, справа, зразумела, выдатная, але рэвалюцыя, якая робіцца паводле дакладнага пляну — гэта супярэчнасьць у вызначэньні. У гадавіну чэхаславацкай «аксамітнай» рэвалюцыі патрапілі на вочы ўспаміны Вацлава Гаўла. Паводле яго, у тыя лістападаўскія дні 1989 году чэхаславацкія дысыдэнты зусім не спадзяваліся на перамогу. Цікавая дэталь: паводле Гаўла ў лістападзе, калі на вуліцы Прагі ўжо выходзілі тысячы людзей, дысыдэнты думалі пра тое, як яны правядуць чарговую вулічную акцыю на дзень правоў чалавека 10 сьнежня. У рэальнасьці ў гэты час яны ўжо былі ўладай Чэхаславаччыны.

Сплянаваць можна ваенны пераварот, як і любую ваенную апэрацыю, ды і тое толькі ўласна ваенную частку. А як адрэагуе грамадзтва, пэўныя ўплывовыя групы насельніцтва, войска, паліцыя і спэцслужбы — гэта ў прынцыпе невядома. У працэсе высьвятляецца.

Тое, што выбары — і ня выбары зусім, не азначае, што ў грамадзка-палітычным сэнсе іх грамадзка-палітычным вынікам ёсьць гарантаваны круглы нуль. Часам зьмены, не чаканыя ані ўладай, ані апазыцыяй.

Другі чыньнік, які робіць удзел у выбарах-невыбарах справай, не пазбаўленай сэнсу, зьвязаны з асаблівасьцямі палітыкі, як прафэсіі. Так, агітаваць народ за сябе, прапагандаваць сваю пазыцыю можна ўсе пяць гадоў паміж выбарамі, і чым такім адрозная дата галасаваньня, калі яго фактычна няма? Але адрозная насамрэч. Паводле знакамітага выслоўя гуру навукі аб камунікацыі Маршала Маклюэна the medium is the message — сродак камунікацыі і ёсьць пасланьне.

Для прасунутай публікі выбараў няма, для іншых — яны ёсьць ці ў горшым выпадку яны — важны, прызнаны дзяржавай рытуал, які мае, прынамсі, нейкае дачыненьне да ўлады. І словы, сказаныя ў гэтым антуражы, ў межах гэтай формы, гучаць больш важка і ўспрымаюцца больш сур’ёзна, чым ў межах любой іншай.
Гэтая ўяўленьне пацьвярджаецца і масавымі ацэнкамі. Каго, якіх палітыкаў беларусы ведаюць, за каго выказваюць гатоўнасьць (хай і сьціплую) галасаваць? А за тых, хто некалі ўдзельнічаў у выбарах.

Ёсьць выбары ці няма, той, хто ў іх удзельнічае (асабліва ў прэзыдэнцкіх), атрымлівае сваю долю народнай вядомасьці і любові. Прычым, такую, якая застаецца надоўга, на гады.

Існуе ўяўленьне, што палітыкі — асобы, якія ў сваіх дзеяньнях павінны кіравацца выключна народным дабром. Ну, яны ў межах свайго разуменьня гэтага дабра такім меркаваньнем і кіруюцца, але для таго, каб яго тварыць, яны павінны мець уладу. А шлях да ўлады — вядомасьць, папулярнасьць і народная любоў. Хто папракне актора прагай папулярнасьці? Ну а чым палітык адрозны? Ён таксама — шукальнік народнай любові. Калі выбары (і «нявыбары» ў тым ліку) — найлепшае месца, дзе яе можна здабыць, то дзіўна выглядае той палітык, які ў іх не ўдзельнічае.

Ну а зараз, пасьля гэтага невялічкага адступленьня, вернемся да цяперашняга расколу ў апазыцыі. Анатоль Лябедзька мае істотныя супярэчнасьці з калегамі па апазыцыі, ён небеспадстаўна лічыць, што ў выпадку вылучэньня адзіным іншага палітыка месца ў супольнай камандзе яму будзе прапанаванае больш чым сьціплае. Дарэчы, пры такіх супярэчнасьцях (і асабовых, і ідэйных) ён таксама мае падставы меркаваць, што калі адзіным стане ён, калегі будуць удзельнічаць у ягонай кампаніі без асаблівага імпэту (ёсьць досьвед удзелу каманды Домаша ў кампаніі Ганчарыка ў 2001 годзе). Старшыня АГП дагэтуль трымае крыўду на тое, што ў 2006 годзе адзіным стаў ня ён, пры гэтым, на ягоны погляд, ня стаў несправядліва. Нарэшце, спадар Лябедзька — ўжо далёка не юнак, ў сваім цяперашнім стане старшыні ўплывовай, але адной са шматлікіх партый ён дасягнуў палітычнай столі.

Ну а статус экс-кандыдата ў прэзыдэнты адкрые перад ім зусім іншыя пэрспэктывы. Да таго ж, чым чорт не жартуе — а калі ў лістападзе 2015 годзе адбудзецца збой наладжанай сыстэмы «элегантных» выбараў, то хто ў выніку збою акажацца наверсе, як не ўдзельнікі працэсу?

Так што зьдзіўляецца трэба не таму, што «адзіных» паводле папярэдняй прыкідцы будзе два і адным зь іх будзе Анатоль Лябедзька, а таму, што іх ня будзе больш.

Асноўны папрок на адрас палітыка палягае ў тым, што ён сваімі амбіцыямі расколвае апазыцыйнае адзінства. Але адзінства дзеля чаго? Калі б у беларускім грамадзтве назіраўся відавочны пад’ём (як у часы перабудовы, як ва Ўкраіне летась, як у арабскім сьвеце ў 2011 годзе), то тады адзінства апазыцыі было б калі не сынонімам рэальнай перамогі, то рэччу, блізкай да таго. Ну а ў цяперашняй сытуацыі? Што дае адзінства? Прынамсі, спадар Лябедзька можа задаваць гэтае пытаньне і сабе, і калегам па апазыцыі і адказ на яго невідавочны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG