Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве адкрылі помнік Жызьнеўскаму


26 лістапада на вуліцы Грушэўскага ў цэнтры Кіева ўсталявалі помнік беларусу Міхаілу Жызьнеўскаму — актывісту Эўрамайдану, які загінуў у дні рэвалюцыі адным зь першых.

На адкрыцьці прысутнічалі бацькі Міхаіла Ніна Васільеўна і Міхаіл Пятровіч, перадае Comments.ua.

Паводле маці, іх сям’я ў Беларусі цяпер зазнае перасьлед, і таму прысваеньне сыну званьня Героя Ўкраіны было б надзвычай важным для іх. Яна мяркуе, што гэта дапамагло б зьнізіць інтэнсіўнасьць перасьледаў.

Таксама з просьбай прысвоіць Жызьнеўскаму званьне Героя Ўкраіны зьвярнуліся беларускія апазыцыянэры.

Раней прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў указ аб прысваеньні 99 героям Нябеснай сотні званьня Героя Ўкраіны, аднак Жызьнеўскаму быў прысвоены ордэн Героя Нябеснай сотні. Прэзыдэнт удакладніў, што паводле працэдуры званьне Героя Ўкраіны немагчыма прысвоіць тром замежнікам, якія загінулі падчас Рэвалюцыі годнасьці.

Міхаіла Жызьнеўскага застрэлілі 22 студзеня на вуліцы Грушэўскага. 28 студзеня яго пахавалі на могілках у вёсцы Знамя Працы каля Гомелю.

Таксама помнік Міхаілу Жызьнеўскаму зьявіцца на яго магіле, зробіць яго знаны скульптар Алесь Шатэрнік.

XS
SM
MD
LG