Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз: Расея парушыла сувэрэнітэт Грузіі дамовай з Абхазіяй


Лідэры Абхазіі і Расеі Раўль Хаджымба і Ўладзімер Пуцін падчас сустрэчы ў Сочы 24 лістапада.

Лідэры Абхазіі і Расеі Раўль Хаджымба і Ўладзімер Пуцін падчас сустрэчы ў Сочы 24 лістапада.

Заходнія краіны і арганізацыі рэзка скрытыкавалі дамову паміж Расеяй і Абхазіяй, сэпаратысцкім рэгіёнам Грузіі, падпісаную 24 лістапада ў Сочы.

Паводле дамовы «Аб саюзьніцтве і стратэгічным партнэрстве», расейскія і абхаскія ўзброеныя сілы ў гэтым рэгіёне будуць аб’яднаныя пад расейскім камандаваньнем.

У Грузіі гэтую дамову ўспрынялі як спробу Масквы анэксаваць Абхазію. Міністар замежных спраў Грузіі Тамара Беручашвілі заявіла на спэцыяльным брыфінгу, што афіцыйны Тбілісі патрабуе скліканьня пасяджэньня Рады бясьпекі ААН. Грузінскія ўлады таксама настойваюць на тэрміновым разглядзе гэтага пытаньня ў АБСЭ і НАТО.

Дзярждэпартамэнт ЗША выступіў з заявай аб непрызнаньні гэтай дамовы. Генэральны сакратар НАТО Енс Столтэнбэрг заявіў, што гэтая дамова не дапаможа мірнаму вырашэньню сытуацыі ў Грузіі. Кіраўніца зьнешняй палітыкі Эўразьвязу Фэдэрыка Магерыні заявіла, што дакумэнт парушае сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Грузіі.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін пасьля падпісаньня дамовы абяцаў, што Масква падвоіць сваю дапамогу Абхазіі — да 200 мільёнаў даляраў ў 2015 годзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG