Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забарона Рассельгаснаглядам свабоднага ўвозу харчаваньня зь Беларусі разбурае эканамічны саюз


Рассельгаснагляд уводзіць кантроль усяго грузавога транспарту на мяжы зь Беларусьсю. Якія ў гэтай сувязі пэрспэктывы мае ўтварэньне Эўразійскага эканамічнага саюзу?

Рассельгаснагляд уводзіць кантроль усяго грузавога транспарту на мяжы зь Беларусьсю. З чым зьвязана такое радыкальнае рашэньне? Ці разбурае яно адзіную эканамічную прастору? Якія ў гэтай сувязі пэрспэктывы мае ўтварэньне Эўразійскага эканамічнага саюзу?

Удзельнікі: эканамічны аглядальнік газэты «Беларусы и рынок» Тацяна Манёнак і эканамічны аглядальнік «Белгазеты» Сяргей Жбанаў.

Аднаўляецца мытная мяжа

Валер Карбалевіч: «Такім чынам, на беларуска-расейскай мяжы зноў зьявіліся мытныя пасты. Мяжа аднаўляецца. З 30 лістапада спыняецца транзыт харчовых тавараў зь Беларусі ў Казахстан і трэція краіны. Увесь грузавы транспарт, які перасякае беларуска-расейскую мяжу, ад сёньня будзе аглядацца на расейскім баку. Як гэта можна пракамэнтаваць?»

Тацьцяна Манёнак

Тацьцяна Манёнак

Тацяна Манёнак: «З 1 студзеня 2015 году павінен пачаць існаваць Эўразійскі эканамічны саюз (ЭАЭС). І вось за лічаныя дні да старту ўзьнікла пагроза будучыні гэтага праекту. Беларусь, Расея і Казахстан стаханаўскімі тэмпамі будавалі гэты саюз. Стварыць эканамічны саюз за пяць гадоў — гэта вельмі хутка. Мытная мяжа між Беларусьсю і Расеяй была ліквідаваная ў 2011 годзе. І вось цяпер яна зноў зьявілася. Крокі назад робяць усе бакі. Таму трэба прызнаць, што ЭАЭС — гэта больш палітычнае аб’яднаньне, эканамічнай сутнасьці ў яго мала».

Карбалевіч: «Можа, уся прычына праблемаў палягае ў эмбарга Расеі на пастаўку эўрапейскага харчаваньня? Можа, празь нейкі час гэтае эмбарга будзе адмененае, і ўсё стане на сваё месца?»

Манёнак: «Расея парушыла правілы існаваньня Мытнага саюзу. Існуе наднацыянальны орган — Эўразійская эканамічная камісія. І рашэньне наконт кантролю грузаў на мяжы можа прыняць толькі гэты орган. А ў аднабаковым парадку такія рашэньні Расея прымаць ня мае права».

Сяргей Жбанаў

Сяргей Жбанаў

Сяргей Жбанаў: «Калі Расея ўвяла эмбарга ў жніўні, то гаварылі нават пра магчымы голад у Расеі. Але прайшоў час, голаду няма. Таму РФ пачынае сачыць за якасьцю, асартымэнтам і крыніцамі харчаваньня, якое ўвозіцца на расейскую тэрыторыю празь Беларусь. Да таго ж Масква абараняе свайго вытворцу. Невядома, ці будзе ўхваленае гэтае расейскае рашэньне Эўразійскай эканамічнай камісіяй».

Ці Беларусь выконвае правілы ЭАЭС?

Карбалевіч: «Мінулым тыднем падчас справаздачы ўраду Лукашэнка загадаў, што ў дзеяньнях па абароне беларускіх вытворцаў ня трэба зьвяртаць увагі на дамоўленасьці ў межах Эўразійскага эканамічнага саюзу. Бо, маўляў, Расея таксама не выконвае сваіх абавязаньняў, і спаслаўся на выпадак з продажам у Расеі аўтамабіляў беларуска-кітайскай вытворчасьці. Выходзіць, і Беларусь парушае правілы эканамічнага саюзу?»

Манёнак: «Нагадаю, што базавыя прынцыпы гэтага аб’яднаньня — свабодны рух паміж краінамі-чальцамі саюзу тавараў, паслугаў, капіталаў, рабочай сілы. І, уводзячы праверкі, РФ парушае гэтыя прынцыпы. Бакі так сьпяшаліся заявіць пра стварэньне ЭАЭС, што дапусьцілі шмат выняткаў з правілаў свабоднага перамяшчэньня тавараў — напрыклад, тытунь, лекі ды інш. Беларусь стварыла інстытут спэцімпартэраў, што апрыёры азначае адсутнасьць свабоднага руху тавараў у межах трох дзяржаў.

Эканоміка Беларусі не падрыхтаваная да канкурэнцыі ў межах саюзу

Эканоміка Беларусі не падрыхтаваная да канкурэнцыі ў межах саюзу. Таму наш урад шукае любыя магчымасьці дзеля абароны свайго вытворцы. Справа яшчэ ў тым, што санкцыяў за парушэньне правілаў у ЭАЭС няма.

Жбанаў: «Была заява Лукашэнкі. Але ніякіх крокаў па рэалізацыі гэтай заявы ўрад пакуль ня робіць. Больш за тое, у зьвязку з тым, што дэвальвацыя расейскага рубля значна перавышае дэвальвацыю беларускага рубля, сытуацыя для беларускіх тавараў на расейскім рынку пагаршаецца. Дрэнна тое, што ў межах ЭАЭС мы не праводзім скаардынаваную валютную палітыку. І гэта дрэнна адбіваецца на нашым экспарце».

Якія ў гэтай сувязі пэрспэктывы стварэньня Эўразійскага эканамічнага саюзу?

Карбалевіч: «Калі падпісвалі, ратыфікавалі пагадненьне аб утварэньні ЭАЭС, то шмат разважалі пра наступствы ўдзелу Беларусі ў гэтым саюзе, пэрспэктывы і г. д. Афіцыйныя асобы кажуць пра інтэграцыю ЭАЭС з ЭЗ („інтэграцыя інтэграцыяў“). Але высьвятляецца, што рэальнае існаваньне гэтага саюзу адбываецца не паводле зафіксаваных у дакумэнтах правілаў, а паводле „паняцьцяў“. Як і раней. Нічога новага. Кожны бок выконвае толькі тыя правілы, якія яму выгадныя. Няма ня толькі эканамічнага саюзу, але няма і адзінай эканамічнай прасторы, і нават Мытнага саюзу. Бо пры мытным саюзе мытную мяжу ня ўводзяць».

Манёнак: «Усё так. Але былі спадзяваньні, што ўступленьне Расеі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю прымусіць яе працаваць паводле міжнародных правілаў. А цяпер для Масквы прыярытэт — палітыка. Не адбылося кумулятыўнага эфэкту для эканомік трох дзяржаў, якія стварылі саюз. За паўгодзьдзе таваразварот у межах „тройкі“ зьменшыўся на 12%. Такая рэакцыя на вонкавыя выклікі сьведчыць, што ўся гэтая канструкцыя нетрывалая».

Мы страчваем расейскі рынак не з-за мытных пастоў на мяжы, а з-за дэвальвацыі расейскага рубля

Жбанаў: «Гэта клюб па інтарэсах. Беларусь ставіла задачу, далучаючыся да гэтага саюзу, атрымліваць энэргарэсурсы з РФ па льготных цэнах і мець адкрытым расейскі рынак.

Мы страчваем расейскі рынак не з-за тых мытных пастоў на мяжы, а з-за дэвальвацыі расейскага рубля. Былі перабольшаныя спадзяваньні зарабіць на расейскім эмбарга на пастаўкі харчаваньня з ЭЗ. Афіцыйная статыстыка сьведчыць, што Міністэрства сельскай гаспадаркі зьменшыла экспарт у Расею на 5% за дзевяць месяцаў, харчовая індустрыя зьменшыла экспарт на 1,4%. Калі лічыць у далярах, то экспарт нашага харчаваньня ў Расею зьменшыўся на 10%.

Раней Фэдэральная мытная служба РФ ацэньвала шэрыя пастаўкі зь Беларусі прадукцыі расьлінаводзтва памерам у 50% ад афіцыйных лічбаў. Цяпер Расея мяркуе, што аб’ём шэрых паставак павялічыўся».

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG