Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністратар «Дому Фішара»: Мова — не нагода эканоміць


 Вадзім Касьпяровіч

Вадзім Касьпяровіч

У антыкавярні «Дом Фішара» з 29 лістапада па 5 сьнежня пройдзе Тыдзень беларускай мовы. Адміністратар Вадзім Касьпяровіч распавёў Свабодзе, якія забавы чакаюць наведнікаў у гэтыя дні і чаму такія акцыі камэрцыйна выгадныя для кавярняў.

«Мы згуляем у беларускую настолку „Паўстанцы“, паўдзельнічаем у паэтычным вечары з Антонам Рудаком і Ўладзем Лянкевічам, паслухаем акустычны выступ Сяргея Башлыкевіча, павучымся гатаваць беларускія стравы падчас кулінарнага майстар-клясу. Завершыць тыдзень кінаноч з праглядам трох фільмаў у беларускім агучваньні. Цягам усяго тыдня ў „Доме Фішара“ будзе дзейнічаць мастацкая выстава гарадзкіх замалёвак і шрыфтавых плякатаў», — падзяліўся плянамі Вадзім Касьпяровіч.

Беларускія імпрэзы ў сфэры адпачынку і грамадзкага харчаваньня спрыяюць павелічэньню колькасьці кліентаў, лічыць адміністратар «Дому Фішара».

Цягам апошняга году адбылося вельмі шмат падзеяў, зьвязаных зь беларускай мовай і модай на вышыванкі.

«Цягам апошняга году адбылося вельмі шмат падзеяў, зьвязаных зь беларускай мовай і модай на вышыванкі. Пра іх пішуць у СМІ, таму ў тым ліку і кавярні хочуць трапіць у гэтае поле. Я лічу гэта станоўчай тэндэнцыяй».

Разам з тым Вадзім Касьпяровіч ня лічыць, што кавярні павінны публічна рабіць зьніжкі за выкарыстаньне беларускай мовы — на яго думку, трэба імкнуцца, каб людзі абіралі беларускую мову ня толькі дзеля таго, каб эканоміць грошы:

Мы хочам пашырыць ужываньне беларускай мовы ў сфэры кавярняў. Гэтая сфэра пакуль не беларусізаваная.

«Мы хочам пашырыць ужываньне беларускай мовы ў сфэры кавярняў. Гэтая сфэра пакуль не беларусізаваная. Узрост нашай асноўнай аўдыторыі — 18–25 гадоў. Гэта якраз тыя людзі, якія адкрытыя да ўсяго новага, шмат хто зь іх імкнецца да беларускага. У „Доме Фішара“ беларускамоўныя наведнікі сустракаюцца нашмат часьцей, чым у большасьці іншых месцаў. А расейскамоўныя, калі чуюць ад мяне беларускія словы, стараюцца таксама перайсьці на мову. Што да зьніжак для беларускамоўных, то тут спрэчная пазыцыя. Я лічу, што кавярня можа рабіць такія зьніжкі, але ня варта гэты маркетынгавы крок рэклямаваць і анансаваць. Няхай людзі проста гавораць у кавярнях па-беларуску, а не за зьніжку».

Асноўная характарыстыка антыкавярняў — пахвілінная аплата за праведзены тут час. У гэты кошт уваходзяць бясплатныя пачастункі, забавы і мерапрыемствы сацыяльнай скіраванасьці.

XS
SM
MD
LG