Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гурт :B:N: сьвяткуе 15-годзьдзе. Сёньня — канцэрт у клюбе Re:public з удзелам Памідорава і Кулінковіча


Гурт :B:N:. Фота Budzma.by
Гурт :B:N:. Фота Budzma.by

Музыкі актыўна рыхтуюцца да юбілейнага канцэрту, прысьвечанага 15-годзьдзю: B: N:. Падчас імпрэзы гурт прэзэнтуе свой новы кліп на песьню «Попел», якая ўвойдзе ў пяты нумарны альбом каманды. Здымкі для адной зь сюжэтных ліній кліпа праходзілі ў закінутым піянэрскім летніку пад Менскам. Здымкі другой часткі відэа, у фармаце «love story» скончыліся толькі ўчора!

На юбілейны канцэрт запрошаныя і госьці — на сцэну разам з: B: N: выйдуць Аляксандар Кулінковіч, Аляксандар Памідораў і Алег Хаменка. Таксама плянуецца, што ў імпрэзе возьме ўдзел былы гітарыст гурта Максім Літвінец і іншыя музыкі.

Што тычыцца новага альбому, чакаецца, што пласьцінка ўбачыць сьвет у 2015 годзе. Цяпер альбом знаходзіцца на стадыі зьвядзеньня ў студыі Зьмітра Іванея, зь якім ужо пасьпелі папрацаваць беларускія гурты Akute, «J: морс», Open Space.

«Мне проста падабаецца тое, што мы робім! — сьціпла апісвае будучую пласьцінку Алесь Лютыч. — Наша музыка стала цікавейшай па аранжыроўках. Вельмі добра, што ўсе музыкі ведаюць сваю справу і адказна ставяцца да гэтага».

Таксама гурт працягвае экспэрымэнтаваць. Адмыслова да канцэрту была падрыхтаваная фартэпіянная праграма. Лідэр :B:N: Алесь Лютыч запісаў праект :B:N: — PIANO са знаёмай піяністкай, Ірынай Мальковай («IrMa»).

Гэты праект таксама будзе прэзэнтаваны 26 лістапада на юбілейным канцэрце ў клюбе Re:public.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG