Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бачыў сьцяг? Штраф!


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Пабываць у нашым судзе пасьля працяглага перапынку азначае атрымаць сьвежыя незабыўныя ўражаньні. Судзяць за братоў Каліноўскіх.

Зь іхнай радзімы прыбылі два маладыя міліцыянты, маёр і капітан, у абодвух ад зубоў адскокваюць зьвесткі пра герояў антыцарскага паўстаньня. Грамадзкае сьвята, прысьвечанае паўстанцам, у Сьвіслачы дваццаць гадоў праводзіцца. Міліцыянтам было, калі ўсё пачыналася, наколькі запомніў, дзесяць гадоў і восем. Калі яны мясцовыя, то ўсё адбывалася ў іх на вачах, яны гадаваліся і сталелі пад воклічы «Жыве Беларусь!».

Нібы спрактыкаваныя экскурсаводы, міліцыянты па чарзе праводзяць у судзе завочную экскурсію. Прысутныя чуюць, як удзельнікі «сьвяточнага мерапрыемства, прымеркаванага да 151-й гадавіны паўстаньня Каліноўскага» (як сказана ў пратаколе) каля магілы Віктара Каліноўскага на праваслаўных могілках «ушанавалі яго памяць», гэта ўжо словы міліцэйскага афіцэра. Затым людзі кіруюць да помніка брата — Кастуся, пасьля якога наведваюць помнік «Рамуальду Траўгуту — таксама кіраўніку паўстаньня», пасьля чаго сядаюць у машыны, каб трапіць у Якушоўку — «сямейную сядзібу Каліноўскіх». Усё граматна, амаль зь піетэтам. Мне няцяжка ўявіць, што капітан з маёрам, напрыклад, праводзяць экскурсію для сваіх гарадзенскіх або, няхай, нават менскіх калегаў: сваю гісторыю і сваіх герояў ведаць нікому не зашкодзіць!

Але я перамагаю летуценьні: міліцыянты тут выступаюць сьведкамі, якім усё да дробязі вядома пра тое, як браты Каліноўскія з Траўгутам пастаянна прыцягваюць да сябе «несанкцыянаваныя акцыі». Чаму менавіта несанкцыянаваныя? Таму што «заявак у мясцовы выканкам ніхто не падаваў» — вось даведка. І, аказваецца, ушаноўваць памяць герояў — заганна, «правапарушыцельна». Чаму? Глядзі вышэй: даведка, што заяўкі не паступала. І ўсіх парушальнікаў «пратакольна» дзеляць на дзьве катэгорыі. Адны каля помнікаў у Сьвіслачы і «каля помніка крыжу» ў Якушоўцы «расказвалі пра паўстаньне», заканчваючы выступ «воклічам “Жыве Беларусь!”», іншыя «адказвалі на “Жыве!”». У пратаколе ўсё да драбніцы, і сьведкі пераказваюць спрактыкавана. Адны трымалі бел-чырвона-белы сьцяг, іншыя — «фатаграфаваліся на яго фоне», гэта міліцыянты паведамлялі суду некалькі разоў.

І вось гэтае «фатаграфаваўся на фоне сьцяга» спакваля выходзіць на першы плян. Бо іншага парушэньня сфармуляваць нейк не выходзіць. Тыя, каго судзяць, зьвяртаюцца з пытаньнямі да міліцэйскіх сьведак. Калі ня браць здымак на фоне сьцяга, што парушылі рэальна, якімі сваімі дзеяньнямі? Патлумачце, калі ласка. Адзін са сьведак знаходзіць выйсьце: «Вы хадзілі ў групе». А ў пратаколе знаходзіцца яшчэ мацнейшая абвінаваўчая фармулёўка — «у складзе арганізаванай групы ў памятных месцах г. Сьвіслач фатаграфаваліся на фоне сьцяга».

Прычым у пратаколе з дакладнасьцю да сэкунды называецца — хто і дзе трымаў сьцяг, калі выгукаў «Жыве Беларусь!», калі яму адказвалі і калі фатаграфаваліся «каля помніка крыжу». Тут і відэа міліцэйскае ў доказнай базе: адзін з прамоўцаў, нагадваючы пра паўстанцаў, гаворыць, што дзякуючы ім таксама краіна стала нарэшце незалежнай, але неўзабаве забаранілі ўсё беларускае, сымбалі, «забаранілі жыць і думаць па-беларуску». А наступны несуцяшальна паведамляе: «Яны змагаліся за незалежнасьць, а мы цяпер ня можам нармальна ўшанаваць іх памяць».

Склалі пратакол і на майго калегу журналіста. Ён рабіў рэпартаж, быў пасланы рэдакцыяй. Рэпартаж, рэдакцыя? — зьдзіўляюцца міліцыянты. Так, «сьцяг не трымаў і з прамовай не выступаў», пагаджаецца адзін, але «ў тых жа месцах быў», толькі што «проста прысутнічаў». А другі дадае аргумэнтацыі: «Быў разам з усёй групай, слухаў выступы тых, хто выступаў, сьледаваў з усімі».

А раз «усе былі з усімі», раз было «фатаграфаваньне на фоне сьцяга», то суд аштрафаваў усіх, на каго ў Сьвіслачы склалі пратакол. Толькі адным далі павялічаны штраф — 5 мільёнаў 250 тысяч рублёў, а другім на тры мільёны меншы. Прычым апошні, каго судзілі, на фоне сьцяга не фатаграфаваўся, а тым больш «сьцяг не трымаў і воклічаў не выкрыкваў», што пацьвердзіў міліцыянт. Ну хоць бачыў сьцяг? — пацікавілася судзьдзя. Бачыў, сазнаўся апазыцыянэр. Ну што ж, тады штраф.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG