Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сурвіла зьвярнулася да Парашэнкі ў справе Жызьнеўскага


Івонка Сурвіла
Івонка Сурвіла

Старшыня Рады БНР зьвярнулася да прэзыдэнта Ўкраіны з просьбай надаць загінуламу на Майдане Міхаілу Жызьнеўскаму званьне Героя Ўкраіны.

Свой ліст Івонка Сурвіла пачала з прыгадваньня нядаўняга візыту Пятра Парашэнкі ў Канаду, якалі яна вітала яго перад будынкам парлямэнту: «У сваёй прамове я сказала пра салідарнасьць народаў сьвету з украінцамі, якія змагаюцца за сваю свабоду. Гэтую салідарнасьць беларуская дэмакратычная грамадзкасьць выяўляе зь першых дзён Майдану. Магчыма, Вам вядома, што ў Беларусі ладзяцца акцыі ў падтрымку Ўкраіны, і іх арганізатары і ўдзельнікі расплачваюцца за гэта арыштамі і штрафамі.

Аднак самую вялікую плату заплаціў сваім жыцьцём грамадзянін Беларусі Міхась Жызьнеўскі, які загінуў на Майдане ў ліку Герояў „Нябеснай Сотні“. Гэтым людзям пасьмяротна нададзена Вамі званьне Героя Ўкраіны — аднак у іх ліку няма беларуса Міхася Жызьнеўскага, паколькі цяперашняе заканадаўства не прадугледжвае такую ўзнагароду для замежных грамадзянаў.

Але кроў, якую праліў на Майдане беларус Міхась Жызьнеўскі — таго ж самага колеру, што і кроў грамадзянаў Украіны», — піша Івонка Сурвіла.

Старшыня Рады БНР спасылаецца на інфармацыю, што новаабраная Вярхоўная Рада Ўкраіны мае намер прывесьці заканадаўства ў адпаведнасьць з міжнароднымі стандартамі і дадае: «Наданьне вышэйшых узнагарод грамадзянам іншых краінаў — традыцыйная практыка ў шмат якіх дэмакратычных краінах сьвету. Магчыма, гэта будзе ўлічана дэпутатамі Вярхоўнай Рады».

«Спадар Прэзыдэнт, зьвяртаю Вашую ўвагу, што маці Жызьнеўскага падвяргаецца ціску з боку асобаў, уведзеных у зман расейскай прапагандай. Па яе словах, яе абражаюць аднавяскоўцы за тое, што сын дапамагаў „бандэраўцам“. Днямі ў інтэрвію беларускай службе Радыё Свабода яна наўпрост сказала, цытую: „Для нас, для сям’і, гэта вельмі важна, каб Міша атрымаў званьне Героя Ўкраіны. Таму што тады б у Беларусі ён перастаў быць нацыстам і бандытам“. Прашу Вас, спадар Прэзыдэнт, прыслухацца да гэтых словаў маці маладога чалавека, які аддаў жыцьцё за свабоду вашай краіны» — піша Івонка Сурвіла ў лісьце да Пятра Парашэнкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG