Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вылучэньне Статкевіча — гэта гульня ў маральную палітыку», — Кірыл Пазьняк


Кірыл Пазьняк

Кірыл Пазьняк

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька заявіў, што ягоная партыя гатовая вылучыць кандыдатам на прэзыдэнцкіх выбарах палітвязьня Мікалая Статкевіча. Другім, запасным кандыдатам ад партыі будзе сам Анатоль Лябедзька. Ці азначае гэта, што сярод апазыцыі канчаткова абазначыўся падзел у стратэгіі на прэзыдэнцкіх выбарах? Што ўяўляе ідэя вылучэньня Міколы Статкевіча — маральны альбо палітычны крок? На гэтыя пытаньні адказвае рэдактар інтэрнэт-выданьня «Белмы» Кірыл Пазьняк.

— Ці можна казаць, што ў выніку сёньняшніх заяваў Лябедзькі канчаткова сфармаваліся два розныя падыходы сярод беларускай апазыцыі ў стаўленьні да выбараў? Нагадаю, што 17 лістапада пяць беларускіх апазыцыйных арганізацыяў: БНФ, БХД, БСДП (Грамада), рух «За свабоду» і грамадзянская кампанія «Гавары праўду» — падпісалі дакумэнт аб працэдуры вылучэньня адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў Беларусі на прэзыдэнцкія выбары 2015 году. АГП і партыя «Справядлівы сьвет» той дакумэнт не падпісала.

— Пакуль пра сваю гульню недвухсэнсоўна заявіў толькі спадар Лябедзька. Цяпер усе чакаюць рашэньня Калякіна і ягонага «Справядлівага сьвету». Мне здаецца, калякінцы ў выніку падтрымаюць усё ж кандыдатуру «Народнага рэфэрэндуму» Ўладзімера Някляева, і ён стане, я б сказаў, «адзіным ад большасьці».

Вылучэньне Статкевіча — гэта, як мне здаецца, гульня ў маральную палітыку. І хаця гэты варыянт прапаноўвалі і іншыя палітыкі, акрамя Лябедзькі, — здаецца, ніхто ўсур’ёз гэта не ўспрымае. Гэта больш іміджавы варыянт.

— Некаторыя грамадзкія дзеячы якраз заяўляюць, што вылучэньне Статкевіча было б тым крокам, які ва ўмовах адсутнасьці рэальных выбараў мог бы выратаваць маральны вобраз беларускай апазыцыі.

— Я не разумею, чаму тэма палітвязьняў гучна не пэдаліруецца ў міжвыбарны пэрыяд. Нічога не замінае падымаць гэтую тэму пры рэальным кандыдаце, які знаходзіцца на волі. Так што гэта выключна іміджавы сцэнар.

Па-другое, гэта сцэнар, якія задавальняе многіх, бо гарантуе мізэрныя страты. Ніхто ня сядзе, кампанію можна будзе праводзіць малой крывёй, якая не запатрабуе вялікіх матэрыяльных і людзкіх рэсурсаў.

— Анатоль Лябедзька казаў таксама пра варыянт «дублёра». Калі Статкевіча не зарэгіструюць, то наступным кандыдатам можа быць ён сам. Але чаму кандыдатура Анатоля Лябедзькі не выклікае вялікага захапленьня ў іншых апазыцыйных лідэраў, чаму вакол яго не адбываецца аб’яднаньня, шырокай кааліцыі?

— Ужо ёсьць кааліцыя «Народны рэфэрэндум», якая працуе ўжо два гады, і там паміж сабой існуюць пэўныя абавязкі. Анатоль Лябедзька вылучаецца, і яго падтрымлівае партыя, бо «ён заслужыў», ён «вэтэран змаганьня з рэжымам» і «настае ягоная чарга». Але, выглядае, што ў апазыцыі далёка ня ўсе з гэтым згодныя.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG