Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежная журналістка зь Бярозы: «Мае тэлефоны праслухоўваюць»


Тамара Шчапёткіна

Тамара Шчапёткіна

Журналістку-фрылансэра зь Бярозы (Берасьцейшчына) Тамару Шчапёткіну выклікаюць у міліцыю. Спадарыня мяркуе, што яе хочуць пакараць за працу на замежныя СМІ.

Як апавяла Тамара Шчапёткіна Радыё Свабода, ёй патэлефанаваў намесьнік начальніка аддзелу аховы грамадзкага парадку Бярозаўскага РАУС Мікалай Пракурат. Ён запрасіў яе зьявіцца ў міліцыю, але журналістка запатрабавала, каб ёй даслалі афіцыйную позву.

Днямі Тамара Шчапёткіна казала карэспандэнту Свабоды, што прадчувала, што яе будуць выклікаць.

— Вы кажаце, што ведалі, што вас выклічуць. Чаму вам так падавалася?

— Мае тэлефоны праслухоўваюцца. Калі мне тэлефануе дачка з-за мяжы, то ў мяне высьвечваецца чамусьці беларускі нумар. Таксама калі я званіла сваякам у Расею, то было тое самае: у іх высьвечваўся беларускі нумар, але ня мой... Таму я ведала, што за мной сочаць. Але ў апошні час яшчэ сталі хадзіць за мной па месцах, дзе я брала матэрыялы, да людзей, зь якімі размаўляла. Пыталіся ў іх, што за жанчына прыходзіла, паказвалі чатыры здымкі, сярод якіх я. Выпытвалі ў людзей, як я ім прадстаўлялася і гэтак далей.

— Як вы думаеце, з чым зьвязаны гэты выклік у міліцыю?

— Зараз ідзе зачыстка мэдыйнай прасторы перад прэзыдэнцкімі выбарамі. Таму, відаць, і заняліся мною. Я думаю, што справу давядуць да суду, таму што калі ў 2011 годзе мяне выклікала пракуратура, то далі папярэджаньне за супрацу з замежнымі СМІ. А калі выклікае міліцыя, то складае пратакол і перадае ў суд. Таму нічога добрага чакаць не прыходзіцца, канечне.

— То бок, ня першы раз на вас зьвяртаюць увагу праваахоўныя органы? Як вы ставіцеся да такой пільнай увагі?

Парушаюцца мае канстытуцыйныя правы на збор і распаўсюд інфармацыі. Але я маю на гэта права, і я буду гэта рабіць

— Такім чынам парушаюцца мае канстытуцыйныя правы на збор і распаўсюд інфармацыі. Але я маю на гэта права і, нягледзячы ні на што, я буду гэта рабіць. Таму што толькі ў цемры робяцца ўсе злачынствы. Усё павінна быць навідавоку, усё павінна быць празрыста. Толькі тады можна гарантаваць, што мы калі-небудзь прыйдзем да дэмакратыі. Учора пакаралі штрафам акрэдытаванага карэспандэнта Радыё Свабода за асьвятленьне акцыі ў Сьвіслачы. То калі ўжо акрэдытаванага караюць, то мы, журналісты-фрылансэры, зусім ужо безабаронныя перад гэтай сыстэмай.

— Вам тэлефанаваў намесьнік начальніка аддзелу РАУС. Ён прапаноўваў вам прыйсьці ў міліцыю сёньня?

— Так, ён запрашаў мяне сёньня на 17 гадзін пагутарыць са мной «з прычыны маёй працы на Радыё Рацыя». Але я сказала, што прыйду, калі атрымаю позву. Калі я працавала ў рэгіянальнай «Газэце для вас», пра Мікалая Пракурата пісала яшчэ як пра ўчастковага. Гэта быў прыблізна 2003 год. Я яму нагадала, што тады ён быў ня супраць, што яго здымак і тэкст пра яго быў у незалежнай газэце, і не баяўся гэтага. Кажу яму, што цяпер, маўляў, вы пачынаеце перасьледаваць незалежных журналістаў. На гэта ён змаўчаў і мы сышліся на тым, што я зьяўлюся, калі ён дашле мне позву.

XS
SM
MD
LG