Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нарколяг: Хоць 100 разоў паказвай сьмерць ад спайсу — ужываць не перастануць


Сёлета зь перадазіроўкай спайсамі ў беларускія шпіталі трапіла амаль 1100 чалавек, 26 зь іх выратаваць не ўдалося. Летась ад выпадковага атручэньня алькаголем у Беларусі памёр 1851 чалавек, ад прычын, наўпрост зьвязаных з ужываньнем алькаголю, — 1186 чалавек. Гэта афіцыйная статыстыка Міністэрства аховы здароўя. Наколькі сур’ёзная сытуацыя ў краіне са спайсамі, што больш небясьпечна — алькаголь або спайсы?

Толькі за 4 дні, з 17 па 21 лістапада, у Менску ў рэанімацыі апынуліся 20 маладых людзей, двое зь якіх трапілі сюды ўжо другі раз.

Паведамленьні ў СМІ пра спайсы — як зводкі з франтоў: днямі ў Горадні 22-гадовы кіроўца атруціўся псыхатропам і сканаў за рулём.

10 кастрычніка ў адным з інтэрнатаў знайшлі целы двух маладых людзей. Прычына сьмерці — атручэньне курыльнымі сумесямі.

Якое дзеяньне спайсы аказваюць на арганізм, распавядае загадчык сэктару наркалёгіі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру псыхічнага здароўя Ўладзімер Максімчук:

«Самае галоўнае — адбываецца вельмі моцная інтаксыкацыя арганізму: ваніты, сэрцабіцьце, нават да вострага атручэньня і вострага псыхозу. Таму людзі, якія накурыліся спайсу, паводзяць сябе неадэкватна, у іх разьвіваюцца галюцынацыі, прыступы страху, яны могуць некуды бегчы, скакаць, ім падаецца, што ім пагражаюць. Гэта небясьпечны стан, які трэба неадкладна купіраваць».

Статыстыкі, колькі чалавек у краіне ўжывае курыльныя сумесі ці хаця б раз паспытаў, няма. Але лекар-практык, вядучы спэцыяліст РНПЦ псыхічнага здароўя Міхаіл Важэнін мяркуе, што вельмі шмат:

«Я кансультаваў, гутарыў са сваім пацыентам. Пытаюся, колькі ў яго сяброў, знаёмых. Ён адказвае, што чалавек 30–40. Я запытаўся: а колькі зь іх ня курыць? Хлопец адказвае, што ўсе яны пакурваюць — у рознай ступені. Уяўляеце, што далей будзе? Калі гэта прагрэсіруе, разьвіваецца шызафрэнія. Тым больш, гэта моладзь».

Паводле статыстыкі, 40 тысяч чалавек (у тым ліку 16 тысяч непаўналетніх), то бок кожны 54-ты жыхар краіны, стаяць на дыспансэрным уліку як алькаголікі. Яшчэ 90 тысяч пад назіраньнем як тыя, хто злоўжывае алькаголем. А, так бы мовіць, унёсак алькаголю ў агульную сьмяротнасьць складае, паводле розных ацэнак, ад 25 да 37%. Адмыслоўцы адзначаюць, што алькаголь забівае чалавека больш павольна, чым спайс. Нарколяг Уладзімер Максімчук тлумачыць:

«Алькаголь — больш звыклы для чалавека, выклікае проста ап’яненьне ў залежнасьці ад дозы. І толькі калі вельмі шмат чалавек выпівае, наступае глыбокая кома і нават сьмерць. А спайс — можна зрабіць некалькі зацяжак, і наступае вострае ўзбуджэньне, часовы псыхоз, калі чалавек паводзіць сябе неадэкватна і можа загінуць».

Цяпер у Беларусі разгарнулася маштабная кампанія барацьбы са спайсамі. Літаральна штодня затрымліваюць вялікія партыі псыхатропаў, выяўляюць гандляроў і распаўсюднікаў, прытоны наркаманаў. Паняцьця легальных наркотыкаў і курыльных сумесяў у Беларусі практычна не засталося, пералік забароненых рэчываў папаўняецца ледзь не штотыдзень. У Палаце прадстаўнікоў мяркуюць да канца году прыняць у двух чытаньнях новы закон, кажа кіраўнік праекту «Антымак» Аляксандар Шпакоўскі:

Цяпер існуе праект, прапанаваны МУС, які дазволіць забараняць новыя наркотыкі цягам 24 гадзін

«Цяпер існуе праект, прапанаваны МУС: стварэньне антынаркатычнай камісіі ў складзе Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства аховы здароўя і Камітэту судовых экспэртыз. Гэта дазволіць забараняць новыя наркотыкі цягам 24 гадзін, што аўтаматычна пазбавіць гэтую дзейнасьць камэрцыйнай мэтазгоднасьці. Вось архіважна, каб гэты законапраект быў прыняты».

Ледзьве ня штодня СМІ распавядаюць пра выпадкі атручэньня спайсамі, пра калецтвы і сьмерці маладых людзей ад курыльных сумесяў. Чаму гэта не палохае, тлумачыць нарколяг Уладзімер Максімчук:

«Амэрыканскія і брытанскія навукоўцы даказалі, што да гэтых хваробаў — алькагалізму і наркаманіі — ёсьць унутраны несьвядомы супраціў арганізму. Пакуль сам не паспытаеш — нікому ня верыш, хоць сто разоў паказвай сьмерці, жудасныя наступствы спайсу. Вось вайну паказваюць кожны дзень, і што — перастаюць страляць? Пакуль чалавек сам не пераконваецца, на сваёй уласнай бядзе — не даходзіць. Таму на гэта ня трэба спадзявацца — калі мы нешта жудаснае паказалі, і адразу ўсе 100% перастануць ужываць. Можа, працэнтаў 10–20 адмовяцца дзеля страху, але ня ўсе».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG